Мы сабралі для вас навіны зь Беларусі і сьвету, датычныя каранавірусу, за 9 красавіка.
- На вечар 8 красавіка ў сьвеце зафіксавалі больш за 1,577 мільёна выпадкаў COVID-19, памерлі 93 637 чалавек.
- У Беларусі агулам ужо амаль 1500 хворых на каранавірус, 16 сьмяротных выпадкаў. Мінздароўя Беларусі прызнала за дзень 420 новых выпадкаў захворваньня, памерлі яшчэ 3 чалавекі
- Паводле разьлікаў Міністэрства аховы здароўя, на пік захворваньня на каранавірус Беларусь выйдзе ў канцы красавіка ці ў пачатку траўня
- На БелАЭС шпіталізавалі 100 чалавек — кантактавалі з інфікаванымі каранавірусам расейцамі
- Лікёра-гарэлачныя заводы Беларусі пачалі вырабляць антысэптыкі для барацьбы з каранавірусам
- Прадстаўнік Сусьветнай арганізацыі здароўя ў Беларусі заявіў, што ў краіне важна прыняць больш жорсткія меры сацыяльнага дыстанцыяваньня: перавод на дыстанцыйнае навучаньне, забарона масавых мерапрыемстваў, аж да ўвядзеньня карантыну,
- Міністар аховы здароўя Беларусі Ўладзімер Каранік расказаў, што ў Беларусі абралі «стратэгію зьмякчэньня наступстваў» каранавірусу замест «стратэгіі стрымліваньня»
- Кіраўніцтва каталіцкай царквы ў Беларусі заклікала вернікаў адсьвяткаваць Вялікдзень дома. Беларуская праваслаўная царква Маскоўскага патрыярхату абмежавалася правіламі прафіляктыкі каранавірусу
- Эўразьвяз выдзеліць агулам больш за 20 мільярдаў эўраў на дапамогу краінам-партнэрам у барацьбе з пандэміяй каранавірусу SARS-CoV-2.
- Польскія межы застануцца закрытымі да 3 траўня, урад падоўжыць тэрмін закрыцьця школ і прадпрыемстваў
- Выпускнікоў расейскіх школ вызвалілі ад вясновага прызыву ў войска
- У канцы красавіка Італія можа пачаць паступова здымаць некаторыя абмежаваньні, уведзеныя для спыненьня эпідэміі COVID-19. Агульная колькасьць заражаных каранавірусам людзей у Італіі — амаль 140 тысяч; колькасьць сьмерцяў ад пандэміі — амаль 18 тысяч.