Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Галоўны лекар дзіцячага шпіталя Менску заклікаў людзей заставацца дома


Максім Ачарэтні, галоўны лекар 3-га дзіцячага шпіталя Менску
Максім Ачарэтні, галоўны лекар 3-га дзіцячага шпіталя Менску

Максім Ачарэтні, галоўны лекар 3-га дзіцячага шпіталя Менску апублікаваў на сваёй старонцы ў Фэйсбуку свой фотаздымак з заклікам падтрымаць сваіх калегаў дактароў, якія цяпер працуюць. «Я буду на працы. Будзьце, калі ласка дома».

Ягоны допіс перапосьцілі ўжо больш за 1 600 чалавек. Людзі ў камэнтарах дзякуюць Максіму Ачарэтнему за ягоную працу і пазыцыю.

Цяпер дактары ва ўсім сьвеце зьвяртаюцца да людзей з падобнымі заклікамі — заставацца дома, пакуль яны ў шпіталях лечаць людзей, якія захварэлі на каранавірусную інфэкцыю.

Галоўнага лекара падтрымалі некаторыя калегі з 3-га дзіцячага шпіталя Менску і таксама выставілі ў Фэйсбуку свой фотаздымак з заклікам да людзей заставацца дома.


Максім Ачарэтні, галоўны лекар 3-га дзіцячага шпіталя Менску. Яго спэцыяльнасьць анэстэзіёляг-рэаніматоляг, больш за 12 гадоў ён працаваў у дзіцячай рэанімацыі, некалькі гадоў працаваў у дзіцячым інфэкцыйным шпіталі. Тыдзень таму ў інтэрвію Свабодзе Максім Ачарэтні казаў наступнае:

Цяпер вельмі важнае значэньне маюць проціэпідэмічныя захады. Калі сёньня глядзець на Кітай, то яны — супэрмалайцы, я захапляюся. У іх на 10 сакавiка новых зарэгістраваных захворваньняў на вірус — 19 чалавек на ўвесь Кітай. Пры тым, што там адкрылі амаль 20 новых шпіталёў, яны ўжо больш за палову пазакрывалі, бо яны даюць рады, ужываючы проціэпідэмічныя захады.

Каб мець правераную, аб’ектыўную інфармацыю, я парэкамэндаваў бы карыстацца сайтам Сусьветнай арганізацыі здароўя. Там уся інфармацыя ў адкрытым доступе, у тым ліку па-расейску. А таксама сайтам Цэнтру кантролю і прафіляктыкі захворваньняў ЗША, якая кантралюе сытуацыю ў сьвеце і выдае для ацэнкі ўсю статыстычную інфармацыю ня толькі пра каранавірус, але і пра любыя захворваньні, якія існуюць у сьвеце, а таксама дае інфармацыю аб прафіляктыцы і лячэньні.Кітаі.

— А якія засьцярогі ёсьць у вас як у доктара? Як зьмянілася ваша праца пасьля таго, як былі выяўленыя першыя выпадкі каранавірусу ў Беларусі?

На каранавірус, найбольш праўдападобна, хварэлі раней кажаны. Ён хадзіў па папуляцыі кажаноў, яны адзін аднаго заражалі, нехта паміраў, у некага фармаваўся імунітэт. Гэты вірус жыў толькі сярод іх. Цяпер зьявілася такая праблема, што вірус, найбольш імаверна, ад кажаноў (ёсьць розныя вэрсіі — у тым ліку што ад марскіх жывёлаў ці зьмеяў) перайшоў на чалавека. Раней чалавечая папуляцыя з гэтым вірусам не сустракалася. І таму, калі кітайцы даказалі, што зьявіўся новы вірус, зь якім раней чалавецтва не сустракалася, яны забілі трывогу. Трывога зразумелая, бо мы ня ведаем, чаго ад гэтага чакаць. Не было вакцыны, не было вядома, як хвароба працякае, невядомыя блізкія і доўгатэрміновыя наступствы эпідэміі. Калі грып пачынаецца, мы ведаем, якая гэта хвароба, як будзе праяўляцца, што ёсьць патрэбная вакцына, і статыстычна мы можам меркаваць, колькі людзей захварэе, колькі памрэ. Мы да гэтага падрыхтаваныя.

Што тычыцца каранавірусу, то мы гэтага ня ведаем, таму атрымалася як атрымалася.

— Як бы дзіўна не гучала пытаньне, але ці ёсьць пазытыўныя наступствы ў сытуацыі з каронавірусам? Гігіенічныя стандарты, перагляд жыцьцёвых прыярытэтаў, праверка функцыянальнасьці сыстэмаў аховы здароўя?

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

— Гэта як вайсковыя вучэньні. Калі рыхтуесься да вайны, трэба праводзіць вучэньні, каб годна сустрэць небясьпеку. Так, вядома, з гэтага гледзішча ёсьць станоўчыя моманты. Мы даведаліся пра свае недахопы, недапрацоўкі, слабыя месцы і будзем іх адпаведна ўдасканальваць. Якія слабыя месцы? Тыя ж самыя маскі. Я нядаўна сядзеў на «гарачай лініі» міністэрства аховы здароўя, і шмат было пытаньняў, што бракуе масак... Гэта і слабая інфармаванасьць насельніцтва. Можа, мы як дактары недастаткова паінфармавалі аб прафіляктыцы. Чаму іранец хадзіў некалькі дзён па Менску, пакуль высьветлілі, што ў яго каранавірус? Маглі б павесьці сябе інакш, было б менш заражаных людзей. Хаця ўсе выпадкі захворваньня ў Беларусі — ня цяжкія. Усе ў здавальняльным стане знаходзяцца.

Важна выконваць рэкамэндацыі наконт прафіляктыці, мыць рукі 20 сэкундаў, апрацоўваць рукі сьпіртам. Я бачу ў сваім шпіталі: павесілі спэцыяльныя дазатары са сьпіртавой рошчынай, каб людзі на ўваходзе і выхадзе з прыёмнага аддзяленьня апрацоўвалі рукі. Але людзі гэтага ня робяць, нібы іх гэта ня тычыцца. Чхаюць на ўсіх.

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

САЗ дала рэкамэндацыі, што трэба рабіць, калі чхаеш ці кашляеш. Трэба ў месца локцевай ямкі, калі няма насоўкі, чхнуць ці кашлянуць. Калі ёсьць насоўка, лепей аднаразовая, то пасьля таго як чхнуў, выкінуць яе. Памый рукі паўсюль, дзе ёсьць магчымасьць. Калі пачуваесься дрэнна, надзень маску. Гэта агульныя прафіляктычныя захады для кожнай віруснай інфэкцыі. Я бачу, што нашыя людзі, за якімі назіраю, гэтага не выконваюць. Ходзяць хворыя на працу. Чаго ты ідзеш на працу і там і ў грамадзкім транспарце ўсіх заражаеш?

— Паводле паведамленьняў спэцыялістаў, найбольшую небясьпеку каранавірусная інфэкцыя нясе пажылым людзям, а таксама што мужчыны больш уразьлівыя на яе ў параўнаньні з жанчынамі і дзецьмі. Чаму? Ці гэтая заканамернасьць пашыраецца на іншыя вірусы?

Максім Ачарэтні
Максім Ачарэтні

— Пра мужчын не магу сьцьвярджаць, а пажылыя людзі сапраўды больш уразьлівыя. Чаму мужчыны? Мо таму, што яны меней жывуць, чым жанчыны. У чалавека ёсьць такі бялок-фэрмэнт АПФ (ангіятэнзін-ператваральны фэрмэнт). Ёсьць думка, што ён зьяўляецца рэцэптарам да каранавірусу. Каб вірус пачаў заражаць, яму трэба ў клетку чалавека ці жывёліны пранікнуць. Пераносчыкам якраз і будзе гэты бялок АПФ. Лічыцца, што з узростам яго актыўнасьць павялічваецца, і адпаведна ў пажылым узросьце ён вельмі актыўны, і адпаведна вірус як «на санках» можа пранікаць у арганізм дзякуючы актыўнасьці гэтага бялку. Гэта яшчэ вывучаецца, але як варыянт разглядаецца. Таму дзяцей гэта ня моцна тычыцца, адрозна ад старых людзей.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Яшчэ на гэтую тэму

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG