Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На канцэрце італьянскага гурту ў Менску была санітарная служба. Гэта праз каранавірус у Італіі


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Але беларусы пакуль ад канцэртаў не адмаўляюцца. Даведаліся ў арганізатараў музычных імпрэзаў, як яны працуюць ва ўмовах пашырэньня каранавірусу.

2 мэтры паміж гледачамі і выканаўцамі

У клюбе Re:Public 6 cакавіка быў канцэрт італьянскага гурту Los Fastidios. Канцэртам зацікавілася санітарна-эпідэміялягічная служба.

«Нам далі рэкамэндацыі перад прыездам італьянскіх выканаўцаў, бо там вялікі агмень эпідэміі. Прадстаўнікі санітарна-эпідэміялягічнай службы прысутнічалі на канцэрце і нешта там рабілі адпаведна свайму профілю. Нам рэкамэндавалі паставіць дазатары для дэзынфэкцыі рук. Мы таксама разьмясьцілі інфармацыю пра каранавірус, як сябе паводзіць. Апрацоўваем месцы агульнага карыстаньня сродкам для тэрміновай дэзынфэкцыі. І падчас канцэрту менавіта з італьянцамі на два-тры мэтры дапамаглі адсунуць гледачоў ад выканаўцаў з дапамогай нашай аховы. Усе было зроблена ў рабочым парадку», — кажа дырэктар Re:Public Андрэй Старцаў.


Усяго на канцэрце былі 300 чалавек, санітарна-эпідэміялягічная служба cпрабавала перапісаць усіх гледачоў.

Андрэй Старцаў сказаў карэспандэнту Свабоды, што астатнія канцэрты праходзяць у звычайным рэжыме і няма нейкіх рэкамэндацыяў, ці запрашаць выканаўцаў з краін, небясьпечных з прычыны каранавірусу.

На канцэртах аншлягі

Прадусар Віталь Супрановіч сказаў, што ў арганізацыі канцэртаў нічога не памянялася праз каранавірус. Мэханізм атрыманьня гастрольнага пасьведчаньня застаецца тым жа, забаронаў на канцэрты няма. Таксама гэта не адбіваецца на колькасьці гледачоў.

«Асаблівага спаду гледачоў няма, што да нашых канцэртаў, ён ня надта вялікі. Збольшага людзі нармальна ходзяць. Калі канцэрт на чалавек 500, то ўсяго 10 хочуць здаць квіткі. Мо таму, што нашыя канцэрты арыентуюцца на моладзевую аўдыторыю, якая спакойна рэагуе. А як будзе далей — цяжка сказаць. Падзеі адбываюцца, не скасоўваюцца. Калі скасавалі фэстываль у Магілёве, то, магчыма, гэта зьвязана з удзелам вялікай колькасьці іншаземцаў».

6 сакавіка быў канцэрт Garou ў Палацы Рэспублікі, і была амаль поўная заля, кажа Віталь.

«Вядома, ёсьць людзі, якія перастрахоўваюцца. Але пры вяртаньні квіткоў яны страчваюць 25% іх цаны. Магчыма, гэта фінансавы момант, які стрымлівае. Але 5 сакавіка ў Палацы спорту быў канцэрт Lindemann і там быў аншляг».

Паводле Віталя, бальшыня гледачоў не надзяюць маскі на канцэрты.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG