Асноўны пакупнік беларускіх камбайнаў — Расея, але іх купляюць у Польшчы і Літве. Са студзеня па кастрычнік сёлета Беларусь прадала сваёй прадукцыі на 27 мільярдаў даляраў. Глядзім, хто набывае гонар беларускай прамысловасьці — трактары, камбайны і самазвалы.
Камбайны
227 камбайнаў Беларусь прадала са студзеня па кастрычнік сёлета, паведамляе Белстат. Летась Беларусь прадала на адзін камбайн менш за такі ж пэрыяд, але зарабіла больш амаль на 2 мільёны даляраў (16,6 мільёна ў гэтым годзе супраць 18,1 у мінулым). Прычына ў сярэдняй цане. Летась камбайн каштаваў 80 тысяч даляраў, а сёлета 76 тысяч.
Асноўны пакупнік — Расея, туды прадалі 81 камбайн. На другім месцы Азэрбайджан, які набыў 62 камбайны, а на трэцім Узбэкістан (46 штук).
Куплялі гэты тавар і ў ЭЗ: у Польшчу паехалі 10 камбайнаў, а ў Літву — 2. Агульная доля гэтай прадукцыі ў экспарце 0,06%.
Трактары
39 664 трактары прадала Беларусь за студзень-кастрычнік гэтага году і зарабіла 496,3 мільёна даляраў. Калі летась сярэдняя цана трактара была 14,7 тысячы, то сёлета 12,5 тысячы. Трактароў экспартавалі больш як на 24 мільёны даляраў.
Асноўны пакупнік — Расея, якая набыла 25 053 трактары, на другім месцы Казахстан (4513), на трэцім Украіна (2563). Прадавалі трактары сёлета і ў далёкія краіны. Напрыклад, Пакістан купіў 1455 трактароў.
Доля прадукцыі ў агульным экспарце — 1,82%.
Самазвалы
Буйныя кар’ерныя самазвалы — яшчэ адзін стратэгічны для Беларусі прадукт. 677 буйных самазвалаў, якія выкарыстоўваюць у бездарожжы, Беларусь экспартавала за студзень—кастрычнік. На гэтым зарабілі 558,6 мільёна даляраў. Летась такіх самазвалаў прадалі 1602 і зарабілі больш — 790 мільёнаў даляраў.
Асноўны пакупнік — Расея, куды адгрузілі 487 адзінак. На другім месцы Ўкраіна (39 штук), а на трэцім Манголія (35 штук).
Сярэдняя цана аднаго самазвала сёлета — 825 тысяч даляраў.
Агульная доля ў экспарце за студзень-кастрычнік — 2,05%.
Да прыкладу, на экспарце нафтапрадуктаў і дыстылятаў за гэты ж пэрыяд Беларусь зарабіла 8,8 мільярда даляраў. Гэта 32,5% ад усяго экспарту.