«Улады хочуць закрыць нам рот»
Першы масавы пратэст у Якімавай Слабадзе адбыўся 25 сьнежня, калі ў цэнтар вёскі выйшлі каля дзьвюхсот мясцовых жыхароў. Людзі абураліся, што ў іх мясцовасьці зрабілі «газавую камэру» і «даліну сьмерці».
Праз два дні больш за паўтары сотні жыхароў накіравалі лісты пратэсту ў Адміністрацыю прэзыдэнта, Міністэрства аховы здароўя і Міністэрства прыроды.
«Пасьля нашага стыхійнага сходу прыяжджаў участковы, распытваў, хто зьбірае людзей, хто імі кіруе. Пытаўся таксама, што гэта за жанчына здымала cход на відэа, фотаздымак паказваў. Улады хочуць закрыць нам рот, каб усё было ціха, усе маўчалі», — кажа вяскоўка Людміла.
Навагодні падарунак
Раніцай пасьля навагодняй ночы мясцовыя жыхары, паводле іх слоў, зноў перажывалі «газавую атаку», бо вецер дзьмуў менавіта ў бок Якімавай Слабады.
«На заводзе нейкі аўрал ці аварыя была, бо стаяў такі смурод, што падзецца не было куды, — апавядаюць вяскоўцы. — Чорная вада хлынула з завода праз ліўневую трубу ў раўчук, які ўпадае ў раку Бярэзіну. Выклікалі службу МНС».
Спадар Бібік, вясковец у гадах, быў на месцы здарэньня.
«Майму брату стала так блага, што я адразу адвёз яго дадому. Хвіліны праз тры ці чатыры мяне званітавала ад гэтага смуроду», — кажа мужчына.
«Нас проста атручваюць»
Вяскоўцы скардзяцца на дзёр у горле, у бронхах, прыступы ўдушша. Пэнсіянэрка Зінаіда згадвае, што пару дзён таму ехала аўтобусам дадому са Сьветлагорску. У аўтобусе поўна дзяцей — вярталіся з экскурсіі. Калі наблізіліся да заводу, які прымыкае ўшчыльную да вёскі, смурод быў такі, што дзеці сталі шалікамі ды шапкамі насы закрываць.
«Гэта ж атрута, нас проста атручваюць», — абураецца пэнсіянэрка.
«Будуйце саркафаг, як у Чарнобылі»
Вясковыя жыхары згадваюць, што яшчэ на пачатку будаўніцтва завода мясцовыя начальнікі ўсяляк супакойвалі жыхароў, пераконвалі: гэта будзе такая вытворчасьць, што «людзі будуць хадзіць у белых тапках». «Вось яны белыя тапкі ўсім і падрыхтавалі», — скрушна жартуюць цяпер у Якімавай Слабадзе.
«У мяне дзьве першыя ночы новага году, калі быў асабліва моцны смурод, пэрыядычна ішла кроў з носа. Я думаў, што гэта толькі ў мяне аднаго. А тут і сусед скардзіўся — і ў яго такая ж бяда», — апавёў сталага веку вясковец, які назваўся Рыгорам.
Вясковец лічыць, што калі завод ня можа зрабіць поўную ачыстку сваіх выкідаў, то няхай будуе саркафаг, як Чарнобылі — і працуе пад гэтым саркафагам. Бо ў сямідзесяці выпадках з ста вецер дзьме ў бок Якімавай Слабады і атручвае навакольле — такая тут «ружа вятроў».
Дэпутаты не азадачыліся
Пры канцы бягучага тыдня ў Якімавай Слабадзе чакалі прадстаўнікоў зь Міністэрства аховы здароўя і Мінпрыроды, але на сустрэчу зь вяскоўцамі ніхто не прыехаў. Людзі абураны яшчэ і тым, што і дзейныя дэпутаты не азадачыліся тутэйшай экалягічнай сытуацыяй.
«Агітавалі тут у нас за Галіну Філіповіч на другі тэрмін у Палату прадстаўнікоў, але і яна вачэй не паказвае», — зьдзіўляюцца вяскоўцы.
Няма поўнай інфармацыі
Грамадзкія актывісты Сьветлагорску, на ўскрайку якога паўстаў завод сульфатнай беленай цэлюлёзы, спрабавалі высьветліць на прадпрыемстве, што менавіта і ў якой колькасьці ляціць ў паветра, напаўняючы яго хімічным смуродам. Аднак уцямнага адказу не атрымалі.
«Мы зьвярнуліся ў інспэкцыю прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя. Прыйшоў адказ на трох старонках, але зноў-такі без указаньня, якія па складзе хімічныя рэчывы і ў якой колькасьці выкідвае завод. Грамадзтву не даюць поўнай інфармацыі», — кажа Тэльман Масьлюкоў, адзін з чальцоў гарадзкой ініцыятыўнай групы, што яшчэ на этапе абмеркаваньня выступала супраць будаўніцтва ў горадзе трэцяга хімічнага прадпрыемства і сабрала звыш 10 тысяч подпісаў.
Па зьвестках актывістаў, у паветра завод беленай цэлюлёзы выкідвае меркаптаны — сярністыя злучэньні, якія маюць непрыемны пах і нават у невялікіх канцэнтрацыях адмоўна ўплываюць на самаадчуваньне чалавека.
Першая цэлюлёза — Шклову
На новым прадпрыемстве ўжо адрапартавалі, што выпусьцілі першую тысячу тон цэлюлёзы і адправілі яе ў Шклоў на завод «Спартак», дзе выпускаюць газэтную паперу, а таксама у Добруш, на папяровую фабрыку «Герой працы».
Кіраўнікі цэлюлёзна-кардоннага камбінату, на базе якога ўзьведзены завод сульфатнай беленай цэлюлёзы, просяць праз мясцовы друк жыхароў Сьветлагорску і Якімавай Слабады з разуменьнем паставіцца да пуску-наладкі новай вытворчасьці. Запэўніваюць, што ў рэалізаваным на кітайскі крэдыт праекце «пытаньні экалягічнай бясьпечнасьці прадугледжаны». У сьвеце, маўляў, 90 адсоткаў цэлюлёзы вырабляецца па такой жа тэхналёгіі, якая рэалізавана на Сьветлагорскім ЦКК.
Спасылаюцца таксама на мясцовыя санітарна-экалягічныя службы, якія не фіксуюць перавышэньня дапушчальных узроўняў выкідаў шкодных рэчываў.
Шакаляд — у кандытараў, у хімікаў — хімія
Тэхнічная ды экалягічная службы камбінату адмаўляюцца наўпрост камэнтаваць сытуацыю на новым хімічным заводзе. Пагаварыць пагаджаецца начальнік аддзелу па агульных пытаньнях ЦКК Аляксандар Гудыменка.
«Да нас ніхто не зьвяртаўся, ніхто нас не інфармаваў пра стыхійныя мітынгі ды абурэньні. Што вылятае ў паветра і сьмярдзіць, не магу сказаць, бо не спэцыяліст. Я адказваю за сацыяльныя пытаньні», — заўважае Гудыменка
Прадстаўнік камбінату пацьвердзіў, што 4 студзеня на заводзе беленай цэлюлёзы «былі спэцыялісты з прыродаахоўных стуктураў, бралі пробы. І будуць рабіць гэта рэгулярна». А з «дурным смуродам» ЦКК мае разабрацца да канца студзеня, адладзіўшы рэгенэрацыю хімічных рэчываў«.
«Калі вы ідзеце паўз хлебазавод, пахне хлебам, каля кандытарскай фабрыкі — пахне шакалядам. У нас хімічнае прадпрыемства, можа недзе чымсьці і пахне. Але ж санітарныя службы не выяўляюць перавышэньня дапушчальных узроўняў выкідаў шкодных рэчываў», — зазначае Аляксандар Гудыменка.
Паводле суразмоўцы, завод сульфатнай беленай цэлюлёзы яшчэ наагул ня ўведзены ў шэраг дзеючых. Аднак яшчэ 11 сьнежня дзелавы часопіс пра Кітай «ChinaPRO» паведаміў, што ў Гомельскай вобласьці ўведзены ў эксплёатацыю завод магутнасьцю 400 тысяч тонаў сульфатнай беленай цэлюлёзы ў год.