Сустаршыня Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Павал Севярынец абвясьціў 16 сакавіка, што спыняе свой удзел у выбары адзінага кандыдата (праймэрыз) ад апазыцыі на прэзыдэнцкіх выбарах 2020 году.
Як кажа Павал Севярынец, прычыны гэтаму дзьве: пандэмія каранавірусу і «масавае галасаваньне райвыканкамаў». Цяпер палітык, які лічыўся фаварытам праймэрыз, не зьбіраецца выстаўляць сваю кандыдатуру на выбары ні ад кааліцыі, ні самастойна.
COVID-19
«Першая і, бадай, галоўная прычына — гэта каранавірус, — тлумачыць Севярынец Свабодзе. — Сёньня я настойваў разам з прадстаўніком БНФ Аляксеем Янукевічам на тым, каб мы скасавалі сустрэчы праз каранавірус. Рашэньне, што мы будзем гэта сёньня абмяркоўваць, прымалася яшчэ да берасьцейскіх паездак.
Я спадзяваўся, што такое ўзважанае рашэньне — здаровы сэнс! — будзе сёньня прынятае. Яно не прынятае. Таму езьдзіць далей па Беларусі, калі большасьць беларусаў патрабуе карантыну нават ад дзяржавы... Які прыклад мы падамо людзям?»
Пазьней рада кампаніі народнага галасаваньня (праймэрыз) вырашыла прыпыніць праз пандэмію каранавірусу рэгіянальныя паездкі кандыдатаў ад 18 сакавіка да 2 красавіка.
«Прапанова Паўла Севярынца аб адмене працэдуры Народнага галасаваньня (праймэрыз) і абвяшчэньні байкоту не прайшла», — адзначаецца ў камэнтары рады народнага галасаваньня.
Заплянаваную на 17 сакавіка сустрэчу ў Баранавічах не адмянілі. Мяркуецца, што ад 23 сакавіка пачнецца інтэрнэт-галасаваньне за выбар «адзінага кандыдата» ад апазыцыі.
«Масавае галасаваньне райвыканкамаў»
«Другая прычына — гэта тое, што не было практычна ніякай рэакцыі на масавае галасаваньне райвыканкамаў у апошніх гарадах, — працягвае Севярынец. — Маўляў, гэта нармальна: хай прыходзяць, хай галасуюць, хай маніпулююць. Але гэта таксама непрымальна».
Севярынец тлумачыць: ён падазрае, што дзясяткі людзей у розных гарадах прыходзілі на галасаваньне на замову ўладаў. Лавіць іх за руку ён ці іншыя ўдзельнікі праймэрыз не маглі, але палітык перакананы: адбывалася маніпуляцыя вынікамі. «Нармальным адказам» на гэта была б мабілізацыя палітыкамі сваіх прыхільнікаў, разважае ён, але ва ўмовах пандэміі каранавірусу такі варыянт няможна ўжываць: нельга зьбіраць вялікія сустрэчы.
На апошніх галасаваньнях Севярынец прайграў лідэру руху «За свабоду» Юрасю Губарэвічу ў Століне (17 супраць 31 голаса), Пінску (45 супраць 48) і Дарагічыне (13 супраць 24), хоць да таго перамагаў з істотным адрывам (перад гэтымі гарадамі меў 264 галасы супраць 98 у Губарэвіча, 67 сумарна ў іншых трох кандыдатаў).
Што далей?
У бліжэйшы час праз пандэмію каранавірусу «ніякай гаворкі пра масавыя кампаніі ды нават масавыя пратэсты быць ня можа», — мяркуе Севярынец.
«Адзінае, што можа быць, — гэта падрыхтоўка да байкоту і да нацыянальнага страйку, — сьцьвярджае ён. — Гэта кладзецца на сытуацыю з каранавірусам. Усё астатняе — практычна не».
Губарэвіч, які ішоў у праймэрыз за Севярынцам паводле колькасьці галасоў, пакуль вырашыў не камэнтаваць сытуацыю.
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.