Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка і каранавірус: слабы лідэр ва ўмовах вострага крызісу


Аляксандар Лукашэнка падчас аматарскай хакейнай гульні ў Менску, 28 сакавіка
Аляксандар Лукашэнка падчас аматарскай хакейнай гульні ў Менску, 28 сакавіка

Апошнім часам Аляксандар Лукашэнка з усіх магчымых варыянтаў прыняцьця рашэньняў выбірае чамусьці вельмі сумнеўныя, калі не сказаць — найгоршыя.

Сьцісла:

  • Ва ўмовах пандэміі кіраўнік Беларусі робіць вельмі дзіўныя, малазразумелыя крокі.
  • Замест празрыстасьці і адкрытасьці ўлады па меры росту захворваньняў пачынаюць яшчэ больш хаваць інфармацыю.
  • Мы маем клясычную сытуацыю, шырока апісаную ва ўсясьветнай палітычнай літаратуры: так паводзяць сябе слабыя лідэры ва ўмовах вострага крызісу. Гістарычных прыкладаў многа.
  • 26 гадоў неабмежаванай улады пры адсутнасьці мэханізмаў зваротнай сувязі з грамадзтвам вядуць да таго, што лідэр перастае адчуваць свой народ, рэальнасьць, пачынае жыць у сваім, уяўным сьвеце.

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

Нафтавы крызіс

Калі ўважліва аналізаваць паводзіны, дзеяньні, заявы Аляксандра Лукашэнкі апошнім часам, то мы можам убачыць выразны трэнд, які адразу кідаецца ў вочы, заканамернасьць, якую немагчыма не заўважыць. З усіх магчымых варыянтаў рашэньняў кіраўнік дзяржавы выбірае найгоршы. Давайце па пунктах.

1. Усё пачалося яшчэ з нафтавага крызісу. Як вядома, у 2020 годзе кошт расейскай нафты для Беларусі на $75–80 ніжэйшы, чым для іншых пакупнікоў. Нават з прэміяй, якую патрабавалі кампаніі РФ, купляць яе было б значна выгадней. Аднак Лукашэнка заўпарціўся, запатрабаваў шукаць розныя іншыя, часам экзатычныя варыянты паставак сыравіны. Напрыклад, паводле экспэртных ацэнак, кошт тоны нарвэскай нафты аказаўся больш як на 100 даляраў вышэйшы, чым расейскай. Тым самым кіраўнік Беларусі штучна стварыў нафтавы крызіс, які моцна ўдарыў па беларускай эканоміцы.

Лукашэнка і каранавірус

2. А калі пачалася ўсясьветная пандэмія каранавірусу, сумнеўныя рашэньні і заявы Лукашэнкі пайшлі чарадою. У самы разгар крызісу, калі кожны дзень памірала ад вірусу па тысячы чалавек, ён назваў прызнаную Ўсясьветнай арганізацыяй здароўя пандэмію «псыхозам», «псыхапатыяй», «глупствам абсалютным і несусьветным», а сьвет, які бароніцца ад хваробы, на ягоную думку, зьехаў з глузду. Маўляў, дастаткова піць гарэлку, хадзіць у саўну і працаваць на трактары. Калі гэта і жарт, то грамадзтва яго не зразумела.

3. Усе краіны Эўропы, ЗША, шмат якія азіяцкія дзяржавы пазачынялі межы, абвясьцілі карантын. Лукашэнка катэгарычна адрынуў гэтыя захады. Рэагуючы на тыднёвыя вакацыі ў Расеі, ён заклікаў расейцаў прыяжджаць у Беларусь. Улады рыхтуюцца да параду. Беларусь і Нікарагуа — адзіныя краіны ў сьвеце, якія не спынілі нацыянальныя чэмпіянаты па футболе. Якраз у разгар пандэміі праводзіцца хакейны турнір на прызы Прэзыдэнцкага спартыўнага клюбу з удзелам каманды прэзыдэнта Беларусі — пры запоўненых трыбунах.

4. Кіраўнікі, урады ўсіх краін заклікаюць насельніцтва бараніцца, прымаць меры бясьпекі. Дзяржаўныя лідэры зьяўляюцца на публіцы ў масках, каб паказаць народу прыклад, давесьці да людзей, што ўсё сур’ёзна, небясьпека вялікая.

А паводзіны Лукашэнкі дыямэтральна супрацьлеглыя. Ён заклікаў беларусаў: «Ня бегайце па аптэках і не скупляйце маскі, спэцвопратку ці нейкія лекі». «Я жыву тым жа жыцьцём, што і жыў. І ўчора была трэніроўка з хакеістамі. Сустракаемся, рукі паціскаем, абдымаемся», — цытуе кіраўніка дзяржавы тэлеграм-канал «Пул першага». Размаўляючы з журналісткай, Лукашэнка заяўляе: «Тут няма вірусаў ніякіх. Вось ты ж не заўважыла, што яны лётаюць? І я таксама ня бачу!». Інакш кажучы, ніякай небясьпекі няма, бярыце прыклад зь мяне.

Абмяркоўваюцца другасныя праблемы

5. Усясьветная эканоміка напярэдадні глыбокага крызісу. Беларускія эканамісты разважаюць пра «ідэальны шторм», які пагражае краіне. Гэта на дадатак да нафтавага крызісу, які абваліў на пачатку году ўсе паказьнікі. Курс беларускага рубля адносна даляра і эўра валіцца на вачах. Трэба рабіць нейкія неадкладныя захады, каб згладзіць, папярэдзіць, нэўтралізаваць нэгатыўныя наступствы.

Што робіць Лукашэнка? 17 сакавіка ён правёў вялікую нараду аб выніках сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця краіны за 2019 год. То бок — абмяркоўвалі леташні сьнег.

6. 30 сакавіка Міністэрства аховы здароўя выдае інфармацыю, паводле якой у краіне адбыўся рэзкі скачок росту захворваньняў на каранавірус. Здавалася б, трэба тэрмінова нешта рабіць, неяк рэагаваць. Але ў гэты дзень Лукашэнка правёў нараду па пытаньні пагрозы з боку NATO ў сувязі з вучэньнямі Defender Europe 20. Тым часам з прычыны пандэміі каранавірусу маштаб вучэньняў быў радыкальна зьменшаны. Прычым настолькі радыкальна, што шмат якія эўрапейскія мэдыя паведамілі пра адмену вучэньняў.

Рэакцыя на выбух захворваньняў у Віцебску

7. І Ўсясьветная арганізацыя здароўя, і Міністэрства аховы здароўя Беларусі заклікаюць насельніцтва, асабліва людзей сталага веку, ізалявацца, пераседзець дома гэты драматычны час. Лукашэнка 30 сакавіка, падчас сустрэчы з Качанавай, катэгарычна выступіў супраць гэтага. Ён заявіў, што нас заўсёды вучылі ў час вірусных інфэкцый дыхаць сьвежым паветрам, а не заганяць людзей дамоў. «А мы што зрабілі? Загналі людзей у гэтыя памяшканьні. Мы дакладна ведаем, што яны ня хворыя», — кажа ён.

8. У Беларусі зафіксаваная першая сьмерць ад каранавірусу. У Віцебску памёр актор тэатру імя Якуба Коласа Віктар Дашкевіч. Лукашэнка пра яго ўзгадаў падчас сустрэчы з Качанавай. Чаго можна было чакаць ад кіраўніка дзяржавы? Мусіць, найперш, паводле хрысьціянскай і чалавечай маралі, таго, што выкажа жаль, спачуваньне сям’і, калегам па тэатры. Усё ж гэта заслужаны артыст Беларусі. Але рэакцыя кіраўніка дзяржавы была іншая. Ён стаў папракаць памерлага: «Ну мы ж прасілі — яму заўтра 80 гадоў будзе... чаго ты ходзіш па гэтай вуліцы, а тым больш працуеш?» Як кажуць у такіх выпадках, no comment.

9. Ва ўсім сьвеце цяпер дактары, мэдычныя работнікі ў асаблівай пашане. Яны вядуць адчайную барацьбу за жыцьці людзей. Шмат у якіх краінах людзі ў пэўны час выходзяць на бальконы і аплядзіруюць мэдыкам.

У гэтым сэнсе беларускія дактары — не выключэньне. Асабліва ў Віцебску, дзе мэдыкі зьнясіленыя ад вялікага наплыву хворых з пнэўманіяй. У інтэрвію незалежным мэдыя мэдычныя работнікі скардзяцца на недахоп масак і іншых сродкаў абароны. У Віцебску больш як дзясятак дактароў самі заразіліся каранавірусам. У такі крытычны момант ім вельмі патрэбная хоць бы маральная падтрымка.

А Лукашэнка не знайшоў нічога лепшага, як абвінаваціць дактароў: «Вось у Віцебску, ведаю, дактары першага ўзроўню — тыя, хто ад кагосьці заразіўся. Там больш за дзясятак. Яны, вядома, не праблемныя. Але ж мы адцягваемся на іх лячэньне. Гэтыя дактары павінны лячыць пацыентаў, а мы іх лечым. Яны, дзякуй Богу, дужыя людзі. Але гэта нядобра, калі доктар грэбуе элемэнтарнымі мерамі».

Маштаб захворваньняў стаў таямніцай

10. У зьвязку з ростам колькасьці заражаных каранавірусам, першай сьмерцю ў грамадзтве растуць чуткі. Шмат хто лічыць, што ўлады хаваюць сапраўдную карціну, маштаб захворваньняў.

Што павінна была б рабіць улада ў такой сытуацыі? Адказ усім вядомы. Галоўная зброя супраць чутак — гэта даваць рэальную інфармацыю, гэта адкрытасьць і празрыстасьць. Як кажа прафэсар Андрэй Вардамацкі, «абʼём панікі адваротна прапарцыйны абʼёму інфармацыі». Нават старшыня камісіі па правах чалавека, міжнацыянальных адносінах і СМІ Палаты прадстаўнікоў Генадзь Давыдзька выказаўся, што не разумее паводзін дзяржаўных органаў і афіцыйных мэдыя.

Аднак улады пачалі паводзіць сябе з дакладнасьцю да наадварот. Абʼём інфармацыі стаў адваротна прапарцыйны маштабу захворваньняў. Выконваючы палітычную ўстаноўку зьверху, Мінздароўя фактычна перастала публікаваць зьвесткі пра колькасьць хворых на каранавірус. Кіраўнікі мэдычных установаў і дактары пераведзеныя на рэжым сакрэтнасьці, яны запужаныя так, што баяцца даваць любую інфармацыю.

Псаваньне рэпутацыі

Такім чынам, мы маем клясычную сытуацыю, шматкроць апісаную ва ўсясьветнай палітычнай літаратуры, — сытуацыю паводзінаў слабога лідэра ва ўмовах вострага крызісу. Гістарычных прыкладаў многа. Можна ўзгадаць дзеяньні расейскага імпэратара Мікалая ІІ напярэдадні Лютаўскай рэвалюцыі 1917 году. Або сьвяжэйшы кейс: паводзіны прэзыдэнта Ўкраіны Віктара Януковіча ў канцы 2013 — пачатку 2014 гг. Абодва гэтыя кіраўнікі дзяржаў таксама з усіх магчымых варыянтаў рашэньняў выбіралі найгоршы.

Думаю, у беларускім выпадку тут праблема больш сыстэмная, менш зьвязаная з асобай. 26 гадоў неабмежаванай улады пры адсутнасьці мэханізмаў зваротнай сувязі з грамадзтвам вядуць да таго, што лідэр перастае адчуваць свой народ, рэальнасьць, пачынае жыць у сваім, уяўным сьвеце. Гэта агульная заканамернасьць, якая амаль ня мае выключэньняў. Мяркую, што гэтая пандэмія вельмі моцна папсуе рэпутацыю Аляксандра Лукашэнкі.

Узьнікае натуральнае пытаньне: чаму тады ў нашым выпадку такія паводзіны слабога лідэра застаюцца беспакаранымі? Гэта асобная тэма, больш зьвязаная са станам беларускага грамадзтва.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG