Паводле дадзеных Міністэрства абароны Беларусі, у беларускім войску служаць больш за чатыры тысячы жанчын. Больш як 600 зь іх — афіцэры, блізу 2,3 тысячы праходзілі службу па кантракце на пасадах салдатаў і сяржантаў, каля 1 тысячы — прапаршчыкі. Сярод камандаваньня і кіраўніцтва Міністэрства абароны Беларусі жанчын няма.
Тым часам шмат у якіх краінах сьвету жанчына на чале абароннага ведамства — даўно не навіна. З прыкладна 40 жанчын, якія былі за ўсю гісторыю міністаркамі абароны, 30 сталі імі пасьля 2000 году. Свабода склала сьпіс 10 найбольш яркіх міністарак абароны ў розных краінах сьвету.
Урсуля фон дэр Ляен, міністарка абароны Нямеччыны (2013–2019)
1 сьнежня 2019 году яна ўзначаліла Эўрапейскую камісію, стаўшы таксама першай у гісторыі жанчынай на гэтай пасадзе. Урсуля фон дэр Ляен стаяла на чале адной з самых магутных армій NATO. Паводле прафэсіі гінэколяг, Урсуля фон дэр Ляен была мэрам невялікага гарадка, кіравала Міністэрствам па справах сем’яў і жанчын, Міністэрствам працы. У яе сямёра дзяцей. Фон дэр Ляен запомнілася рэформамі ў справе паляпшэньня быту вайскоўцаў і іх семʼяў. Яна змагалася зь нестатутнымі адносінамі, сэксуальнымі дамаганьнямі і зьбіццём, у выніку чаго было звольнена некалькі буйных камандуючых.
«Няма дрэнных маці, вымушаных кідаць сваіх дзяцей дзеля працы. Ёсьць дрэнная дзяржава з такімі ўмовамі працы, што дзяцей гадаваць становіцца вельмі складанай задачай», — казала Ўрсуля фон дэр Ляен.
Раса Юкнявічэне, міністарка абароны Літвы (2008–2012)
Вучылася ў мэдычным інстытуце, працавала пэдыятрам. Валодае ангельскай, расейскай, нарвэскай мовамі. Перад тым як стаць міністаркай абароны, была дэпутаткай Сэйму, сябрам Камітэту нацыянальнай бясьпекі і абароны. Была ў дэпутацкай групе «За дэмакратычную Беларусь». У верасьні 2018 году стала старшынёй Парлямэнцкай асамблеі NATO.
Раса Юкнявічэне ў красавіку 2014 году заяўляла, што з дакумэнтаў NATO і ЭЗ трэба павыкрэсьліваць усе згадкі аб стратэгічным партнэрстве з Расеяй:
«Энэргетычная залежнасьць ад стратэгічнай пагрозы — гэта самая вялікая небясьпека для Эўропы. Супрацоўніцтва з Пуціным — гэта самая вялікая памылка, якую нам неабходна выправіць, калі яшчэ ня позна!»
Фляранс Парлі, міністарка ўзброеных сіл Францыі (2017 — па сёньня)
Бізнэсоўка, палітык, дзяржаўная службоўца. Працавала ў авіякампаніі Air France, дзе вырасла да пасады намесьніцы генэральнага дырэктара. Узначальвала шэраг буйных кампаній. Калі ў 2017 годзе была прызначаная міністаркай узброеных сіл Францыі, пакінула кіраўнічыя пасады ў кампаніях Zodiac Aerospace, Altran і Ingenico, каб пазьбегнуць канфлікту інтарэсаў. Зь яе ініцыятывы ў 2019 годзе прэзыдэнт Эмануэль Макрон абвясьціў пра намер сфармаваць Вайскова-касьмічныя сілы Францыі.
Міністарка прапанавала «плян сямʼі» дзеля падтрымкі францускіх вайскоўцаў, у якім было прадугледжана патраціць цягам пяці гадоў 300 мільёнаў эўра на паляпшэньне ўмоў жыцьця вайскоўцаў і іх семʼяў. «Плян сямʼі» стаў адказам на незадаволенасьць асацыяцый жонак і сваякоў францускіх вайскоўцаў. Фляранс Парлі паставіла задачу давесьці долю жанчын-генэралаў да 2022 году да 10%. Пад яе кіраўніцтвам жанчын-маракоў упершыню дапусьцілі служыць на падводных лодках.
«Нельга быць задаволеным тым, што слабога полу ў нашай арміі толькі 15% кадравага складу. Наша грамадзтва зьмяшанае, складаецца з мужчын і жанчын, і гэтая зьмяшанасьць — яго годнасьць», — заяўляла Фляранс Парлі.
Элізабэта Трэнта, міністарка абароны Італіі (2018–2019)
Навукоўца, палітык, экспэртка ў пытаньнях бясьпекі. Доўгі час займалася рознымі праектамі ў краінах, якія перажылі ўнутраныя канфлікты. Была палітычнай дарадцай Міністэрства замежных спраў Іраку, у 2009 годзе працавала дарадцай Міністэрства абароны Лібану, кіравала ў Лібіі праектам рэінтэграцыі ў цывільнае жыцьцё ўдзельнікаў баявых дзеяньняў. Яна зьмяніла на пасадзе міністаркі абароны іншую жанчыну — Рабэрту Піноці.
У 2019 годзе Трэнта прапанавала зьмяніць правілы правядзеньня параду ў гонар Дня незалежнасьці Італіі. У Мінабароны казалі пра «інклюзіўнае» шэсьце, доступ у якое будзе адкрыты ўсім, хто зьвязаны з войскам, у тым ліку гуманітарным арганізацыям.
Маргарыта Роблес, міністарка абароны Гішпаніі (2018 — па сёньня)
Гэта ўжо трэцяя жанчына на чале абарончага ведамства Гішпаніі. Юрыстка, судзьдзя, палітык. Адначасна зь міністэрствам абароны ўзначальвае і міністэрства замежных спраў Гішпаніі. На пасадзе міністаркі абароны ёй давялося сутыкнуцца з такімі гучнымі справамі, як дэманстрацыя вэтэранаў у падтрымку Франка і скандал з фасонам жаночай формы, які не дазваляў жанчынам рабіць татуіроўкі на руках.
«Трэба быць рэалістамі. Мы ня можам дасягнуць 2% ні цяпер, ні ў сярэднетэрміновай пэрспэктыве», — заявіла Роблес, гаворачы пра тое, што Гішпанія ня зможа ў бліжэйшай пэрспэктыве павялічыць свае абаронныя выдаткі да 2% ВУП на патрабаваньне прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа.
Інэ Марые Эрыксэн Сёрэйдэ, міністарка абароны Нарвэгіі (2013–2017)
Пачынала як прадусарка на тэлеканале Metropol, пасьля працавала ў юрыдычнай фірме. У 2005 годзе яе ўпершыню абралі дэпутатам парлямэнту Нарвэгіі, у 2009-м пераабралі. Пры ёй у войска пачалі прызываць жанчын. Нарвэгія — першая эўрапейская краіна, якая пастанавіла пазбавіцца ад гендэрных адрозьненьняў у войску. Яна ўвяла ў войску вэгетарыянскі дзень па панядзелках. З 2017 году — міністарка замежных спраў Нарвэгіі.
Марына Пэндэш, міністарка абароны Босьніі і Герцагавіны (2015–2019)
Падчас Басьнійскай вайны 1992–1995 гадоў Марына Пэндэш служыла ў вайсковай выведцы Харвацкай рады абароны. Да таго як стаць міністаркай, 11 гадоў працавала памочніцай міністра.
Тамомі Інада, міністарка абароны Японіі (2016–2017)
Палітык, юрыстка. Дваццаць гадоў працавала памочніцай у судзе і адвакаткай, пакуль ня вырашыла рабіць палітычную карʼеру. Удзельнічала ў судовых працэсах на баку афіцэраў японскай імпэратарскай арміі часоў Другой усясьветнай вайны, у тым ліку абвінавачаных у ваенных злачынствах. Прайграўшы адзін з судоў, вырашыла пайсьці ў палітыку, каб абараняць гонар японскіх вайскоўцаў. У 2016 годзе імпэратар Акіхіта прывёў яе да прысягі як міністарку абароны. Адкрыла доступ для жанчын у танкавыя войскі і выведку.
Падала ў адстаўку ў 2017 годзе. Сыход быў зьвязаны з падзеньнем рэйтынгу прэмʼер-міністра краіны на 30%, што было выклікана ў тым ліку скандалам вакол справаздач аб дзейнасьці японскіх міратворцаў у Паўднёвым Судане. «У сувязі з гэтым я нясу адказнасьць як міністарка абароны і прыняла рашэньне падаць у адстаўку», — заявіла Інада.
Лінда Мірніецэ, міністарка абароны Латвіі (студзень — красавік 2006)
У 35 гадоў стала першай у гісторыі Латвіі жанчынай — міністрам абароны. Пазьней займала пасаду міністаркі ўнутраных спраў (з 2009 да 2011 году). Менавіта Лінда Мірніецэ загадала ўключыць былога мэра расейскай сталіцы Юрыя Лужкова ў сьпіс непажаданых для Латвіі асобаў і выступала супраць выдачы яму пасьведчаньня на права жыхарства. Журналістка паводле адукацыі, добра страляе.
Элізабэт Рэн, міністарка абароны Фінляндыі (1990–1995)
Адна зь першых жанчын на чале вайсковага ведамства. Кіравала фінскім войскам з 1990 па 1995 год. Затым займала пасаду памочніка Генэральнага сакратара ААН. Нядаўна экс-міністарка абароны параўнала трагедыю ў сырыйскім Алепа з падзеямі ў Руандзе, Срэбраніцы і Сараеве: «Няўжо мы сёньня нічога ня можам зрабіць? Ці будзем мы пастаянна паўтараць „Гэта не павінна паўтарыцца“, але ўсё будзе паўтарацца зноў?»