З 2 сакавіка ўсе ватыканскія архівы пантыфікату Пія XII былі адкрытыя для дасьледчыкаў. Зь іх вынікае вобраз Папы, які быў сапраўдным абаронцам цывілізацыі, — запэўніў кіраўнік Гістарычнага архіва Другой секцыі Дзяржаўнага сакратарыята Ёхан Ікс. Пра гэта паведамляе Ватыканскае радыё.
Ён нагадаў, што афіцыйныя дакумэнты Пія XII часоў Другой сусьветнай вайны ўжо былі вядомыя раней. Цяпер зьявілася магчымасьць доступу да неафіцыйных тэкстаў, якія дазволяць рэканструяваць генэзіс папскай дзейнасьці, усю «закулісную» гісторыю.
Ватыканскі гісторык таксама адзначае, што грамадзкі інтарэс неапраўдана сканцэнтраваны толькі на першым этапе пантыфікату, зьвязаным з вайной. Ня менш важным, на яго думку, зьяўляецца стаўленьне Пія XII да камунізму. І тут можна чакаць шмат па-сапраўднаму важных адкрыцьцяў.
Ікс таксама нагадаў, што, насуперак усяму, Сьвяты Пасад не саромеўся адкрыць свае архівы, наадварот, зрабіў іх даступнымі раней вызначанага часу. Згодна з звычайнай практыкай, адкрыцьця архіваў Пія XII давялося б пачакаць яшчэ дзесяць год.
Год таму Францішак прыняў рашэньне адкрыць архівы, якія датычаць пантыфікату Пія XII — пэрыяду з 2 сакавіка 1939 г. па 9 кастрычніка 1958 г. Ватыканскі апостальскі архіў даў доступ да 151 тыс. дакумэнтаў. Гаворка ідзе ў тым ліку пра рукапісы Эўджэніа Пачэлі.
Чаму гэта важна
Цікавасьць дасьледчыкаў да пантыфікату Пія XII вельмі высокая, паколькі ён прыйшоўся на час глябальных гістарычных зьмен і Другой сусьветнай вайны, паведамляе Ватыканскае радыё.
Прадстаўнікі габрэйскіх арганізацыяў лічаць яго адказным за тое, што падчас вайны Ватыкан не выказаўся рашуча і наўпрост супраць Галакоста і не дапамагаў у дастатковай меры перасьледаваным габрэям. Амэрыканскі габрэйскі камітэт на працягу апошніх 30 гадоў заклікаў Ватыкан адкрыць доступ да архіваў пэрыяду 1939-1958 гадоў.