Пракуратура Курску адмовілася распачынаць як крымінальную, так і адміністрацыйную справу на мясцовага блогера Ўладзіміра Гараінава, які ў сваіх пастах у сацыяльных сетках выказаў жаданьне расстраляць усіх прадстаўнікоў ЛГБТ-супольнасьці, паведамляе «МБХ медиа».
Патрабаваньне распачаць справы накіроўваў юрыст Мікіта Тамілаў. Паводле яго, у адказе ведамства сказана, што ў пастах блогера няма заклікаў да якіх-небудзь гвалтоўных дзеяньняў, хоць фраза «Я б расстраляў усіх гэтых сьмярдзючых людзей», згодна з заключэньнем экспэрта, ёсьць «выказваньнем крайняй ступені непрыманьня людзей нетрадыцыйнай сэксуальнай арыентацыі, якое дасягнула ступені гатоўнасьці да гвалтоўных дзеяньняў».
Тамілаў заявіў, што будзе абскарджваць рашэньне пракуратуры. У цяперашні момант пасты Гараінава, якія ён зьмясьціў у «Інстаграме», «Тэлеграме» і Tiktok, ужо выдалены.