Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лясьнік і «нос Лукашэнкі». Што вядома пра новага віцэ-прэмʼера Юрыя Назарава


Юры Назараў
Юры Назараў

Юры Назараў будзе адказваць за пытаньні нафтахімічнага комплексу. Зважаючы на праблемы з пастаўкамі нафты, глядзім, каму даверылі стратэгічна важны кірунак.

Юры Назараў прызначаны на пасаду віцэ-прэмʼера 3 сакавіка.

Не адчувае смуроду ад заводу ў Сьветлагорску

«Дык што, дрэннага паху няма?! — спытаў Аляксандар Лукашэнка ў Назарава, наведваючы Сьветлагорскі завод беленай цэлюлёзы. На смурод ад прадпрыемства гадамі скардзяцца тутэйшыя. «Няма», — запэўніў Юры Назараў, тагачасны кіраўнік «Беллеспаперпраму». — «Інакш мы не падпісалі б акт уводу (у эксплюатацыю. — РС).

Не прайшло і месяца, як Назарава прызначылі віцэ-прэмʼерам, «адказным за нафту».

З Магілёўшчыны

Юры Назараў нарадзіўся ў 1962 годзе ў Горках Магілёўскай вобласьці. Скончыў Беларускі тэхналягічны інстытут і Акадэмію кіраваньня пры прэзыдэнце.

Карʼера Юрыя Назарава разьвівалася стабільна ды імкліва. У маладосьці працаваў лясьнічым у Зуброўскім лясьніцтве. Быў галоўным лясьнічым Горацкага лясгасу.

З 1988 па 2001 кіраваў Горацкім лясгасам як дырэктар.

Быў намесьнікам міністра лясной гаспадаркі (2004–2010), намесьнікам кіраўніка справаў прэзыдэнта ( 2010–2013).

З 2013 па 2020 быў старшынём канцэрну «Беллеспаперпрам».

Стаў старшынём «Беллеспаперпраму» пасьля скандальнай паездкі Лукашэнкі на «Барысаўдрэў»

З 2013 па 2020 Юры Назараў узначальваў канцэрн «Беллеспаперпрам». Прызначэньню на гэтую пасаду папярэднічаў прачуханец, які Аляксандар Лукашэнка ўчыніў у 2013 годзе тагачасным кіраўніку Менскай вобласьці Барысу Батуру і дырэктару «Беллеспаперпраму» Аляксандру Пераслаўцаву.

Абурыўшыся вынікамі дзейнасьці дрэваапрацоўчай галіны, Лукашэнка абодвух звольніў з пасадаў. Пераслаўцава тады паказальна прызначалі кіраваць будаўнічым трэстам № 21 — гэтую ўстанову прызначылі тады адказнай за зрыў тэрмінаў мадэрнізацыі на «Барысаўдрэве» .

Пры Назараву тры «папяровыя заводы» сталі найбольш праблемнымі інвэстыцыйнымі праектамі

Так прэмʼер Сяргей Румас ахарактарызаваў «папяровыя» праекты ў Добрушы, Шклове і Сьветлагорску.

Найперш гэта завод газэтнай паперы на малой радзіме Лукашэнкі, у Шклове. Толькі на запуск прадпрыемства шэсьць гадоў таму, паводле розных ацэнак, выдаткавалі ад 100 да 200 мільёнаў даляраў. Але дагэтуль завод ня выйшаў на кантрактныя парамэтры.

Другі абʼект у Добрушы. Мадэрнізаваць фабрыку ўзялася кітайская карпарацыя «Сюань Юань». Але кантракт зь ёю скасавалі. Каб фабрыка пачала працу, патрэбна яшчэ 80 мільёнаў даляраў да тых 285, што ўжо ўкладзеныя.

Трэці — Сьветлагорскі завод вытворчасьці сульфатнай беленай цэлюлёзы. У яго ўжо ўклалі каля мільярда даляраў. І тут застаўся кітайскі сьлед. Генэральным падраднікам мадэрнізацыі цэлюлёзна-кардоннага камбінату стала кітайская карпарацыя САМСЕ. Абʼект мелі ўвесьці ў эксплюатацыю яшчэ ў 2015 годзе. Тэрміны здачы ня раз пераносілі, а будоўля трапляла ў скандалы — вытворчыя і экалягічныя. Урэшце паўгода таму кантракт з САМСЕ скасавалі. Цяпер завод працуе на 80% ад праектнай магутнасьці. Але каб завяршыць мадэрнізацыю, патрэбна рашэньне ўраду перанесьці тэрміны вяртаньня шматлікіх крэдытаў.

Раіць купляць беларускае, а не ад IKEA

Пасьля таго, як Юры Назараў суправадзіў Аляксандра Лукашэнку ў паездцы ў Сьветлагорск і Добруш, ён даў інтэрвію тэлеканалу СТВ.

Ён сказаў, што летась канцэрн зэканоміў дзяржаве 150 мільёнаў даляраў, а рост вытворчасьці склаў амаль 15%.

Заадно Юры Назараў даў парады, як быць «патрыятычным». Ён мяркуе, што замест паездак у IKEA беларусам варта купляць мэблю ў сваіх прадпрыемстваў і «любіць сваё».

«Прэзыдэнт сказаў у Сьветлагорску, што стварэньне новых вытворчасцьяў на тэрыторыі рэспублікі — гэта і ёсьць патрыятызм», — кажа Юры Назараў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG