У Беларусі працягваюцца праймэрыз — сустрэчы пяці імаверных прэтэндэнтаў у прэзыдэнты з выбарнікамі. Ці сітуацыя з каранавірусам уплывае на пляны апазыцыі правесьці «народнае галасаваньне»?
Бліжэйшыя праймэрыз плянуюць правесьці 13 сакавіка ў Бярозе, 14-га — у Берасьці і Дарагічыне, у нядзелю, 15-га — ў Пінску і Століне.
Кавалькова лічыць, што ў беларусаў большы імунітэт
Сустаршыня аргкамітэту БХД Вольга Кавалькова сказала, што не зьбіраецца адмаўляцца ад удзелу ў праймэрыз празь цяперашнюю сытуацыю з каранавірусам.
«Вядома, калі будзем бачыць, што ёсьць гарады, дзе ня варта зьбіраць людзей, каб не паддаваць іх дадатковай рызыцы, то пляны будзем карэктаваць, але пакуль тагога няма. Наперадзе ў нас Берасьцейшчына, а там сытуацыя такая, што мы можам туды сьмела паехаць і сабраць людзей, бо, мяркую, гэта ня будзе небясьпечна. Спадзяюся, што нашы мэдыкі зробяць ўсё магчымае, каб вірус не распаўсюдзіўся», — сказала Вольга Кавалькова.
Дадатковым чыньнікам сваіх спадзеваў Вольга Кавалькова лічыць тое, што ў беларусаў, на яе думку, большы імунітэт супроць вірусных інфэкцыяў, чым ува ўраджэнцаў паўднёвых краін.
Казлоў: Праблема нумар адзін — не каранавірус
Паводле назіраньняў старшыні АГП Мікалая Казлова, каранавірус ў Беларусі ня стаў для людзей тэмай нумар адзін, хаця і дадаў праблем. Ад удзелу ў праймэрыз Мікалай Казлоў не адмаўляецца, хаця і не выключае магчымага карэктаваньня маршрутаў будучых паездак.
«Мы ж ня можам зачыніцца ў кватэрах, мусім сустракацца зь людзьмі, абмяркоўваць праблемы, якіх вельмі шмат», — кажа палітык. Паводле Мікалая Казлова, праблема нумар адзін для людзей на сёньня не каранавірус.
«Мо толькі раз я чуў на праймэрыз пытаньне пра каранавірус, гэта было ў Віцебску. Але найперш людзей непакояць эканоміка, адсутнасьць працы, нізкія заробкі нават у тых, хто працу мае. Сустрэчы гэта ясна паказваюць. Вось мы праехалі па малых гарадах, і я вам скажу, што настрой ў людзей вельмі дэпрэсіўны. Кажуць паўсюль, што працоўных месцаў няма, дарогі дрэнныя, моладзь зьяжджае. Паўсюль ідзе гэтак званая аптымізацыя, а гэта што? Гэта скарачэньне бюджэтаў, закрыцьцё прадпрыемстваў і ўстановаў, але пад прыгожым лёзунгам „аптымізацыі“. У такіх паездках па-сапраўднаму бачыш, чаго дасягнуў Лукашэнка пасьля 25 гадоў кіраваньня. Людзі вельмі расчараваныя і засмучаныя», — зазначыў удзельнік праймэрыз апазыцыі Мікалай Казлоў.
У Севярынца ёсьць праграма змаганьня з каранавірусам
Сустаршыня БХД Павал Севярынец прапанаваў цэлую праграму змаганьня з каранавірусам у Беларусі, якую выклаў на сваёй старонцы ў Фэйсбуку.
«Патрэбная тэрміновая закупка і ўсталяваньне апаратаў штучнай вэнтыляцыі лёгкіх ва ўсіх шпіталях. Дорага? Прадай самалёты, майбахі ды рэзыдэнцыі», — зьвяртаецца Павал Севярынец да кіраўніка дзяржавы. Апазыцыянэр кажа, што асабіста яго не супакойваюць аптымістычныя заявы Міністэрства аховы здароўя Беларусі пра тое, што «сытуацыя пад кантролем».
«Ужо цяпер трэба рыхтавацца да эпідэміі: разгортваць дадатковыя шпіталі, праводзіць адмысловыя заняткі ў школах, ВНУ, на прадпрыемствах з тлумачэньнямі, што рабіць, каб не захварэць і што рабіць, калі заразіўся».
Што да праймэрыз, то пакуль эпідэмія не абвешчаная, лічыць Павал Севярынец, трэба езьдзіць па краіне і праводзіць праймэрыз далей.
«У нас ужо было пару пытаньняў на гэтую тэму. Людзі наракаюць, што дзяржава недапрацоўвае, хвалююцца і пытаюцца: што прапануеце вы? Тлумачым», — расказаў Павал Севярынец і ня выключыў, што ў праграме паездак будуць зьмены.
Янукевіча хвалюе адкрытая мяжа з Расеяй
Намесьнік старшыні БНФ Аляксей Янукевіч падчас сустрэчаў з выбарнікамі на праймэрыз зьвяртаў увагу на тое, што Беларусь, на ягоную думку, недастаткова кантралюе мяжу з Расеяй.
«Мой адказ быў такі: найперш трэба сачыць за асабістай гігіенай і зрабіць магчымым атрыманьне актуальнай інфармацыі. Каб людзі ведалі, у чым пагроза, што кожны можа зрабіць, каб зьменшыць пагрозу, на якія сымптомы зьвяртаць увагу.
І больш пільны мусіць быць дагляд тых людзей, якія ўяжджаюць у краіну. У першую чаргу з тых краінаў, якія найбольш цярпяць ад каранавірусу, але і зь іншых. Пытаньне адкрытай мяжы з Расеяй таксама стаіць востра. Не вядзецца пра тое, каб зусім закрыць гэтую мяжу, але неабходна павялічыць кантроль, каб адтуль ня ўвезьлі вірус. Пакуль мы змагаемся ў каранавірусам, які прывезьлі зь іншых краін, але мяжа з Расеяй зусім адкрытая. Гэта варта ўлічваць», — мяркуе Аляксей Янукевіч.
Губарэвіч: чакаем адказу ад Менгарвыканкаму наконт Дня Волі
Старшыня руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч таксама не адмаўляецца ад плянаў удзелу ў праймэрыз, але, як і іншыя, не выключае, што карэктаваньне маршруту магчымае.
«Калі верыць тым лічбам, якія ёсьць, то нібыта сытуацыя кантралюецца. Але вялікага даверу да афіцыйных выказваньняў няма, бо ўлады прызвычаіліся хлусіць, і часта гэтая хлусьня ім выходзіць бокам. Магчыма, цяпер яны зрабілі высновы, што ў сучасным грамадзтве нешта схаваць сабе даражэй», — заўважыў Юрась Губарэвіч.
Юрась Губарэвіч ўваходзіць ў аргкамітэт сьвяткаваньня 102-й гадавіны абвяшчэньня незалежнасьці БНР. Ці ня будуць арганізатары сьвята мяняць пляны што да месца і часу адзначэньня гэтай даты?
Паводле Юрася Губарэвіча, пакуль няма адказу Менгарвыканкаму на пададзеную заяўку. Аргкамітэт прапаноўваў адзначыць сьвята ў нядзелю 22 сакавіка сьвяточным канцэртам у адным зь людных месцаў Менску. Дзе менавіта, Юрась Губарэвіч не ўдакладніў, спаслаўшыся на тое, што такая інфармацыя можа стаць прычынай для адмовы ўладаў.
«Аргакімітэт ад сваіх прапановаў у сувязі з каранавірусам не адмаўляўся», — сказаў Юрась Губарэвіч.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ