Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што сёньня на пасяджэньні Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны разгледзяць пытаньне аб закрыцьці мяжы і авіязносін з шэрагам краінаў, каб прадухіліць пашырэньне COVID-19.
Пытаньне каранавірусу — гэта пытаньне бясьпекі нашай краіны і нашых грамадзян. Мы абмяркуем пытаньне закрыцьця межаў і авіязносін з шэрагам краін», — паведаміў Уладзімер Зяленскі сёньня ў Кіеве, адкрываючы выязное пасяджэньне ўраду, прымеркаванае пытаньням горадабудаўніцтва.
Апроч таго, будзе разгледжана пытаньне аб забесьпячэньні неабходнымі сродкамі лячэбных і аптэчных устаноў.
11 сакавіка кіраўнік ураду Ўкраіны Дзяніс Шмыгаль заявіў, што Ўкраіна плянуе спыніць працу 70 % памежных пунктаў пропуску. Папярэдне прадугледжвалася, што з 219 пунктаў будуць працаваць толькі 49 — астатнія закрыюць для грамадзян і аўтамабільнага транспарту.
У той жа час усе гэтыя дні ні ва ўрадзе, ні ў Дзяржаўнай памежнай службе не ўдакладнялі, на якіх кірунках плянуецца закрыць межы. Пакуль што ўсе пункты пропуску на межах Украіны працуюць у звычайным рэжыме, але ўсе грамадзяне, якія ўяжджаюць на ўкраінскую тэрыторыю, праходзяць тэмпэратурны скрынінг.
Паводле інфармацыі Дзяржаўнай памежнай службы, з 25 лютага такую праверку прайшлі больш як 1,76 мільёна грамадзян — у 40 чалавек выявілі павышаную тэмпэратуру, 18 зь іх ізалявалі.
На мяжы Беларусі і Ўкраіны дзейнічаюць 27 пунктаў пропуску, у тым ліку міжнародныя, міждзяржаўныя, мясцовыя і часовыя, якія адкрываюцца толькі ў пэўны пэрыяд году.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ