Адмысловая прэс-канферэнцыя прызначаная на 12.00, яна пройдзе ў офісе Руху «За Свабоду».
4 сакавіка стануць вядомыя імёны зарэгістарваных кандыдатаў для ўдзелу ў працэдуры вылучэньня адзінага прэтэндэнта на пасаду прэзыдэнта ад дэмакратычнай апазыцыі. Пра гэта Свабодзе паведаміў старшыня Руху «За Свабоду» Юры Губарэвіч, які таксама абвесьціў аб сваім намеры ўдзельнічаць у кампаніі. Пачатак адмысловай прэс-канферэнцыі, на якой таксама раскажуць пра далейшую працэдуру вызначэньня адзінага кандыдата ад дамэакратычнай апазыцыі, прызначаны на 12.00, яна пройдзе ў офісе Руху «За Свабоду» на вуліцы Кульман.
На дадзены момант вядома пра шэсьць прэтэндэнтаў, якія падалі заяўкі і сплацілі неабходны ўнёсак памерам 500 эўра. Гэта сам Юры Губарэвіч, а таксама сустаршыня БХД Павал Севярынец, кіраўнік АГП Мікалай Казлоў, намесьнік старшыні Партыі БНФ Аляксей Янукевіч, сустаршыня БХД Вольга Кавалькова і экс-дэпутатка Палаты Прадстаўнікоў Ганна Канапацкая.
Першыя сустрэчы ў рэгіёнах у межах анансаваных праймерыз заплянаваныя ўжо на бліжэйшую пятніцу 6 сакавіка. Яны пройдуць у райцэнтры Гарадок Віцебскай вобласьці.
Што важна ведаць пра прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.