52 тысячы подпісаў за закон аб забароне прапаганды «гомасэксуалізму і іншых полавых вычварэньняў» накіраваныя асабіста Аляксандру Лукашэнку.
9 сакавіка ў Менску прайшла прэсавая канферэнцыя з гэтай нагоды. У ёй удзельнічалі кіраўнік фонду «Адкрытыя сэрцы» Ўладзіслаў Валаховіч, духоўнік Сьвята-Елізавецінскага манастыра протаярэй Андрэй Лемяшонак і арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.
"Мы рызыкуем стаць краінай перамогі царкоўнага цемрашальства", — кажа пра гэтую ініцыятыву праваабаронца Павал Сапелка.
Кандрусевіч: «Людзі нетрадыцыйнай арыентацыі — мае браты і сёстры, але нельга ўхваляць грэх»
Падчас прэсавай канферэнцыі адказваў у асноўным Уладзіслаў Валаховіч. Каталік паводле веравызнаньня, ён кіруе фондам «Адкрытыя сэрцы».
Ініцыятары просяць прыняць закон аб забароне ЛГБТ-прапаганды і ўвесьці за яе крымінальную адказнасьць. А таксама прыняць надведамасную праграму абароны сямейных каштоўнасьцяў, бо, на думку Валаховіча, «дзейнай канцэпцыі нацыянальнай бясьпекі недастаткова».
Пад традыцыйнымі сямейнымі каштоўнасьцямі, паводле Ўладзіслава Валаховіча, маюцца на ўвазе: цнота да шлюбу, вернасьць у шлюбе, шматдзетнасьць, адкрытасьць на нараджэньне кожнага дзіцяці, павага да старэйшых.
З словаў Валаховіча, «беларусы ў абсалютнай большасьці падзяляюць гэтую ініцыятыву». Падпісваліся пад зваротам і актыўныя вернікі — каталікі і праваслаўныя, і неабыкаявыя грамадзяне. Подпісы былі сабраныя цягам мінулай восені.
Арцыбіскуп Кандрусевіч падкрэсьліў, што ініцыятыва накіраваная на непаўналетніх, бо «моладзь — гэта будучыня касьцёлу».
«Гэта крык сэрца і душы бацькоў, заклапочаных выхаваньнем сваіх дзяцей і маладога пакаленьня. Касьцёл падтрымаў гэтую ініцыятыву, бо яна адпавядае вучэньню Ісуса Хрыста», — кажа арцыбіскуп Кандрусевіч. — Бог стварыў мужчыну і жанчыну, а не стварыў «яно». Бог заснаваў інстытут сямʼі як дзейны неразрыўны саюз паміж мужчынай і жанчынай«.
«На гэты збор подпісаў трэба глядзець ня так, што мы супраць кагосьці. Гэта за абарону хрысьціянскіх каштоўнасьцяў,» — папярэджвае Кандрусевіч.
«Людзі нетрадыцыйнай арыентацыі — мае браты і сёстры, я адношуся да іх з павагай, — кажа каталіцкі арцыбіскуп. — Касьцёл ніколі не казаў, што трэба кагосьці перасьледаваць, але ёсьць праблема граху».
Протаярэй Андрэй Лемяшонак гарантаваў, што, «калі трэба», подпісаў будзе сабрана ў 3-4 разы больш.
«Тое, што цяпер адбываецца ў сьвеце, — гэта паталёгія. Якая гэта свабода? Да чаго можа чалавек дайсьці? Што далей? Разбурыць сямʼю, скасаваць любоў маці і бацькі, пазбавіць дзіця нармальных сямейных стасункаў — што далей? Гэта пачатак канца, — прамаўляў Андрэй Лемяшонак. — Слава Богу, што ў нас у Беларусі наш прэзыдэнт здаровы нармальны чалавек, які разумее, як трэба жыць».
Што прапануюць крыміналізаваць вернікі?
Журналістам не ўдалося атрымаць дакладны адказ на пытаньне, якую менавіта крымінальную адказнасьць і за якія дзеяньні прапануюць увесьці ініцыятары звароту. Маўляў, гэта вырашыць дзяржава.
Аднак у Расеі дзейнічае падобны закон, які прадугледжвае адміністрацыйную адказнасьць. Уладзіслаў Валаховіч заявіў, што на гэтым прыкладзе беларускія вернікі бачаць, што «адміністрацыйная адказнасьць не працуе», і хочуць, каб «людзі ў Беларусі зразумелі сурʼёзнасьць гэтай тэмы».
«Мы ня кажам пра вяртаньне артыкулу за „мужаложаства“, мы кажам пра тое, каб была адказнасьць за разбэшчваньне нашых дзяцей», — тлумачыць Валаховіч.
На просьбу прывесьці прыклады прапаганды, якія будуць падпадаць пад крымінальную адказнасьць, ён адказаў, што самыя яскравыя зь іх ёсьць у інтэрнэце.
«Увядзіце „ЛГБТ у Беларусі“, і вы пабачыце, што прапаганда ёсць, — кажа Валаховіч. — Іншыя яскравыя прыклады, ня ўлічваючы знакамітага сьцягу на брытанскай амбасадзе, — гэта, вядома, выстава ў БНТУ у 2018 годзе. Калі там у адным памяшканьні быў дзіцячы тэатар і выступ адкрытага гомасэксуаліста (Радыё Свабода пакуль ня мае інфармацыі, якая падзея маецца на ўвазе. — РС). І знакаміты квір-фэстываль „Дотык“. Людзям ужо тлумачаць, што такое „квір“. І маса сэмінараў аб гендэрнай роўнасьці, якія праводзяць разнастайныя ініцыятыўныя групы ў Беларусі».
На іх, паводле Валаховіча, моладзі тлумачаць, што «усе гендэры добрыя», што «гомасэксуальныя стасункі больш багатыя эмацыйна». Уладзіслаў Валаховіч зазначыў, што добра ведае, пра што кажа, бо на адным з такіх сэмінараў быў іхны валянтэр.
«Зь іншага боку, праз структуры ААН, найперш САЗ (Сусьветнай арганізацыі здароўя — РС), ідзе тэма так званай „дакантактавай прафіляктыкі“, дзе гаворыцца: „уступайце ў любыя сувязі, у тым ліку аднаполыя, але, галоўнае, выпіце таблетку да і дзьве таблетачкі пасьля“», — апісвае Валаховіч і называе такую дзейнасьць «наўпроставай прапагандай». У прыклад ён прывёў сэмінар для дактароў-інфэкцыяністаў у Магілёве.
На просьбу назваць, якія канкрэтна праграмы ААН і САЗ мусяць падпадаць пад крымінальную адказнасьць, Валаховіч заявіў:
«Канцэпцыя прафіляктыкі ВІЧ. Калі б яна базавалася на фундамэнце традыцыйных каштоўнасьцяў, мы былі б згодныя... Але, на жаль, гэтая стратэгія базуецца на лібэральных падставах, якія прапагандуюць: „рабі што хочаш, галоўнае — карыстайся прэзэрватывам“. Але мы добра разумеем, што гэтыя хваробы зьяўляюцца вынікам блуду, распусты і нам прапаноўваецца распусту лячыць прэзэрватывамі».
Калі казаць пра нашыя прапановы — то трэба выдаліць са стратэгіі ААН, UNFPA, UNICEF пункты, якія не адпавядаюць традыцыйным сямейным каштоўнасцям».
Радыё Свабода зьвярнулася па камэнтар у прадстаўніцтва Абʼяднанай праграмы ААН у пытаньнях ВІЧ/СНІД (UNAIDS) у Беларусі і апублікуе яго, як толькі ён будзе атрыманы.
Уладзіслаў Валаховіч таксама пацьвердзіў, што для ініцыятараў кампаніі важна лабіяваць павышэньне ўзросту сэксуальнай згоды, асабліва ў выпадку гомасэксуальных стасункаў. Паводле яго, «гомасэксуальнае лобі ва ўсім сьвеце імкнецца ўзрост сэксуальнай згоды зьніжаць».
«Наяўны ўзрост сэксуальнай згоды ў Беларусі 16 гадоў — гэта катастрофа», — лічыць Валаховіч.
«Мы рызыкуем стаць краінай перамогі царкоўнага цемрашальства»
Праваабаронца Павал Сапелка бачыць праблему са зваротам у тым, што «рэлігійна-сацыяльная меншасьць спрабуе навязаць грамадзтву пэўныя стандарты паводзінаў».
«Мала таго, што яно спрабуе іх навязваць сваімі дзеяньнямі, палітыкай і актыўнасьцю, яно спрабуе яшчэ і навязаць нам іх заканадаўча, — кажа Павал Сапелка. — Такім чынам мы паціху рызыкуем быць ператворанымі ў другі Іран, які са сьвецкай дзяржавы стаў дзяржаваю перамогі царкоўнага цемрашальства».
«Калі той факт, што хтосьці бачыць ЛГБТ-сьцяг ці знаходзіцца ў адным памяшканьні з адкрытым геем, ужо праблема, то фактычна — гэта проста пра забарону ЛГБТ-людзям быць», — сьцьвярджае ЛГБТ-актывістка Мілана Лявіцкая.
Павала Сапелка тлумачыць, што любыя забароны і рэгуляваньні мусяць адпавядаць праваабарончым каштоўнасьцям і міжнародным стандартам у галіне свабоды слова і недапушчальнасьці дыскрымінацыі.
«Калі мы можам абмяжоўваць свабоду думак? Каля яна пагражае бясьпецы, рэпутацыі іншых асобаў і іншыя ахоўваныя каштоўнасьці, канкрэтна пералічаныя ў пакце (Міжнародны пакт пра грамадзянскія і палітычныя правы, прыняты ААН у 1966 годзе — РС). Сьцяг на будынку амбасады не пагражае аніводнай зь пералічаных каштоўнасьцяў, — кажа Сапелка. — Сьцьверджаньне пра гендэрную роўнасьць не пагражае праўным дачыненьням ці каштоўнасьцям, у сувязі з чым магла б быць абмежаваная свабода думак у гэтай сытуацыі», — кажа праваабаронца.
«Досыць рабіць выгляд, што ЛГБТ-прыхаджан не існуе»
«Калі мы дзелям людзей на тых, пра каго можна гаварыць і пра каго нельга — хіба гэта пра здаровае грамадзтва? Калі нельга размаўляць пра кантрацэпцыю, пра свае правы, пра роўнасьць людзей, на месцы пытаньня зьявяцца іншыя адказы: вашым дзецям раскажуць, што кантрацэпцыя — гэта грэх, што хатняга гвалту не існуе, — упэўненая Мілана Лявіцкая. — У такой атмасфэры людзі ня змогуць апавесьці пра перажыты гвалт, ня змогуць зьвярнуцца па дапамогу, баяцца адстойваць сябе. Гэта таксама падвышае рызыку пашырэньня ВІЧ-інфэкцыі, бо адсутнасьць інфармацыі вядзе да росту рызыкоўных паводзінаў».
Мілана Лявіцкая — удзельніца каманды Makeout. Гэты антыдыскрымінацыйны праект выступіў пасьля прэсавай канфэрэнцыі з асобнай заявай.
«Нам кажуць: „Мы абараняем нашых дзяцей“. Мы — таксама дзеці. Дзеці, якіх цкуюць. Дзеці, ад якіх адмовіліся.
Мы — таксама бацькі, і нашы дзеці хочуць жыць бяз страху за сябе і сваю сямʼю.
Нам кажуць: „Беларусы падзяляюць нашу ініцыятыву“. Мы — таксама беларусы, мы плацім падаткі, вучымся і працуем у гэтай краіне. Мы — дочкі і сыны, суседзі і калегі.
Нам кажуць, што подпісы ставілі праваслаўныя і каталікі. Мы — таксама вернікі. Мы ходзім у цэрквы і касьцёлы, досыць рабіць выгляд, што ЛГБТ-прыхаджан не існуе», — гаворыцца ў звароце.
«Гэта проста апэляцыя да рэпрэсіўнай сыстэмы»
Праваслаўны тэоляг Натальля Васілевіч зазначае, што гэта ініцыятыва «групы вернікаў», а ня ўсёй супольнасьці. Яна зьвярнула ўвагу на словы, якімі Валаховіч скончыў свой першы выступ: «Акно Овэртана рушыць усё далей. Мы хочам зафіксаваць акно Овэртана ў гэты момант».
«Насамрэч, яны дакладна заяўляюць пра сваю матывацыю, і гэтая матывацыя — страх перад тымі зьменамі, якія адбываюцца ўва ўсім сьвеце, а таксама і ў самой супольнасьці вернікаў, — кажа Натальля Васілевіч. — Гэтыя зьмены лідэры ініцыятыўнай групы называюць "акном Овэртана" — адна з папулярных сёньня алярмісцкіх "тэорый змовы". Часьцей за ўсё, калі гавораць пра "вакно Овэртана", маюць на ўвазе пашырэньне ў грамадзтве як нармальных такіх практык, якія ў папярэднія часы былі табуяваныя. І прыхільнікі тэорыі "вакна Овэртана" сьцьвярджаюць, што любое абмеркаваньне тых ці іншых грамадзкіх норм і практык ужо само па сябе вядзе да пашырэньня "вакна"».
Васілевіч кажа, што гэтая група вернікаў ня мае ўплыву на грамадзтва і ня можа выступаць у якасьці вытворцы нормаў.
«Лягічна, што яна спрабуе цяпер нейкім спосабам перацягнуць на свой бок апарат дзяржаўнага прымусу і гвалту, каб насаджаць свае ўяўленьні пра "норму" ўжо пры пасярэдніцтве міліцыянта, — тлумачыць Васілевіч. — Само па сабе гэтае жаданьне зразумелае, і ў гэтым сэнс публічнай палітыкі. Адзінае, паколькі ў Беларусі публічнай палітыкі няма, як няма і выбараў, гэта проста апэляцыя да рэпрэсіўнай сыстэмы, якой зьяўляецца сучасны беларускі палітычны рэжым, з тым, каб яшчэ адна група стала перасьледаванай».
«У нас гэта ўсё можа прайсьці і пачаць працаваць»
Лявіцкая зьвяртае ўвагу, што падобны закон у Расеі, дзе за «прапаганду ЛГБТ» прадугледжаная адміністрацыйная адказнасьць, прывёў да рэзкага росту праварадыкальных настрояў і гвалту.
«Гэта сумна, бо можа быць з задавальненьнем падхоплена дзяржавай у асобе МУС, прэзыдэнта, парлямэнту. І з гэтага можа быць вылепленае заканадаўства, якое будзе выконвацца, — папярэджвае праваабаронца Павал Сапелка. — І інструмэнтаў, якія могуць паўплываць на працэс гэтай законатворчасці ці аспрэчыць законы, якія заведама будуць парушаць правы чалавека, у нас у Беларусі няма. Няма парлямэнту, які на корані адсячэ гэтую ідэю, няма Канстытуцыйнага суду, які пачытае і скажа „Ды пачакайце, гэта супярэчыць Канстытуцыі, гэта супярэчыць правам грамадзяніна і чалавека, замацаваным у Канстытуцыі“. У нас гэта ўсё можа прайсьці і пачаць працаваць».
Радыё Свабода папрасіла арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча пракамэнтаваць, ці не асьцерагаецца касьцёл, што ўдзел у прыняцьці закона з такімі размытымі крытэрамі, скіраваны на пэўную групу насельніцтва, можа стварыць прэцэдэнт, калі падобны ж закон зьявіцца ўжо ў дачыненьні да, напрыклад, «каталіцкай прапаганды».
«Мы ня ведаем, што будзе, як адміністрацыя прэзыдэнта, прэзыдэнт будуць на гэта глядзець, — адказвае арцыбіскуп Кандрусевіч. — Будзе праблема, будзем размаўляць. З аднаго боку, касьцёл цешыцца свабодай, аднак мы бачым, якія ёсьць праблемы з замежнымі сьвятарамі, сёстрамі, якіх чамусьці не дазваляюць. Сёньня я канкрэтна не магу сказаць. Ёсьць здаровы сэнс, і людзі разумеюць, што касьцёл нясе духоўныя каштоўнасьці. Напэўна, у вашым пытаньні ёсьць нейкая лёгіка, але мне здаецца, што гэта неверагодна».