Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнку «праінфармавалі спэцыялісты», што ад COVID-19 ратуе лазьня. Чаму гэта ня так, тлумачыць мэдык


Аляксандар Лукашэнка, архіўнае фота
Аляксандар Лукашэнка, архіўнае фота

Аляксандар Лукашэнка сабраў 19 сакавіка нараду, прысьвечаную эпідэмічнай сытуацыі. На ёй ён паўтарыў ранейшыя «парады», як змагацца з COVID-19 — каранавірус нібыта можна «труціць» гарэлкай і лазьняй.

«Я некалі абмовіўся аб тым, што людзям трэба, каб змагацца з рознымі вірусамі, у тым ліку і з гэтым, часьцей хадзіць у сухую лазьню, — заявіў Аляксандар Лукашэнка. — Паколькі COVID-19 ня любіць высокіх тэмпэратураў і пры плюс шасьцідзесяці, як мяне праінфармавалі спэцыялісты, гіне».​

Чаму лазьня не ратуе ад каранавірусу. Тлумачыць лекар

Зьміцер Салошкін
Зьміцер Салошкін

Доктар-рэаніматоляг Зьміцер Салошкін, які нядаўна падрабязна расказваў, як засьцерагчыся ад каранавірусу, растлумачыў Свабодзе, чаму нават самая гарачая саўна ня лекуе ад COVID-19:

«Калі вы седзіце ў саўне, а чалавек перад вамі кашлянуў кудысьці на паліцу, тады так, калі там сухое паветра тэмпэратуры 100 градусаў, вірус загіне досыць хутка, — кажа ён. — Але тэмпэратура цела чалавека ўсярэдзіне — гэта адна з самых жорсткіх канстантаў. І нават калі самая моцная хвароба, гэта 40 градусаў.

Нават калі вы седзіце ў саўне, тэмпэратура цела застаецца стабільнай. Так што носьбіт гэтага вірусу, і пасядзеўшы ў саўне, выйдзе і зноў будзе кашляць і распаўсюджваць вірус.

Саўна за кошт тэмпэратуры можа хіба што „аўтаматычна“ праводзіць дэзынфэкцыю, але ў целе чалавека нельга дасягнуць такой тэмпэратуры».

Лекар дадае: і іншыя «народныя сродкі», як часнык і цыбуля, ня лічацца дзейнымі, а сапраўдныя рэкамэндацыі супраць COVID-19 даступныя і даволі простыя.

Што кажуць у Сусьветнай арганізацыі здароўя

Насамрэч у Сусьветнай арганізацыі здароўя няма дасьледаваньняў, якія б паказвалі, што вірус SARS-CoV-2 гіне пры тэмпэратуры 60 градусаў. Вядома толькі, што падобны (але не цяперашні) вірус SARS хутчэй (але не адразу і ня цалкам) гіне пры тэмпэратурах звыш 56°С (аднак ня ў целе чалавека, вакол якога такая тэмпэратура паветра, а пры непасрэдным нагрэве саміх вірусных часьцінак).

Таксама Лукашэнка 19 сакавіка параіў мыць рукі гарэлкай і «ўнутр 100 грамаў». Але гарэлка недастаткова эфэктыўная для ачышчэньня рук і зусім неэфэктыўная супраць вірусаў у арганізьме. Рукі рэкамэндуюць мыць сродкамі дэзынфэкцыі, якія ўтрымліваюць ня менш за 60% сьпірту, або проста мылам.

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG