Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выбар адзінага кандыдата ад апазыцыі пад пагрозай. Хто яшчэ можа сысьці з праймэрыз пасьля Севярынца?


Удзельнікі праймэрыз падчас першай сустрэчы з выбарнікамі ў Гарадку: Мікалай Казлоў, Юры Губарэвіч, Аляксей Янукевіч, Вольга Кавалькова, Павал Севярынец
Удзельнікі праймэрыз падчас першай сустрэчы з выбарнікамі ў Гарадку: Мікалай Казлоў, Юры Губарэвіч, Аляксей Янукевіч, Вольга Кавалькова, Павал Севярынец

16 сакавіка пасьля паседжаньня рады народнага галасаваньня (праймэрыз) сустаршыня Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Павал Севярынец заявіў, што спыняе свой удзел у кампаніі. Сваё рашэньне палітык патлумачыў дзьвюма прычынамі. Першая — немагчыма далей праводзіць сустрэчы з выбарнікамі праз эпідэмію каранавірусу, а другая прычына — брак рэакцыі рады на масавае «галасаваньне райвыканкамаў» на Берасьцейшчыне. Як іншыя ўдзельнікі праймэрыз паставіліся да таго, што далей ім давядзецца спаборнічаць за вылучэньне адзіным кандыдатам ад апазыцыі бяз Паўла Севярынца? Хто яшчэ можа сысьці? Свабода таксама цікавілася, ці ня варта вярнуць Севярныцу ягоныя 500 эўра, унесеныя за ўдзел ў праймэрыз.

Кавалькова: «Хацелася б, каб ён вярнуўся»

Вольга Кавалькова
Вольга Кавалькова

Вольга Кавалькова шкадуе, што ўдзельнікі праймэрыз страцілі такога суперніка, як Павал Севярынец.

«Трэба быць дамоваздольным. Мне б хацелася, каб наша партыя не сыходзіла. Усё ж нельга дзяліць людзей на сваіх і чужых», — сказала Вольга Кавалькова пра ўчынак Севярынца.

Наконт заявы Паўла Севярынца пра масавую яўку на апошнія сходы «прадстаўнікоў райвыканкамаў» Вольга Кавалькова нагадала, што ня ўдзельнічала ў сустрэчах у Століне, Дарагічыне і Пінску, дзе паводле Паўла Севярынца больш за палову ўдзельнікаў складалі прадстаўнікі райвыканкаму і праўладных арганізацыяў.

«Іншыя кажуць, што там было такіх ня больш за 5 чалавек, але ня буду гэтага камэнтаваць. Мне хацелася б, каб Павал перадумаў і вярнуўся ды далей прымаў удзел у выбарах адзінага кандыдата. Наперадзе яшчэ інтэрнэт-галасаваньне, тым больш што каманда вырашыла з 18 сакавіка прыпыніць паездкі да 2 красавіка праз каранавірус. Мы тут не разышліся з Паўлам у думках. Мне б шчыра хацелася, каб ён вярнуўся», — сказала Вольга Кавалькова.

Пра тое, каб вярнуць Паўлу Севярынцу 500 эўра складак у праймэрыз, Вольга Кавалькова сказала, што тэма на радзе кампаніі не падымалася. «Ніхто не чакаў ад яго такога кроку, таму нават не абмяркоўвалі», — сказала Вольга Кавалькова.

Губарэвіч: «Мы будзем далей працаваць»

Юрась Губарэвіч
Юрась Губарэвіч

А як да сыходу Паўла Севярынца паставіўся асноўны ягоны супернік у праймэрыз, лідэр руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч?

«Было паседжаньне рады, і мы дамовіліся, што ёсьць агульная пазыцыя: будзем далей працаваць. А што яшчэ камэнтаваць? Пра тыя прычыны, якія да гэтага прывялі, я выказваўся яшчэ да таго, як Павал прыняў сваё рашэньне», — сказаў Юрась Губарэвіч.

Юрась Губарэвіч у сваіх камэнтарах не пагадзіўся з Паўлам Севярынцам наконт таго, што на сустрэчах ў Пінску, Дарагічыне і асабліва ў Століне, дзе ён перамог Севярынца, большасьць выбарнікаў складалася з прадстаўнікоў раённай «вэртыкалі» і праўладных арганізацыяў.

Паводле Юрася Губарэвіча, на сустрэчу у Століне прыйшлі шмат маладых людзей, не заангажаваных уладай і палітычнымі партыямі. Лідэр руху «За свабоду» мяркуе, што гэтыя маладзёны адгукнуліся на ягоную абʼяву ў сацыяльных сетках. «Пасьля сустрэчы яны задалі мне шмат пытаньняў пра мясцовыя праблемы», — паведаміў палітык.

Юрась Губарэвіч падкрэсьліў, што на праймэрыз ў Віцебскай вобласьці таксама прыходзілі прадстаўнікі ўлады, але тады перамагаў Павал Севярынец, а калі ён не атрымаў большасьці на Берасьцейшчыне, падняў пытаньне пра яўку «вэртыкальнікаў».

Пра 500 эўра складак Паўла Севярынца Юрась Губарэвіч сказаў, што гэтым мусіць займацца штаб праймэрыз. «Калі ён зьвернецца, дык будуць вырашаць. Я гэтым дакладна не займаюся».

Янукевіч: «Не разумею, у чым цяпер магу застацца»

Аляксей Янкевіч
Аляксей Янкевіч

Намесьнік старшыні партыі БНФ Аляксей Янукевіч, камэнтуючы крок Паўла Севярынца, ня выключыў, што выйдзе з праймэрыз усьлед за ім.

«Рашэньне Паўла я ўспрыняў з шкадаваньнем, але і з разуменьнем. Цяпер бачна, што, на жаль, тая супярэчлівасьць, якая існавала ў правацэнтрысцкай кааліцыі раней, з падпісаньнем дамовы аб правядзеньні выбараў адзінага кандыдата ўсё ж нікуды ня зьнікла. Цяпер яна вылілася ў непрымірымы канфлікт, у які ўмяшалася яшчэ і ўлада. Вядома, усё гэта і пацягнула за сабой разбурэньне часовага адзінства. Але балянс быў тонкі, і трываласьці яму, на жаль, не хапіла», — сказаў Аляксей Янукевіч.

На пытаньне, ці ён сам застанецца сярод удзельнікаў праймэрыз, Аляксей Янукевіч адказаў, што гэта будзе залежаць ад рашэньня партыі.

«Асабіста я не разумею, у чым цяпер можна заставацца, калі фактычна працэдура разбурана. Але канчатковае рашэньне будзе прынята супольна».

Паводле Аляксея Янукевіча, цягам тыдня пытаньне пра яго ўдзел ў праймэрыз будзе вырашана на партыйным сойме.

Сёньня раніцай у камэнтары Свабодзе аб заўвагах Паўла Севярынца пра «яўку райвыканкамаўцаў» Аляксей Янукевіч пацьвердзіў назіраньні, што ў праймэрыз у Пінску, Дарагічыне і Століне было значна больш прадстаўнікоў мясцовай улады, чым на сустрэчах ў Віцебскай вобласьці.

А што будзе зь ягонымі 500 эўра, калі і ён сыдзе з праймэрыз? Аляксей Янукевіч сказаў, што ўдзельнікі кампаніі папярэдне дамаўляліся не патрабаваць вяртаньня грошай, перададзеных на арганізацыю народнага галасаваньня. «Зразумела, частка зь іх ужо патрачаная. Але, вядома, калі будзе прынята рашэньне спыніць усю працэдуру, дык магчыма абгаварыць гэта з калегамі», — мяркуе Аляксей Янукевіч.

Узяць камэнтар у старшыні АГП Мікалая Казлова не ўдалося.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG