Аляксандар Лукашэнка 3 сакавіка зьмяніў віцэ-прэм’ера, адказнага за нафтахімічны комплекс: на месца Ігара Ляшэнкі прызначыў былога кіраўніка дзяржаўнага канцэрну «Беллеспаперапрам» Юрыя Назарава.
Як перадае БелТА, 3 сакавіка Лукашэнка таксама «актуалізаваў задачы пошуку новых пастаўнікаў нафты і выстройваньня лягістыкі дастаўкі сыравіны».
Нафта «ва ўльтыматыўнай форме ўвязваецца зь іншымі праблемамі»
«Асобныя дзяржавы зразумелі, што пры дапамозе вэнтыля на нафтавай трубе выгадныя ім пытаньні вырашаюцца значна лягчэй, — казаў Лукашэнка. — Ня думайце, што я намякаю тут толькі на Расею. Гэта стала нормай для дзяржаваў плянэты, якія маюць ад Госпада такое шчасьце. На жаль, нягледзячы ні на якія ўзаемныя абавязаньні, такая практыка стала прымяняцца і ў дачыненьні да Беларусі.
Умовы паставак нафты ва ўльтыматыўнай форме ўвязваюцца зь іншымі праблемамі, якія жадае вырашыць краіна-пастаўшчык. Адбываецца гэта без аглядкі на дзейную дамоўную базу і прынцыпы пабудовы нашых стасункаў».
Паводле Лукашэнкі, Беларусь штомесяц недаатрымлівае 1 млн тонаў нафты ў выніку гэтага, і, кажа ён, «справа тут ня толькі ў тым, што нехта за вэнтыль хапаецца»:
«Справа яшчэ і ў тым, што мы самі вінаватыя, што не дывэрсыфікавалі ў свой час пастаўкі нафты, — казаў Лукашэнка. — Манапалізм заўсёды прыводзіць да падобных вынікаў».
«Калі зьнікне манапалізм, лягчэй будзе дамаўляцца аб цэнах»
Паводле Лукашэнкі, нематываваныя дзеяньні Расеі ў сфэры паставак нафты нэгатыўна ўплываюць на валавы ўнутраны прадукт і даходы бюджэту, хоць задача дывэрсыфікацыі крыніц эканамічнага росту стаіць перад урадам ужо не адзін год.
«Разьлічваю, што ў праграме на чарговую пяцігодку будзе канкрэтны плян, як зьнізіць значнасьць умоваў паставак нафты для фармаваньня ВУП, — абазначыў задачу Лукашэнка. — Мы неапраўдана зацыкліліся на некалькіх пастаўшчыках і ня маем доўгатэрміновых альтэрнатыўных крыніц сыравіны.
Нафта не манапольны тавар, ахвотнікаў працаваць з намі дастаткова нават у самой Расеі. Пастаўшчыкоў трэба знаходзіць, зь імі трэба дамаўляцца. І гэта задача нумар адзін. Асабліва ў цяперашняй няпростай сытуацыі, якая склалася ў сьвеце, у тым ліку з нашым партнэрам-манапалістам».
Пры гэтым Лукашэнка падкрэсьліў, што Беларусь ня ставіць пытаньне так, каб зусім не набываць расейскай нафты.
«Будзем купляць, бо гэтая нафта, яе здабыча і транспартаваньне стваралася ў тым ліку рукамі беларусаў — тых пакаленьняў, за якімі мы з вамі прыйшлі, — падсумаваў Лукашэнка. — І лягістыка тут самая зручная. Але мы, вядома ж, ня будзем пастаянна поўзаць на каленях 31 сьнежня, вымольваючы гэтую нафту. І, калі зьнікне манапалізм, лягчэй будзе дамаўляцца аб цэнах».
Расея спыніла пастаўкі нафты ў Беларусь. Што здарылася
- 1 студзеня 2020 году Расея спыніла пастаўкі нафты ў Беларусь, але расейская нафта працягвае паступаць транзытам празь Беларусь у Эўропу.
- Беларусь і Расея дагэтуль не дамовіліся пра пастаўкі нафты ў 2020 годзе, хоць Лукашэнка і Пуцін вялі перамовы 30 і 31 сьнежня.
- Прыняты толькі «індыкатыўны балянс»: Расея можа паставіць 24 млн тонаў нафты на год. У 2019-м столькі і паставілі: 18 млн т пайшлі на перапрацоўку, яшчэ 6 млн т на «перамытненьне». Паводле эканаміста Яраслава Раманчука, Беларусі на ўласныя патрэбы хапае 6–7 млн тонаў — астатняе ішло на нафтапрадукты для экспарту або на «перамытненьне».
- 31 сьнежня 2019 году Лукашэнка даручыў завозіць нафту з партоў Балтыі і залучыць альтэрнатыўныя пастаўкі праз магістральны нафтаправод «Дружба».
- Пакуль Мазырскі НПЗ пачаў атрымліваць нафту толькі ад кампаніі расейскага алігарха Гуцэрыева — чакаецца пастаўка ўсяго 750 тысячаў тонаў.
- Беларусь дамовілася пра імпарт 80 тонаў нарвэскай нафты Johan Sverdrup з пастаўкай у літоўскі порт Клайпеда. У Беларусі чакаюць пачатку разгрузкі ўвечары 22 студзеня. Перавалка і транспарт да НПЗ чыгункай будуць каштаваць больш за 20 даляраў за тону.
- Гатоўнасьць транспартаваць нафту ў Беларусь на пастаяннай аснове ўжо выказалі суседнія Латвія (магчымыя аб’ёмы не абвяшчаліся) і Літва (да 3 млн тонаў на год). Пры чым Літва гатовая дастаўляць і газ. Па стане на 21 студзеня «Белнафтахім» мае «практычна гатовыя кантракты» на альтэрнатыўныя пастаўкі.
- Беларускія НПЗ у першай палове студзеня працавалі на леташніх запасах, аб’ёму якіх хапала прыкладна на 20 дзён працы. Экспарт нафтапрадуктаў Беларусь часова прыпыняла ад 1 студзеня, аднавіла ад 21-га.
- Паводле неафіцыйных зьвестак «Інтэрфаксу», Беларусь прапанавала рэалізаваць варыянт разавай пастаўкі нафты з рэсурсаў незалежных пастаўшчыкоў з мэтай павелічэньня запасаў сыравіны на НПЗ на час правядзеньня перамоваў.
- Публічна ж Лукашэнка 21 студзеня паставіў задачу зьнізіць пастаўкі нафты з Расеі да 30-40% ад неабходных аб’ёмаў: «працэнтаў 30 мы павінны з Балтыкі завозіць і працэнтаў 30 праз Украіну». Пастаўкі з Казахстану, заявіў ён, заблякавала Расея.
- Менск і Масква дасюль не ўзгаднілі кампэнсацыю за расейскі падатковы манэўр. У беларускі бюджэт-2020 закладзеныя страты ў памеры 951 млн рублёў.
- Расея дагэтуль не кампэнсавала Беларусі страты за пастаўкі бруднай нафты ў красавіку 2019 году — толькі 20 студзеня 2020-га дамовіліся пра падыходы і мэтодыку кампэнсацыі.
Беларусь — адзіная краіна ў сьвеце, якая багацее на суседзкай нафце, — эканаміст
Усё пачалося з Пуціна. Кароткая гісторыя нафтагазавых канфліктаў Беларусі і Расеі
Ці ўратуе Беларусь эўрапейская нафта? Разьбіраемся з экспэртамі