Пастаўкі нафты з Расеі ў Беларусь у студзені — лютым склалі крыху больш за 700 тысяч тон, што на 76% менш у параўнаньні з аналягічным пэрыядам 2019 году, паведамляе «Інтэрфакс» са спасылкай на апэратыўную зводку Цэнтральнага дыспэтчарскага ўпраўленьня паліўна-энэргетычнага комплексу Расеі.
На мінулым тыдні віцэ-прэм’ер Беларусі Ігар Ляшэнка ў інтэрвію БелТА паведаміў, што агулам сёлета для перапрацоўкі на беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы пастаўляецца каля 1 млн тон нафты штомесяц. «Плюс-мінус у раёне мільёну тонаў працуем», — сказаў віцэ-прэм’ер. Адказваючы на пытаньне, які аб’ём прадугледжаны на сакавік, Ігар Ляшэнка заявіў: «У такім жа аб’ёме, як было ў студзені і лютым».
«У гэтым няма супярэчнасьці, — паведаміў у размове са Свабодай старшы аналітык кампаніі "Альпары" Вадзім Іосуб. — Адна лічба (709 тыс. тон за два месяцы — РС.) — гэта колькі нафты нам паставілі з Расеі. Іншая (каля 1 млн. тон у месяц — РС) — колькі мы перапрацавалі. Я думаю, яна ўлічвае невялікія альтэрнатыўныя пастаўкі нафты. З нарвэскіх радовішчаў. Таксама яна ўлічвае нафту з беларускіх радовішчаў. Яе няшмат, але яна ёсць. І па-трэцяе, верагодна, яшчэ ў сьнежні мінулага году рабіліся запасы нафты. У Расеі набывалася больш нафты, чым пасьля перапрацоўвалася. Вось за кошт гэтых запасаў удалося перапрацаваць больш, чым было пастаўлена з Расеі».
Тое, што у Беларусі ў студзені-лютым 2020 году перапрацоўвалася больш нафты, чым было набыта ў Расеі, Свабодзе таксама пацьвердзілі ў канцэрне «Белнафтахім».
«"Транснафта" дае толькі лічбы таго, што ішло па трубе, — паведамілі ў прэс-службе "Белнафтахіму". — Былі яшчэ пастаўкі іншым транспартам. У тым ліку чыгуначным».
Пастаўкі сыравіны з Расеі на беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы у студзені-лютым ажыцьцяўлялі толькі кампаніі групы «Сафмар» расейскага бізнэсоўца Міхаіла Гуцэрыева.
Паводле інфармацыі канцэрну «Белнафтахім», ад сакавіка нафту на НПЗ таксама пачнуць пастаўляць пяць новых расейскіх пастаўшчыкоў, якія раней не супрацоўнічалі зь Беларусьсю ў гэтай сфэры.
Пастаўкі нафты зьведзеныя да мінімуму з прычыны адсутнасьці дамоўленасьці з ключавымі пастаўшчыкамі аб цане сыравіны пасьля так званага падатковага манэўру з боку Расеі.
Згодна са зьветскамі канцэрну «Белнафтахім», аб’ём нафтаперапрацоўкі за студзень-люты агулам склаў 1,8 мільёна тон. У сакавіку чакаецца перапрацоўка да ўзроўню 1 млн тон нафты, што ўдвая меней за паказьнікі папярэдніх гадоў.
Расея спыніла пастаўкі нафты ў Беларусь. Што здарылася
- 1 студзеня 2020 году Расея спыніла пастаўкі нафты ў Беларусь, але расейская нафта працягвае паступаць транзытам празь Беларусь у Эўропу.
- Беларусь і Расея дагэтуль не дамовіліся пра пастаўкі нафты ў 2020 годзе, хоць Лукашэнка і Пуцін вялі перамовы 30 і 31 сьнежня.
- Прыняты толькі «індыкатыўны балянс»: Расея можа паставіць 24 млн тонаў нафты на год. У 2019-м столькі і паставілі: 18 млн т пайшлі на перапрацоўку, яшчэ 6 млн т на «перамытненьне». Паводле эканаміста Яраслава Раманчука, Беларусі на ўласныя патрэбы хапае 6–7 млн тонаў — астатняе ішло на нафтапрадукты для экспарту або на «перамытненьне».
- 31 сьнежня 2019 году Лукашэнка даручыў завозіць нафту з партоў Балтыі і залучыць альтэрнатыўныя пастаўкі праз магістральны нафтаправод «Дружба».
- Пакуль Мазырскі НПЗ пачаў атрымліваць нафту толькі ад кампаніі расейскага алігарха Гуцэрыева — чакаецца пастаўка ўсяго 750 тысячаў тонаў.
- Беларусь дамовілася пра імпарт 80 тонаў нарвэскай нафты Johan Sverdrup з пастаўкай у літоўскі порт Клайпеда. У Беларусі чакаюць пачатку разгрузкі ўвечары 22 студзеня. Перавалка і транспарт да НПЗ чыгункай будуць каштаваць больш за 20 даляраў за тону.
- Гатоўнасьць транспартаваць нафту ў Беларусь на пастаяннай аснове ўжо выказалі суседнія Латвія (магчымыя аб’ёмы не абвяшчаліся) і Літва (да 3 млн тонаў на год). Пры чым Літва гатовая дастаўляць і газ. Па стане на 21 студзеня «Белнафтахім» мае «практычна гатовыя кантракты» на альтэрнатыўныя пастаўкі.
- Беларускія НПЗ у першай палове студзеня працавалі на леташніх запасах, аб’ёму якіх хапала прыкладна на 20 дзён працы. Экспарт нафтапрадуктаў Беларусь часова прыпыняла ад 1 студзеня, аднавіла ад 21-га.
- Паводле неафіцыйных зьвестак «Інтэрфаксу», Беларусь прапанавала рэалізаваць варыянт разавай пастаўкі нафты з рэсурсаў незалежных пастаўшчыкоў з мэтай павелічэньня запасаў сыравіны на НПЗ на час правядзеньня перамоваў.
- Публічна ж Лукашэнка 21 студзеня паставіў задачу зьнізіць пастаўкі нафты з Расеі да 30-40% ад неабходных аб’ёмаў: «працэнтаў 30 мы павінны з Балтыкі завозіць і працэнтаў 30 праз Украіну». Пастаўкі з Казахстану, заявіў ён, заблякавала Расея.
- Менск і Масква дасюль не ўзгаднілі кампэнсацыю за расейскі падатковы манэўр. У беларускі бюджэт-2020 закладзеныя страты ў памеры 951 млн рублёў.
- Расея дагэтуль не кампэнсавала Беларусі страты за пастаўкі бруднай нафты ў красавіку 2019 году — толькі 20 студзеня 2020-га дамовіліся пра падыходы і мэтодыку кампэнсацыі.
Беларусь — адзіная краіна ў сьвеце, якая багацее на суседзкай нафце, — эканаміст
Усё пачалося з Пуціна. Кароткая гісторыя нафтагазавых канфліктаў Беларусі і Расеі
Ці ўратуе Беларусь эўрапейская нафта? Разьбіраемся з экспэртамі