Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністар эканомікі Ўкраіны: «Нам патрэбна 50 гадоў, каб дагнаць Беларусь або Славаччыну»


Міністар эканомікі Ўкраіны Цімафей Мілаванаў
Міністар эканомікі Ўкраіны Цімафей Мілаванаў

Міністар эканомікі, гандлю і сельскай гаспадаркі Ўкраіны Цімафей Мілаванаў заявіў, што ўкраінская эканоміка сваёй эфэктыўнасьцю істотна адстае ад суседзяў, у тым ліку Беларусі.

«Узровень зношанасьці асноўных фондаў у нашай краіне і ў нашых суседзяў. Паглядзіце, бярэм Славаччыну — 35%, Беларусь — 38%, Малдову — 42%, Украіну — 60%. Тыя 50 мільярдаў інвэстыцый, пра якія мы гаворым, і калі нам удасца іх прыцягнуць, дазволяць давесьці гэтую лічбу да 48-50%. Каб дагнаць Беларусь альбо Славаччыну, нам патрэбна 100 мільярдаў даляраў інвэстыцый цягам наступных 50 гадоў», — заявіў Цімафей Мілаванаў, прадстаўляючы ў Кіеве ўрадавую праграму «Эканамічная стратэгія: рост за кошт інвэстыцый».

Паводле міністра, цяпер ва Ўкраіне найбольш мадэрнізаваныя толькі два сэктары — ІТ і аграбізнэс, якія дзякуючы інвэстыцыям сталі здольныя ўбудавацца ў глябальныя рынкавыя ланцугі.

«Менавіта інвэстыцыі — гэта новыя працоўныя месцы, а праца — гэта магчымасьць украінцаў зарабляць і жыць лепш. Інвэстыцыі ў чалавека, у асноўны капітал, у галіновыя рынкі і тэхналёгіі, інтэграцыя ў сусьветныя рынкі — аснова нашай стратэгіі. Калі мы гэтага ня зробім, мы ня зможам стаць канкурэнтназдольнымі».

Раней Дзяржаўная служба статыстыкі краіны адзначыла, што ўпершыню за апошні час у сярэднім налічаным заробку Ўкраіна апярэдзіла Беларусь і Расею — у сьнежні 2019 году ён склаў 12 264 грыўні і першы раз у гісторыі краіны перавысіў 500 даляраў у эквіваленце.

Цягам 2019 году ва Ўкраіне істотна ўмацавалася нацыянальная валюта.

Экспэрт: Беларуская эканоміка яшчэ не перажывала рэальных шокаў

Дырэктар кіеўскага Інстытуту эканамічных дасьледаваньняў і палітычных кансультацыяў Ігар Буракоўскі кажа, што ва Ўкраіне сапраўды існуюць праблемы са зношанасьцю асноўных фондаў. Найперш у інфраструктуры, зьвязанай з пастаўкамі электраэнэргіі, газу, вады, а таксама ў прамысловасьці.

Ігар Буракоўскі
Ігар Буракоўскі

«Аднак усе параўнаньні зь Беларусьсю трэба рабіць вельмі асьцярожна. Так, з аднаго боку, у беларускай эканоміцы існуюць пэўныя пазытыўныя тэндэнцыі, але большасьць зь іх зьвязаныя з таннымі энэрганосьбітамі, якія Беларусь атрымлівае з Расеі. Беларуская эканоміка яшчэ не перажывала рэальных шокаў, зьвязаных з рэзкай зьменай цэнаў на газ і нафту. Гэта вельмі важна для Беларусі, і, калі такая сытуацыя зьменіцца, гэта будзе вялікі тэст на стабільнасьць яе эканомікі», — кажа экспэрт.

«З другога боку, трэба ўлічваць, што Беларусь параўнальна невялікая краіна, там прасьцей, умоўна кажучы, навесьці парадак, і зразумела, што вялікія грошы ўкладаліся найперш у інфраструктурныя праекты. Але гэта вельмі спэцыфічная мадэль, і мы мусім гаварыць ня толькі пра тое, што там сёньня адбываецца, але і пра ўстойлівасьць гэтай мадэлі эканомікі. Бо ўрэшце эфэктыўнасьць любой эканомікі насамрэч правяраецца ў крызісных умовах — ці гатовая яна ў іх працаваць і адсарбаваць адпаведныя шокі», — падкрэсьліў Ігар Буракоўскі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG