Часам падобныя словы ў беларускай і расейскай мовах азначаюць зусім адваротнае (як „блага“ vs „благо“ ці „запамятаць“ vs „запамятовать“). Не трапляйма ў моўныя пасткі! Працягваем цыкль „Па-беларуску зусім наадварот!“
рушыць у добры шлях <—> рушить стену
Корань агульнаславянскі. Ці то рушыць утворана ад рух, ці наадварот — этымолягі спрачаюцца, але ўглядаюць тут старажытны індаэўрапейскі корань зь першаснымі значэньнямі 'рыць, ірваць'. А пазьней значэньні ў розных мовах разышліся.
У беларускай слова пазытыўнае.
Да таго ж маем цэлы камплект роднасных: і рух, і рухацца, і зрушыць (напр. зь месца), і вырушыць (у дарогу)… Яны пераважна пазытыўныя. (Бальшыня, але не абсалютна ўсе: ёсьць і рухнуць, і прыставачныя ўтварэньні розныя: парушыць правілы.)
Рух — станоўчае слова. Гэта ня толькі перамяшчэньне, але і рост, і разьвіцьцё, і грамадзкае памкненьне да лепшага. Рухáвы — так з сымпатыяй скажам пра жвавага, дынамічнага чалавека.
Крокам руш! — каманда, зь якой пачынаецца шлях войска (трэба спадзявацца, да перамогі).
Сяржук Сокалаў-Воюш. „Шыхт, зважай! Крокам руш!“ (З альбому „Песьні касінераў“)
У асноўным значэньні ‘пачаць рух’ і яшчэ ў многіх — ‘чапаць’, ‘мяняць’ — слова рушыць/рушыцца было вельмі патрэбным яшчэ ў старабеларускай мове:
„Прыехаў пан Крэер, капітан яго каралеўскай міласьці, з унівэрсалам да п. енарала, абы ўраз з войскам рушыў да краёў сваіх“. (1699)
„[Вулькан] меў жану — Вэнус-багіню, каторую калі застаў на ложы з Марсам-богам, зьвязаў яго ланцугом, аж ся ня мог рушыць з ложы“. („А царствах, краінах і розных землях“, к. XVI — пач. XVII ст.)
„Літва і татары рушыліся да Менска, да Навагарада і да Вільні, набраўшыся туташняга краю лупу [= вайсковай здабычы]“. (Баркалабаўскі летапіс, к. XVI — пач. XVII ст.)
Ня руш бабіных груш!
Знакамітыя старабеларускія вялікакняскія гарантыі — „старыны ня рушыці, навіны ня ўводзіці“ — фармулявалі і словамі „старыны ня рухаці“. То бо тут рушыць азначае не ‘разбураць’, а наагул ‘чапаць, мяняць’ — зрушваць. Як у выразе Ня руш бабіных груш! — не чапай чужога.
У расейскай наадварот:
слова рушить і вытворныя (разрушать) найперш зьвязаныя з паняцьцем разбурэньня, нішчэньня, нечага адмоўнага: „рушатся надежды“.
У расейскіх дыялектах было і слова рух ‘общая тревога, беспокойство, набат, сполох’ (Даль).
Так, асноўныя значэньні супольнага кораню ў дзьвюх мовах разышліся ў розныя бакі. Вось і рэвалюцыя па-расейску апісваецца гэтым нэгатыўным коранем: „Весь мир насилья мы разрушим“ — расейскі пераклад камуністычнага гімну.
Але мы рушымся на Марс!
Ёсьць гэтае слова ў псыхадэлічна-змрочна-сатырычнай песьні „На Марс!“ нябожчыка Аляксандра Кулінковіча:
Патрапiла ў добрае месца
Нашае шалёнае сэрца
Неба нам шлях абяцае
Манiць, мы пакуль што трываем
Але… Мы…
Але… Мы…
Рушымся на Марс!
У інтэрвію „Тузіну гітоў“ Кулінковіч прызнаўся, што сьвядома зьвёў два словы з розных моваў і ўвёў „наватвор — дзеяслоў «рушымся»“:
„Доўга ня мог падабраць неабходнае слова ў прыпеве і вырашыў скарыстаць новае. Мне яно здалося дужа зараджаным энэргетычна — выходзіць сумесь двух словаў і двух сэнсаў — «рухаемся» ў сэнсе беларускага «рушым» ды «обрушаем» у сэнсе расейскага «рушим», няхай мне даруюць гэта знаўцы абедзьвюх моваў“, — казаў Кулінковіч.
Але музы́ка шчыра памыляўся: слова было, ён яго хіба што інтуітыўна ўзнавіў.