16 тысяч тон — столькі бульбы летась закупіла Беларусь. Асноўныя пастаўнікі — Расея, Украіна і нават Нідэрлянды. Свабода разабралася, навошта Беларусь набывае бульбу, хоць сама яе вырошчвае.
4,3 мільёна даляраў — столькі летась Беларусь патраціла на замежную бульбу, кажа Белстат. Зь іх 1,3 мільёна пайшло на насеньне і яшчэ 3 — на ўласна бульбу. Паводле міністэрства сельскай гаспадаркі, Беларусь сябе цалкам забясьпечвае бульбай і нават экспартуе яе.
«Гэта можа быць насеньне ці раньняя бульба, калі свая яшчэ не вырасла. А так у нас з бульбай усё добра, мы і сябе забясьпечваем, і на экспарт адпраўляем», — тлумачаць у міністэрстве.
Найбольш бульбы летась Беларусь набывала ў
- Расеі (на 1,4 мільёна даляраў),
- Украіне (652 тысячы даляраў),
- Нідэрляндах (497 тысяч),
- Нямеччыне (466 тысяч).
Большасьць бульбы ў крамах — беларуская леташняга ўраджаю. Але ўжо прадаецца і маладая бульба з Эгіпту.
Беларусь прадае бульбу туды ж, дзе пасьля набывае
Калі паглядзець статыстыку экспарту бульбы зь Беларусі, то высьвятляецца, што беларускі экспарт і імпарт бульбы — гэта адныя і тыя ж краіны. Летась Беларусь прадала бульбы на 57 мільёнаў даляраў. Асноўныя пакупнікі — Украіна (31 мільён даляраў), Расея (15 мільёнаў).
Гэта можа тлумачыцца ўзаемавыручкай у міжсэзоньне, мяркуе кіраўнік Цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук.
«Гэта могуць быць узаемныя пастаўкі, калі добрая цана ці калі няма на рынку бульбы зімой. Мы ў свой сэзон пастаўляем ім, яны нам у свой», — кажа Раманчук. Ва Ўкраіне і Расеі Беларусь можа набываць не расейскую ці ўкраінскую бульбу, а эгіпецкую ад кампаніяў-пасярэднікаў.
Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН