Ад пачатку пандэміі каранавірусу, які выклікае хваробу COVID-19, розныя дзяржавы вядуць статыстыку заражэньня. Паводле дадзеных інстытуту Джонса Гопкінса ў ЗША, ва ўсім сьвеце пацьвердзілі больш за 1,2 млн дыягназаў.
Але эпідэміёлягі лічаць, што гэтыя лічбы могуць не адлюстроўваць рэальнасьці, у першую чаргу праз досыць нізкі ўзровень тэставаньня. Яшчэ адна прычына – некаторыя ўрады наўмысна скажаюць статыстыку і недаацэньваюць сур'ёзнасьць праблемы ў сваіх краінах. Тлумачыць Тоні Веселаўскі.
Насамрэч лічбы вышэйшыя?
Экспэрты сьцьвярджаюць, што цяжка вызначыць рэальны маштаб пандэміі, бо праводзіцца замала тэстаў. Праблема яшчэ і ў тым, што некаторыя носьбіты вірусу не праяўляюць ніякіх сымптомаў і не зьвяртаюцца да мэдыкаў.
Некаторыя ж краіны ня хочуць прызнаваць маштаб захворваньня. Некалькі дзён таму амэрыканскія СМІ паведамілі пра засакрэчаны даклад спэцслужбаў, дзе сьцьвярджаецца, што ўлады Кітаю ўтойвалі рэальную колькасьць тых, хто заразіўся каранавірусам.
Заходнія экспэрты таксама падазраюць, што ўлады Ірану могуць прымяншаць афіцыйныя лічбы. Пытаньні выклікаюць і адносна нізкія паказчыкі па захварэлых у Расеі.
Праблемы з масавым тэставаньнем
Чым больш людзей тэстуюць унутры краіны, тым больш у яе шанцаў абмежаваць распаўсюд каранавірусу, кажуць экспэрты Сусьветнай арганізацыі здароўя.
Так дадзеныя, напрыклад, ЗША паказваюць, што колькасьць пацьверджаных выпадкаў захворваньня на каранавірусную інфэкцыю рэзка ўзрасла па меры таго, як улады ўкаранілі сыстэму масавага тэставаньня. Ці азначае гэта, што інфэкцыя імкліва распаўсюджваецца? Не зусім, кажуць экспэрты. Паводле эпідэміёлягаў, толькі тэставаньне найбольшай колькасьці людзей можа даць уяўленьне аб маштабах хваробы.
У Індыі, дзе пражывае амаль 1,4 мільярда чалавек, улады адмовіліся ствараць сыстэму масавага тэставаньня. Яшчэ ў сярэдзіне сакавіка найвышэйшае кіраўніцтва краіны заявіла, што ня будзе выконваць патрабаваньняў САЗ, бо каранавірусная інфэкцыя нібыта амаль не зачапіла Індыю. Тады кіраўнік Рады па мэдычных дасьледаваньнях Баларам Бхаргхва заявіў, што масавае тэставаньне толькі ўзмоцніць «страх сярод насельніцтва, прывядзе да падвышанай параноі і хайпу». Паводле афіцыйных дадзеных, цяпер у Індыі зарэгістравана толькі 3,5 тысячы інфікаваных і менш за 100 сьмерцяў.
Але нават калі ўлады маюць сродкі і гатовыя тэставаць вялікую колькасьць людзей, не заўсёды зразумела, каму трэба рабіць тэсты – далёка не ва ўсіх захворваньне выяўляецца ў аднолькавай форме.
Галоўная санітарная доктарка Чэхіі Ярміла Ражава распавядала, што, паводле чэскіх дасьледаваньняў, каля 40% інфікаваных новым каранавірусам наагул не праяўляюць сымптомаў.
Іх у навуковай супольнасьці называюць утоенымі пераносчыкамі. Менавіта яны, лічаць лекары, маглі паспрыяць настолькі шырокаму распаўсюду захворваньня.
Як кажа дасьледчык інфэкцыйных захворваньняў Калюмбійскага унівэрсытэту ў ЗША і суаўтар дасьледаваньня пра распаўсюд каранавірусу, апублікаванага ў часопісе Science, Джэфры Шэман, менавіта носьбіты вірусу, якія не праяўляюць сымптомаў захворваньня, зьяўляюцца асноўнымі распаўсюднікамі, бо іх немагчыма вылічыць.
Расея – ці давяраць тэстам?
Паводле афіцыйных дадзеных, у Расеі за ўвесь час пандэміі зарэгістравалі крыху больш за 5,3 тысяч выпадкаў заражэньня і 45 сьмерцяў. Першапачаткова афіцыйныя расейскія дадзеныя не ўключалі ў статыстыку памерлых ад каранавірусу людзей, якія паміралі ад спадарожных захворванняў або дысфункцый арганізма, але з пацьверджаным каранавірусам у арганізьме.
Раніцай 5 красавіка «Роспотребнадзор» паведаміў, што правёў амаль 700 тысяч тэстаў на наяўнасьць каранавіруснай інфэкцыі.
Расейскае навуковае выданьне PCR News тлумачыць адносна невялікую колькасьць пастаўленых дыягназаў COVID-19 нізкай адчувальнасьцю расейскіх тэставых сыстэм. Цяпер расейскія мэдыкі выкарыстоўваюць адзіную тэст-сыстэму, якую распрацоўваў дзяржаўны навуковы цэнтар «Вектор».
Праблема заключаецца ў тым, мяркуе выданьне, што падчас распрацоўкі тэстаў у расейскіх навукоўцаў магло ня быць клінічных узораў ад пацыентаў і штаму інфэкцыі для яе вызначэньня. Таму цяпер гэтыя тэст-сыстэмы не заўсёды могуць выявіць захворваньне на раньніх стадыях ці нізкую канцэнтрацыю вірусу ў арганізьме, а такім чынам могуць даваць памылковы адмоўны вынік.
У выданьні таксама паведамляюць, што гэтыя тэст-сыстэмы часам могуць і памылкова пацьвярджаць наяўнасьць вірусу. Расейскі апэратыўны штаб па барацьбе з каранавірусам 23 сакавіка заявіў, што неўзабаве зьменіць склад тэст-сыстэм, каб лепш выяўляць вірус.
Кітай – ілжывыя зьвесткі?
Паводле афіцыйных зьвестак, перададзеных у інстытут Джонса Гопкінса, у Кітаі за ўвесь пэрыяд пандэміі каранавірусам заразіліся крыху больш за 82 тысяч чалавек і амаль 3,5 тысячы памерлі. Менавіта кітайская правінцыя Хубэй – першапачатковая крыніца гэтага захворваньня.
Для параўнаньня, ЗША зафіксавалі 312 тысяч выпадкаў захворваньня COVID-19 і амаль 8,5 тысяч сьмерцяў праз выкліканыя вірусам ускладненьні.
У пачатку красавіка амэрыканская выведка зрабіла Беламу дому засакрэчаны даклад, згодна зь якім улады Кітаю наўмысна заніжаюць публічныя зьвесткі пра распаўсюд каранавірусу. Пра існаваньне дакладу выданьню Bloomberg распавялі амэрыканскія чыноўнікі на ўмовах ананімнасьці, іншыя дэталі дакумэнту яны даць адмовіліся.
Таксама ў міжнароднай супольнасьці выклікалі шмат пытаньняў фатаграфіі некалькіх тысяч скрыняў з прахам памерлых у моргу правінцыі Хубэй, якія апублікавала кітайскае выданне Caixin ў канцы сакавіка. Як сьцьвярджаюць у выданьні, у скрынях – прах памерлых ад COVID-19, які прывезьлі з бальніц і выдавалі сваякам.
Іран – няпоўная карціна
Паводле афіцыйных дадзеных, з краін Блізкага Ўсходу жыхары Ірану пацярпелі ад каранавірусу больш за ўсё. Як сьцьвярджаюць улады, ад пачатку пандэміі COVID-19 заразіліся амаль 56 тысяч чалавек, зь іх 3,5 тысячы памерлі ў шпіталях. Але ўнутры краіны і па-за яе межамі эпідэміёлягі і некаторыя палітыкі лічаць, што гэтыя лічбы таксама заніжаныя.
Апошнім часам у Іране некалькі рэгіянальных чыноўнікаў і дэпутатаў парлямэнту неаднаразова агучвалі статыстыку інфікаваных і памерлых, якая перавышае афіцыйную агульнанацыянальную статыстыку, якая перадаецца ў міжнародныя маніторынгавыя арганізацыі.
Так, напрыклад, у пачатку сакавіка кіраўнік Міністэрства аховы здароўя правінцыі Гілан Хусэйн Гхарбані паведаміў дзяржаўнаму агенцтву навін, што за папярэднія суткі толькі ў гэтым рэгіёне ад каранавірусу памерлі 200 чалавек. У гэты ж дзень Міністэрства аховы здароўя Ірану перадало дадзеныя пра 194 памерлых ва ўсёй краіне.
Празь некалькі дзён губэрнатар правінцыі Ісфахан Алірэза Мартэзаі распавёў, што толькі ў двух найбуйнейшых гарадах гэтай правінцыі зарэгістравалі больш за 1000 новых выпадкаў заражэньня каранавірусам і 88 сьмерцяў. У гэты ж дзень Міністэрства аховы здароўя зрабіла справаздачу пра 601 выпадку заражэньня і 237 памерлых па ўсёй краіне.