Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пра тэрмінатара Севярынца і апазыцыю, якая пасьлізнулася на ідэі праймэрыз


Павал Севярынец
Павал Севярынец

Крызіс праекту «Праймэрыз» сьведчыць пра тое, што беларуская апазыцыя чарговы раз не вытрымала сутыкненьня з рэальнасьцю.

Сьцісла

  • Ідэя праймэрыз спачатку выглядала пэрспэктыўнай, яна абудзіла цікавасьць да апазыцыі з боку апалітычнай публікі.
  • Але ў працэдуру праймэрыз была закладзена супярэчнасьць паміж мэтай і сродкамі. Гэтая міна ўрэшце і выбухнула.
  • Улада стала паводзіць сябе больш гнутка. Замест разгону сходаў яна стала засылаць на іх «казачкоў». Гэта і ўзарвала сытуацыю.
  • У такі крытычны момант апазыцыйныя палітыкі ня здолелі праявіць палітычнай адказнасьці і мудрасьці. Тэрмінатарам праекту стаў лідэр галасаваньня Павал Севярынец.
  • Праблема цяперашніх прэтэндэнтаў на статус адзінага кандыдата палягае ў тым, што ніхто зь іх ніколі ня ўдзельнічаў у рэальнай палітыцы.

Вось і канец казкі. Нядоўга музыка іграла. А так усё прыгожа пачыналася. Упершыню за шмат гадоў асноўным апазыцыйным сілам удалося дамовіцца аб адзінай стратэгіі, тактыцы правядзеньня прэзыдэнцкай кампаніі і працэдуры выбару адзінага кандыдата. Гэта выклікала пазытыўную рэакцыю незалежных СМІ, абудзіла цікавасьць да апазыцыі з боку звычайна апалітычнай публікі.

Праўда, праекту «Праймэрыз» шкодзілі скандалы. Асабліва непрыгожа выглядала выкідваньне з кампаніі Ганны Канапацкай. Праблема ў тым, што яе выключылі з праекту іншыя кандыдаты, то бок пазбавіліся ад канкурэнткі. Так сытуацыя выглядае звонку. Калі ўдзельнік спаборніцтва адначасова зьяўляецца і яго арбітрам — гэта нонсэнс. Тым больш што шанцаў у Канапацкай перамагчы ў праймэрыз не было ніякіх.

З самага пачатку ў працэдуру была закладзена супярэчнасьць паміж мэтай і сродкамі. Гэтая міна ўрэшце і выбухнула. З аднаго боку, мэтай кампаніі абвяшчалася прыцягненьне да яе шырокіх масаў насельніцтва, правядзеньне «народнага галасаваньня», то бок рашучы выхад за межы апазыцыйнага гета.

А з другога боку, працэдуру выбару адзінага кандыдата прынялі такую, што 70% галасоў павінны былі забясьпечыць чальцы апазыцыйных арганізацый. Нагадаю, што паводле гэтай працэдуры галасаваньне падчас паездак у рэгіёнах давала 30 балаў, галасаваньне ў інтэрнэце — 30 балаў, галасаваньне на выніковым Кангрэсе дэмакратычных сілаў — 30 балаў. Яшчэ 10 балаў падтрымкі павінны былі разьмеркаваць паміж удзельнікамі структур, якія арганізуюць працэдуру. Усяго 100 балаў.

Але з самага пачатку было відавочна, што ўдзельнічаць у сходах для выбару адзінага кандыдата ў абласных і раённых цэнтрах будуць, як правіла, толькі актывісты апазыцыі. І дзіўнымі выглядалі тыя камэнтатары, якіх расчаравала невялікая колькасьць удзельнікаў у райцэнтрах.

Але тут нестандартна павялі сябе ўлады. Чакалася, што, як звычайна, яны будуць перашкаджаць правядзеньню праймэрыз. Як гэта было ў 2005–2007 гадах падчас выбараў дэлегатаў на Кангрэс дэмакратычных сілаў. Тады ўлады не давалі памяшканьня для сходаў, там стаялі міліцыянты, не дазвалялі зьбірацца, правяралі дакумэнты і інш. Цяпер уладная вэртыкаль на дзіва стала паводзіць сябе больш гнутка. Спачатку яны проста назіралі, потым на сходы пачалі прыходзіць вэртыкальшчыкі і задаваць пытаньні. А на апошніх сходах зьявіліся «засланыя казачкі», якія ўдзельнічалі ў галасаваньні супраць Севярынца.

Гэта і ўзарвала сытуацыю. Супярэчнасьць паміж аб’яўленымі мэтамі (шырокі ўдзел грамадзкасьці) і працэдурай, арыентаванай на ўдзел толькі апазыцыйнай тусоўкі, вылезла на паверхню. З аднаго боку, працэдура прадугледжвала ўдзел у сходах любых грамадзян, уключна з супрацоўнікамі райвыканкамаў і чальцамі БРСМ. І ў сацыяльных сетках пішуць, што трэба ўмець пераконваць і апанэнтаў. Маўляў, як жа адзіны кандыдат будзе агітаваць народ пасьля таго, як пераможа на праймэрыз. А з другога боку, хіба можна ў чымсьці пераканаць людзей, якіх наўмысна накіравалі на сходы, каб «тарпэдаваць» праект апазыцыі.

І вось у такі крытычны момант павінна была праявіцца палітычная адказнасьць і мудрасьць апазыцыйных палітыкаў. Але ўсё атрымалася наадварот.

Праблема цяперашніх прэтэндэнтаў на статус адзінага кандыдата ў тым, што ніхто зь іх ніколі ня ўдзельнічаў у рэальнай палітыцы, не працаваў у парлямэнце, у іншых дзяржаўных структурах на адказных пасадах. Гэта не віна, а драма гэтых людзей. Цэлае пакаленьне палітыкаў выкінута Лукашэнкам з сапраўднага палітычнага жыцьця. Цяперашнія лідэры апазыцыі палітыкай лічаць нейкія аб’яднаньні, разьяднаньні, штурханьне локцямі ў межах вузкай апазыцыйнай тусоўкі. Але папраўдзе гэта цяжка назваць палітыкай.

Тэрмінатарам праекту стаў лідэр галасаваньня Павал Севярынец. Вонкава выглядае, што, як толькі ён пачаў прайграваць, дык выйшаў з кампаніі.

Увогуле, найважнейшая якасьць сапраўднага палітычнага лідэра — гэта здольнасьць да стварэньня шырокіх кааліцый, саюзаў, уменьне дамаўляцца, весьці дыялёг, шукаць кампраміс. Бо, як вядома, палітыка — гэта мастацтва магчымага.

Калі ацэньваць з гэтага гледзішча, то відавочна, што Павал Севярынец не камандны гулец. І цяпер гісторыя са скандалам у ПЭН-цэнтры выглядае не выпадковай. Можна таксама ўспомніць, што калісьці Севярынец са скандалам выйшаў з БНФ. Ён па натуры, па сваёй палітычнай прыродзе тэрмінатар. У час рэвалюцыі менавіта такія людзі становяцца лідэрамі. Але на беларускім гарызонце рэвалюцыйнай сытуацыі не відаць. На гэтым тле стаўка на байкот, нейкі ўсеагульны страйк выглядае як адыход ад рэальнасьці. Адыход у нейкі свой уяўны сьвет, дзе ўтульна і камфортна.

Можна казаць, што беларуская апазыцыя чарговым разам ня вытрымала сутыкненьня з рэальнасьцю.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG