Намесьнік старшыні Партыі БНФ Аляксей Янукевіч 16 лютага падаў заяўку на ўдзел у выбарах адзінага кандыдата ў прэзыдэнты ад апазыцыі як апошні з прэтэндэнтаў. Пра гэта паведаміў БелаПАН.
«Мэта ўдзелу — абарона нацыянальных інтарэсаў і каштоўнасьцяў. Трэба прымусіць і беларускія ўлады, і Крэмль лічыцца з той часткай беларускага грамадзтва, для якой важныя каштоўнасьці свабоды, незалежнасьці і нацыянальнага адраджэньня. Гэта ад траціны да паловы насельніцтва на гэты момант, і я разьлічваю на іх падтрымку, буду абараняць у першую чаргу іх інтарэсы», — сказаў Янукевіч.
Намер вылучыцца выказваў яшчэ прадпрымальнік Уладзімір Усеня, але, як паведаміў кіраўнік штабу праймэрыз Ігар Барысаў, Усеня не пасьпеў сабраць неабходную колькасьць подпісаў для заяўкі.
Акрамя Янукевіча, заяўкі на ўдзел у праймэрыз падалі старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Мікалай Казлоў, сустаршыня аргкамітэту Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Павал Севярынец, кіраўнік руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч, сустаршыня аргкамітэту Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Вольга Кавалькова і былая дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Ганна Канапацкая.
Янукевіч, Казлоў, Севярынец і Губарэвіч вылучаліся сваімі арганізацыямі, а Кавалькова і Канапацкая — шляхам збору подпісаў.
Пагадненне аб працэдуры праймэрыз падпісалі БСДП (Грамада), Партыя БНФ, АГП, аргкамітэт БХД і рух «За свабоду». Выбары адзінага кандыдата прадугледжваюць выкарыстаньне рэйтынгавай сыстэмы. Разьмеркаваньне балаў паміж прэтэндэнтамі пройдзе на аснове інтэрнэт-галасаваньня, галасаваньня ў рэгіёнах і галасаваньня дэлегатаў Кангрэсу дэмакратычных сілаў, які плянуецца правесьці ў другой палове траўня. Там жа будзе абвешчаны адзіны кандыдат.
Для ўдзелу ў галасаваньні па выбары адзінага кандыдата прэтэндэнт павінен або вылучыцца ад зарэгістраванай партыі ці грамадзкай арганізацыі, або сабраць 200 подпісаў. Акрамя таго, прэтэндэнт павінен зрабіць грашовы ўнёсак у эквіваленце 500 эўраў.
Прэзыдэнцкія выбары павінны адбыцца не пазьней за 30 жніўня 2020 году.