Міністэрства аховы здароўя Беларусі 5 красавіка апублікавала ў афіцыйным Тэлеграм-канале сьвежую статыстыку пацьверджаных выпадкаў заражэньня каранавірусам у краіне.
«У Беларусі па стане на 5 красавіка на стацыянарным лячэньні з каранавіруснай інфэкцыяй знаходзяцца 502 чалавекі. У большай часткі пацыентаў захворваньне працякае ў лёгкай ці сярэдняй форме. Пасьля праходжаньня лячэньня ачунялі 52 чалавекі. Зарэгістравана 8 выпадкаў сьмерці пацыентаў, у якіх шматлікія хранічныя захворваньні былі абцяжараныя каранавіруснай інфэкцыяй», — паведаміла Мінздароўя.
Міністэрства аховы здароўя Беларусі не падае цалкам лічбы ўсіх інфікаваных ад пачатку пандэміі, але іх можна падлічыць, склаўшы 502 чалавекі на стацыянарным лячэньні, 52 чалавекі, які выздаравелі, і 8 памерлых. Такім чынам, агулам у Беларусі па стане на 5 красавіка пацьверджаныя 562 выпадкі каранавірусу.
4 красавіка былі пацьверджаныя 440 выпадкаў каранавірусу ў Беларусі, за апошнія суткі іх колькасьць павялічылася на 122 чалавекі. Пацьверджаныя 3 новыя выпадкі сьмерці ад COVID-19.
У большасьці краінаў сьвету па некалькі разоў на дзень падаюцца лічбы ўсіх інфікаваных, вылечаных, памерлых і пратэставаных на COVID-19.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ