Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Упершыню ў вайсковым парадзе ў Менску будуць удзельнічаць жанчыны, кадэты і кітайцы


Ілюстрацыйнае фота. Аляксандар Лукашэнка на парадзе на Дзень незалежнасьці 3 ліпеня 2016 году ў Менску
Ілюстрацыйнае фота. Аляксандар Лукашэнка на парадзе на Дзень незалежнасьці 3 ліпеня 2016 году ў Менску

Адметнасьцю вайсковага параду на Дзень незалежнасьці 3 ліпеня ў Менску стане ўдзел жанчын-вайскоўцаў, кадэтаў і вайскоўцаў з КНР.

Пра гэта сказаў журналістам прэсавы сакратар Міністэрства абароны Беларусі Ўладзімер Макараў.

Упершыню ў парадзе паўдзельнічае зводны разьлік вайскоўцаў-жанчын. Будуць таксама браць удзел курсанты з шасьці кадэцкіх вучэльняў і двух ліцэяў. Гэтыя вучэбныя ўстановы адкрыліся ў 2010 годзе. Таксама ўпершыню на пляцы зьявяцца вайскоўцы з Кітаю. Яны прыляцелі ў Менск дзьвюма групамі 24 і 25 чэрвеня і пачалі трэніроўкі.

Беларуская рота ганаровай варты раней ужо ўдзельнічала ў вайсковым сьвяце ў Пэкіне.

Традыцыйна ў парадзе будуць удзельнічаць і вайскоўцы-дэсантнікі з Расеі. Журналісты спыталіся ў палкоўніка Макарава, чаму расейцы прыехалі ў Беларусь, а беларускія вайскоўцы ня ўдзельнічалі сёлета ў парадзе 9 траўня ў Маскве? Прэсавы сакратар патлумачыў, што беларускія вайскоўцы праходзяць па Краснай плошчы толькі ў юбілейныя гады. Апошні раз такое было ў 2015 годзе.

Макараў: Большасьць беларусаў падтрымлівае правядзеньне парадаў

Паводле прэс-сакратара Мінабароны Ўладзімера Макарава, «пераважная большасьць» беларусаў «адназначна падтрымліваюць традыцыю правядзеньня парадаў у Менску».

«Напрыклад, у мінулым годзе вайсковы парад прыйшлі глядзець 250 тысяч грамадзян нашай краіны і гасьцей сталіцы. Па аб’ектыўных прычынах усіх жадаючых не маглі зьмясьціць трыбуны. У гэтым годзе нават падчас начных трэніровак трыбуны былі перапоўненыя моладзьдзю, якая авацыямі сустракала ўдзельнікаў параду», — сказаў Макараў.

Вайсковы парад сёлета традыцыйна пройдзе на скрыжаваньні праспэктаў Машэрава і Пераможцаў. У ім будуць задзейнічаныя больш за 4 тысячы вайскоўцаў, а ў мэханізаванай калёне — больш за 200 адзінак колавай і гусенічнай тэхнікі.

Колькі каштуюць парады на Дзень Рэспублікі, звычайна не гаворыцца. Незалежныя экспэрты кажуць пра дзясяткі мільёнаў даляраў, прадстаўнікі Мінабароны — пра «як па 10 грамаў каўбасы кожнаму жыхару».

Менчукі звычайна абураюцца гучнай падрыхтоўкай да парадаў у цэнтры гораду і дарогамі, разьбітымі пасьля праезду цяжкай тэхнікі.

Дзень Незалежнасьці Беларусі адзначаўся ад 1991 году 27 ліпеня, у гадавіну прыняцьця Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце БССР. Перанос даты на 3 ліпеня — гадавіну вызваленьня Менску саветамі ад войскаў нацыстаў — адбыўся ў выніку рэфэрэндуму 1996 году (празь яго ж былі пашыраныя паўнамоцтвы Лукашэнкі — Беларусь ператварылася з парлямэнцка-прэзыдэнцкай у прэзыдэнцкую рэспубліку, да рэфэрэндуму і ў час яго адзначаліся шматлікія парушэньні).

Незалежная грамадзкасьць адзначае як гадавіну абвяшчэньня незалежнасьці Беларусі Дзень Волі 25 сакавіка — у дзень прыняцьця ў 1918 годзе Трэцяй Устаўной граматы Беларускай Народнай Рэспублікі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG