Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праймэрыз правацэнтрыстаў паабяцалі працягнуць. Безь Севярынца і Янукевіча


Удзельнікі праймэрыз, зьлева направа: старшыня АГП Мікалай Казлоў, старшыня руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч, былая дэпутатка Ганна Канапацкая (не зарэгістравалі), намесьнік старшыні БНФ Аляксей Янукевіч (зьняўся), сустаршыні БХД Вольга Кавалькова і Павал Севярынец (зьняўся)
Удзельнікі праймэрыз, зьлева направа: старшыня АГП Мікалай Казлоў, старшыня руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч, былая дэпутатка Ганна Канапацкая (не зарэгістравалі), намесьнік старшыні БНФ Аляксей Янукевіч (зьняўся), сустаршыні БХД Вольга Кавалькова і Павал Севярынец (зьняўся)

«Народнае галасаваньне» за «адзінага кандыдата» правацэнтрысцкай апазыцыі на прэзыдэнцкіх выбараў працягнецца, паведамілі 17 сакавіка ў Telegram-канале кампаніі.

Грамадзянаў заклікаюць «актыўна далучацца» да выбараў «адзінага кандыдата»: клічуць і на рэгіянальныя сустрэчы, «калі яны будуць адноўленыя пасьля стабілізацыі сытуацыі з каранавірусам» (пакуль прыпынілі прынамсі да 2 красавіка), і на інтэрнэт-галасаваньне, што абяцаюць запусьціць у бліжэйшыя дні.

Але разам з тым арганізатары галасаваньня заяўляюць пра «сур’ёзнае стаўленьне да спробаў прадстаўнікоў ідэалягічнай вэтрыкалі паўплываць на вынікі галасаваньня».

Раней праз адмову спыніць рэгіянальныя сустрэчы і праз спробы паўплываць на вынікі — «масавае галасаваньне райвыканкамаў» — з праймэрыз зьняўся сустаршыня Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Павал Севярынец, які лічыўся фаварытам паводле вынікаў першых галасаваньняў.

Таксама сваю кандыдатуру зьняў намесьнік старшыні Партыі БНФ Аляксей Янукевіч — партыя ўхваліла такое рашэньне праз «разбуранае адзінства ўнутры кааліцыі», канфлікт Севярынца і лідэра руху «За свабоду» Юрася Губарэвіча, а таксама праз ранейшы нядопуск да праймэрыз экс-дэпутаткі Палаты прадстаўнікоў Ганны Канапацкай.

На момант публікацыі ад удзелу ў праймэрыз не адмаўляліся:

  • старшыня АГП Мікалай Казлоў,
  • старшыня руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч,
  • сустаршыні БХД Вольга Кавалькова.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG