Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Дапамажыце нам, каб мы змаглі дапамагчы тым, каму мы патрэбныя!»

абноўлена

Фрагмэнт відэазвароту беларускіх дактароў
Фрагмэнт відэазвароту беларускіх дактароў

25 беларускіх лекараў розных спэцыялізацый на ўласную ініцыятыву запісалі трохвілінны відэазварот да беларусаў. У ім яны распавялі, як паводзіць сябе ва ўмовах пандэміі каранавірусу, каб засьцерагчыся ад захворваньня самім і зьберагчы блізкіх.

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

Спэцыялісты прызнаюцца: іх палохае і насьцярожвае колькасьць фэйкаў, а таксама дурных і абсурдных парадаў, якія штодня пост у сацсетках і перасылаюць адзін аднаму ў мэсэнджэры абываталі. Менавіта таму яны разам запісалі відэа з кампэтэнтнымі рэкамэндацыямі.

Відэазварот запісалі стаматоляг Максім Зайцаў з Салігорску, дэрмавенэроляг Алена Квітун зь Менску, доктарка УЗД Ірына Засенка з Аксакаўшчыны, пэдыятарка Сафія Собаль зь Менску, тэрапэўтка Анастасія Бандарэнка зь Менску, псіхатэрапэўт Сяргей Сакалаў зь Менску, анэстэзіёляг-рэаніматоляг Алеся Бхат зь Віцебску, анастэзіёляг-рэаманітоляг Васіль Захарэвіч зь Менску, эндакрыноляг Ала Астапчык зь Менску, рэнтгеноляг Ірына Ражко з Барысава, рэнтгеноляг Ірына Журава зь Менску, кардыёляг Ала Серабро зь Менску, анколяг Вера Грачанік зь Берасьця, эпідэміёляг Кацярына Сьцяпанава зь Берасьця, славацкая афтальмоляг Ірына Ахцеракава-Гермушка, гінеколяг Сьвятлана Крэер зь Менску, хірург Кацярына Мядзьведзева зь Менску, лекарка агульнай практыкі Марына Шаламіцкая зь Менску, анастэзіёляг-рэаманітоляг Ларыса Пушкарова зь Менску, лекар хуткай дапамогі Аляксандар Горбач з Баранавічаў, кардыёляг Вікторыя Ходкіна зь Менску, афтальмоляг Галіна Дашчынская зь Менску, судмэдэкспэртка Вольга Юдо зь Менску, пульманоляг Вольга Жарнасек з Прагі, анастэзіёляг-рэаманітоляг, галоўны лекар дзіцячага шпіталю Максім Ачарэтні зь Менску.

Як распавяла Свабодзе адна з ініцыятарак, пульманоляг Вольга Жарнасек з Чэхіі, гэтая ідэя зьявілся ў аўтрак і была рэалізаваная літаральна за некалькі дзён:

— Нягледзячы на тое, што я з 2011 году не жыву ў Беларусі, я сачу за падзеямі, якія там адбываюцца. У Беларусі ў мяне бацькі, сябры, калегі. Менавіта таму, калі я пачала назіраць за падзеямі вакол сытуацыі з каранавірусом, мне захацелася хоць трохі паўплываць на сытуацыю. Мае сябры і сваякі пісалі мне паведамленьні, што ўсе баяцца, панікуюць, ня ведаюць, што рабіць. Інтэрнэт перапаўняюць фэйкавыя навіны, а гэта спараджае паніку.

Вольга Жарнасек
Вольга Жарнасек

Менавіта таму ў гэтую цяжкую хвіліну захацелася зьвярнуцца да людзей і паспрабаваць патлумачыць, што адбываецца. Гэтая ідэя знайшла велізарны водгук сярод лекараў Беларусі, і ў выніку зьявіўся ролік за вельмі кароткі час — за 3 дні! Мы, лекары, зьвярнуліся да народу, каб даць адэкватную і аб’ектыўную інфармацыю. У відэа дадзеныя простыя рэкамэндацыі, як пазьбегнуць заражэньня і хто можа мець найбольшую рызыку захварэць. У цяперашні час нам вельмі патрэбна падтрымка людзей, каб выконваліся простыя правілы і рэкамэндацыі, якія агучаныя ў відэа. Дапамажыце нам, каб мы змаглі дапамагчы тым, каму мы патрэбныя!

  • На ініцыятыву беларускай доктаркі Вольгі Жарнасек, заснавальніцы арганізацыі «Доктар Чэхаў» для лекараў з замежнай адукацыяй у Чэхіі, быў створаны сьпіс замежных лекараў і мэдсёстраў, якія цяпер знаходзяцца ў Чэхіі і хочуць стаць валянтэрамі. Паводле Вольгі, на заклік яе арганізацыі дапамагчы ў барацьбе з пандэміяй адгукнуліся ў100 чалавек. Сьпіс перададзены ў міністэрства аховы здароўя Чэхіі.
  • Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

    • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
    • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
    • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
    • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

    • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
    • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

    Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

    Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ


Яшчэ на гэтую тэму

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG