Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каранавірус: у сьвеце 1,6 млн выпадкаў, 96 тысяч памерлых. Мэркель пабачыла «пробліск надзеі»


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

На раніцу 10 красавіка ў сьвеце зафіксавалі звыш 1,6 мільёна выпадкаў COVID-19: 469 тысяч у ЗША, 153 тысячы ў Гішпаніі, 143 тысячы ў Італіі, па 118 тысяч у Нямеччыне і Францыі, каля 83 тысяч у Кітаі, больш за 66 тысяч у Іране, 65 тысяч у Вялікай Брытаніі, больш за 42 тысячы ў Турэччыне.

Ад хваробаў, якія выклікаў новы каранавірус, у сьвеце памерлі 95 739 чалавек. Зь іх 18 279 у Італіі, 16 697 у ЗША, 15 447 у Гішпаніі, 12 210 у Францыі, 7 978 у Вялікай Брытаніі, 4 110 у Іране, 3 340 у Кітаі.

Выпісалі 357 тысяч пацыентаў, якія паправіліся ад COVID-19. «Актыўных выпадкаў» хваробы застаецца больш за 1,152 млн, зь іх 49 тысяч у цяжкім стане.

У Беларусі, паводле афіцыйных зьвестак на 9 красавіка, пацьверджана 1486 выпадкаў COVID-19, памерлі 16 чалавек, выпісаныя здаровымі 139 пацыентаў. Лекары ананімна заяўляюць, што ня ўсім хворым ставяць адпаведны дыягназ.

Злучаныя Штаты застаюцца на першым месцы ў агульнай колькасьці выяўленых выпадкаў каранавірусу — рост не спыняецца, але штодзённая колькасьць новых выпадкаў стабілізавалася на ўзроўні 31–34 тысяч. Штодзень у ЗША фіксуюць звыш 1900 сьмерцяў інфікаваных, але гэты паказьнік перастаў расьці паскоранымі тэмпамі. Ды нават пры гэтым ЗША могуць выйсьці на першае месца ў сьмерцях ад COVID-19 да канца тыдня.

Фэдэральная рэзэрвовая сыстэма ЗША абвесьціла пра запуск праграмы пазык на суму 2,3 трыльёна даляраў для амэрыканскіх прадпрыемстваў, мясцовых органаў улады і хатніх гаспадарак, якія пацярпелі ад каранавірусу ў краіне.

У Італіі і Гішпаніі паступова спадае і колькасьць новых выпадкаў на дзень, і колькасьць штодзённых сьмерцяў — за 9 красавіка там памерлі адпаведна 610 і 655 інфікаваных. І там, і там колькасьць «актыўных выпадкаў» працягвае расьці, але ўжо не такімі хуткімі тэмпамі, як раней.

У Нямеччыне за мінулы дзень выявілі каля 5 тысяч новых выпадкаў і 258 сьмерцяў, але колькасьць «актыўных выпадкаў» зьмяншаецца ад 6 красавіка. Канцлерка Ангела Мэркель заявіла, што бачыць «пробліск надзеі»: пакуль удаецца не дапусьціць перагрузкі сыстэмы аховы здароўя і згладзіць крывую росту.

У Вялікай Брытаніі пакуль не назіраецца стабільнага запавольваньня распаўсюду каранавірусу, а колькасьць штодзённых сьмерцяў паступова расьце. Прэм’ер Борыс Джонсан быў пераведзены з палаты інтэнсіўнай тэрапіі ў звычайную, знаходзіцца «на раньняй стадыі ачуньваньня».

Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG