4 красавіка а 20.00 у менскай інфэкцыйнай бальніцы памёр 69-гадовы былы супрацоўнік Нацыянальнага банку Юры Осіпаў. У яго была пнэўманія, выкліканая вірусам COVID-19.
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
У гэтай жа ўстанове ляжаць з аналягічным дыягназам дачка і жонка мужчыны. Свабода пагаварыла з дачкой Юрыя Ганнай.
«Тата захварэў крыху менш, чым два тыдні таму. Думалі, звычайная прастуда. Празь некалькі дзён выклікалі доктара, той сказаў, што гэта звычайны лярынгіт, і выпісаў таблеткі», — распавядае Ганна. Мужчыну лепш не станавілася, але падобныя сымптомы выявіліся і ў яго жонкі, а потым і ў дачкі, якая жыве асобна, але наведвае пажылых бацькоў.
«Ясна, сталі падазраваць карону. Тэмпэратура ў нас з маці паднялася да 38-39. Я пайшла ў 3-ю паліклініку, прасіла тэст. Казала, што па працы кантактую з замежнікамі. Тэст не рабілі, бо сама за мяжу я не выяжджала», — кажа Ганна.
У канцы тыдня стала зразумела, што ва ўсіх у сям’і пнэўманія. Паклалі спачатку ў 10-ю бальніцу, а калі ўсё ж зрабілі тэсты на каранавірус і вынік аказаўся станоўчы, перавялі ў інфэкцыйную. У Юрыя Осіпава ўжо была вельмі нізкая сатурацыя (насычанасьць крыві кіслародам) — толькі 83%, патрэбны быў апарат штучнай вэнтыляцыі лёгкіх.
«Мы з маці ляжым у адной двухмеснай палаце, бацька — у іншай. Учора пазванілі зь міліцыі, сказалі, што бацькі больш няма. Як хаваць — не ўяўляю, мы з мамай у цяжкім стане, станоўчай дынамікі няма, пагадзіліся на экспэрымэнтальнае лячэньне прэпаратамі, якімі лечаць малярыю. Добра, што ў бацькі шмат сяброў, пахаваньнем яны будуць займацца», — апавядае Ганна.
Жанчына адзначыла, што дактары ў інфэкцыйным шпіталі вельмі стараюцца, робяць усё магчымае. Сродкі асабістай абароны таксама ёсьць — гэта і адмысловыя камбінэзоны, і шчыты, і акуляры, але ў прыбіральшчыц толькі звычайныя маскі з тканіны.
Ганна вельмі папрасіла перадаць усім, каб сур’ёзна паставіліся да каранавірусу:
«Спачатку таксама думала, што гэта не страшней за звычайны грып. Але гэта ня так, людзі. Гэта вельмі цяжкі вірус, калі паглынуў усю нашу сям’ю. Па сабе бачу: калі хвароба перайшла ў цяжкую стадыю, гэта вельмі сур’ёзна. Лекаваньне — гэта хімія. Таблеткі такія, што баліць жывот, печань. Вельмі цяжка. Відавочна, што патрэбны карантын. Але нават калі яго няма, я заклікаю ўсіх берагчы сябе і не выходзіць з дому. Я чула, што пра памерлых кажа Лукашэнка. Нельга такое гаварыць. У 70 гадоў амаль ва ўсіх букет хваробаў — гэта і анкалёгія, і сэрца, і іншыя хваробы. У нас жыцьцё такое».
Ганна дадала, што вельмі ўдзячная лекарам менскай інфэкцыйнай бальніцы:
«Яны працуюць максымальна, я ніколі ня бачыла, каб дактары так змагаліся за пацыентаў».
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ