Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністар абароны Нямеччыны стала першай жанчынай – старшынёй Эўрапейскай камісіі. Яе функцыі на пасадзе


Фэдэральны міністар абароны Нямеччыны - Урсуля фон дэр Ляен
Фэдэральны міністар абароны Нямеччыны - Урсуля фон дэр Ляен

Міністар абароны Нямеччыны, Урсуля фон дэр Ляен, першая жанчына на гэтай пасадзе, сёньня стала старшынёй Эўрапейскай камісіі.

Гэтая прапанова была падтрыманая Эўрапейскім парлямэнтам, і Ўрсуля фон дэр Ляен стала ня толькі першай жанчынай на самай высокай пасадзе Эўрапейскага Зьвязу, але і першай з часоў Вальтэра Гальштайна (першы старшыня Эўрапейскай камісіі ў 1958–1967 гадах) грамадзянкай Нямеччыны на кіроўнай пасадзе.

Эўрапейская камісія — гэта адзін з самых важных інстытутаў Эўрапейскага Зьвязу, які мае выключнае права падрыхтоўваць і забясьпечваць выкананьне заканадаўчых актаў, прапанаваных Эўрапейскай Радай ці Эўрапейскім парлямэнтам, а таксама прадстаўляе Эўразьвяз у міжнароднай супольнасьці – на самітах кшталту G7 ці G20. Эўрапейскую камісію складаюць 28 эўракамісараў з так званай калегіі камісараў – кожны зь іх прадстаўляе адну з краін Эўрапейскага Зьвязу.

Урсуля фон дэр Ляен разам зь цяперашнім старшынём Эўрапейскай камісіі Жанам-Клёдам Юнкерам
Урсуля фон дэр Ляен разам зь цяперашнім старшынём Эўрапейскай камісіі Жанам-Клёдам Юнкерам

Як адбываюцца выбары на пасаду старшыні Эўрапейскай камісіі?

2 ліпеня Эўрапейская Рада намінавала Ўрсулю фон дэр Ляен на пасаду старшыні Эўрапейскай камісіі. Падчас сёньняшняй сэсіі фон дэр Ляен прадставіла свае пляны ды мэты на пасадзе старшыні, пасьля чаго адбылося абмеркаваньне паміж эўрадэпутатамі. Каб пасьпяхова атрымаць гэтую пасаду, Урсуле фон дэр Ляен трэба было набраць абсалютную перавагу ў галасах сярод 374 эўрапейскіх парлямэнтарыяў. Галасаваньне звычайна адбываецца тайна, і немагчыма высьветліць, як кожны асобны дэпутат прагаласаваў.

Хто такая Ўрсуля фон дэр Ляен і што пра яе вядома?

Урсуля фон дэр Ляен — міністарка абароны ФРН, ураджэнка Брусэлю. Вольна валодае нямецкай, францускай ды ангельскай мовамі. Яна год вывучала эканоміку ў Лёнданскай школе эканомікі, але вышэйшую адукацыю атрымала ў галіне мэдыцыны ў Гановэры. У 1990 годзе далучылася да кіроўнай партыі Нямеччыны — Хрысьціянска-дэмакратычнага зьвязу (ХДЗ). У 2005-2009 гадах займала пасаду міністра ў справах сям’і, пэнсіянэраў, жанчын ды моладзі. Ад 2009-га па 2013-ы — міністар працы і грамадзкіх спраў. 17 сьнежня 2013 году стала фэдэральным міністрам абароны (і першай жанчынай на гэтай пасадзе).


Некаторыя прыярытэты, агучаныя Ўрсуляй фон дэр Ляен

  • Да 2030 году краіны Эўразьвязу павінны будуць скараціць выкіды СО2 на 50%. Плян па дасягненьню гэтай мэты павінен будзе зьявіцца да 2021 году.
  • Падтрымлівае далучэньне Паўночнай Македоніі ды Альбаніі да Эўразьвязу.
  • Падтрымлівае магчымасьць запаволіць працэс Брэкзыту.
  • У адносінах да міграцыі, прапануе «перазапусьціць» Дублінскую сыстэму і зноў пераразьмеркаваць абавязкі прыёму ўцекачоў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG