Лінкі ўнівэрсальнага доступу

71-гадовага бабруйчаніна другі раз судзяць за наркотыкі. Першы прысуд анулявалі праз 3 гады ў калёніі


Аляксандар Каваленка
Аляксандар Каваленка

71-гадоваму жыхару Бабруйску Аляксандру Каваленку пагражае да 15 гадоў калёніі. Яго вінавацяць у незаконным захоўваньні і збываньні асабліва небясьпечнага наркатычнага рэчыва — мэтадону. З двух першых судовых пасяджэньняў абвінавачанага забірала хуткая дапамога з прычыны кепскага стану здароўя.

Спачатку асудзілі сына, потым бацьку

Аляксандар Каваленка і ягоная жонка Валянціна — актывісты грамадзянскай ініцыятывы «Супраць беззаконьня ў судах і пракуратуры». Яна аб’ядноўвае людзей, якія лічаць, што сталі ахвярамі «несправядлівых прысудаў».

Каваленкі далучыліся да ініцыятывы, бо ня вераць у вінаватасьць сына Ігара, асуджанага ў 2005 годзе за забойства пэнсіянэра. Ігар адбывае 17-гадовае пакараньне ў папраўчай калёніі № 22 у Івацэвіцкім раёне.

У 2007 годзе ўжо Каваленку-старэйшага асудзілі на 9 гадоў за незаконнае абарачэньне наркатычных рэчываў, але праз 3 гады і 2 месяцы вызвалілі, рэабілітаваўшы і выплаціўшы кампэнсацыю маральнай шкоды за беспадстаўна адбыты ў няволі час. Вярхоўны суд угледзеў у матэрыялах справы «парушэньні падчас распрацоўкі апэратыўнікамі падазраванага».

Каваленкі працяглы час намагаюцца данесьці да праваахоўных органаў, што сына асудзілі беспадстаўна. Яны неаднойчы ўдзельнічалі ў пікетах пратэсту ў Менску, за што атрымлівалі штрафы .

Аляксандар Каваленка на адзіночным пікеце ў Менску, 2016 год
Аляксандар Каваленка на адзіночным пікеце ў Менску, 2016 год

Каваленкі таксама сьцьвярджаюць, што ў калёніі, вядомай як «Воўчыя норы», парушаюцца сынавы правы. Паводле іх, ад 2016 году ён заслужыў «юрыдычнае і фактычнае права» на зьмену ўзмоцненага рэжыму на іншы, мякчэйшы, бо стаў на шлях выпраўленьня, але ў гэтым яму адмаўляюць без прычын. Бацькі асуджанага ня раз зьвярталіся ў гэтай справе да кіраўніцтва Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў і прэзыдэнцкай адміністрацыі.

Валянціна Каваленка зьвязвае ранейшы і цяперашні крымінальны перасьлед мужа з «упартасьцю ў абароне сына».

Справа Аляксандра Каваленкі: галоўнага сьведку не знайшлі

Спачатку Аляксандра Каваленку абвінавацілі ў збыце наркатычнага рэчыва (1 частка 328 артыкула Крымінальнага кодэксу). Пазьней абвінавачваньне перакваліфікавалі на 3 частку, зь цяжэйшым пакараньнем. Чатыры месяцы яго ўтрымліваюць у Бабруйскім сьледчым ізалятары № 5.

Разглядае ягоную справу Глускі суд (у будынку суду Бабруйскага раёну і Бабруйску) пад старшынствам судзьдзі Вольгі Галаўнёвай.

Як вынікае з матэрыялаў справы, падставай для крымінальнага перасьледу Аляксандра Каваленкі стаў праверачны закуп, які 5 красавіка 2019 году арганізаваў бабруйскі аддзел наркакантролю. Паводле яго супрацоўнікаў, грамадзянін Сяргей Бараненка паведаміў апэратыўнікам, што Каваленка незаконна збывае асабліва небясьпечнае наркатычнае рэчыва мэтадон. Інфарматар «добраахвотна» пагадзіўся ўдзельнічаць у апэратыўным мерапрыемстве.

Будынак Бабруйскага суду
Будынак Бабруйскага суду

Як сказаў суду 12 лютага супрацоўнік бабруйскага аддзелу наркакантролю Ўладзімер Худавец, Бараненку выдалі 440 рублёў для набыцьця 20 доз мэтадону. Пасьля ён дамовіўся з падазраваным, дзе і як набудзе наркотык. Міліцыянт настойваў, што факт перадачы наркотыка фіксавала адмысловая апаратура. Бараноўскі нібыта набыў толькі 10 доз (0,0040 грамаў) — больш у Каваленкі не было. Затрымаць яго плянавалі падчас перадачы рэшты наркотыку Бараноўскаму, але падазраваны спыніў кантакты, і апэратыўнае мерапрыемства давялося адкласьці.

Затрымалі Аляксандра Каваленку праз паўгода, 17 кастрычніка 2019 году, каля ягонага дому. Паводле апэратыўнікаў, пры ім быў пачак цыгарэтаў, які ён спрабаваў выкінуць. У ім знаходзіўся скрутак, прамочаны мэтадонам, сьцьвярджае абвінавачаньне.

Сяргея Бараненку суд не дапытаў — міліцыя не змагла яго знайсьці, бо «па месцы пражываньня той не зьяўляецца». Апэратыўнікі ўстанавілі, што ён праходзіў курс тэрапіі ад мэтадонавай залежнасьці ў Бабруйскім наркалягічным дыспансэры, дзе ўзяў накіраваньне на лячэньне ў менскіх Навінках.

Судовы працэс і пазыцыя абвінавачанага

Справу супраць Каваленкі пачалі разглядаць 28 студзеня ў Глуску (райцэнтар за 20 кілямэтраў ад Бабруйску). Паводле праваабаронцы Тамары Сергей, якая аказвае юрыдычную дапамогу абвінавачанаму, празь некалькі хвілін пасьля пачатку працэсу ў яго здарыўся гіпэртанічны крыз. З суду Каваленку, які раней перанёс два інфаркты міякарду, забрала хуткая дапамога.

Да 3 лютага ён лячыўся ў гарадзкой бальніцы Бабруйску. Ад 5 лютага ў сьледчым ізалятары яму прапісалі пасьцельны рэжым. 11 лютага Каваленку ўжо з Бабруйскага суду зноў забрала хуткая. Спробы зьмяніць у сувязі са станам здароўя меру стрыманьня для 71-гадовага абвінавачанага не даюць плёну, кажа Тамара Сяргей.

Сваёй віны Аляксандар Каваленка не прызнае і адмаўляецца ўдзельнічаць у працэсе.

Як кажа Тамара Сяргей, абвінавачаны патрабуе азнаёміцца з матэрыяламі справы ў поўным аб’ёме. Ён настойвае, каб яму прадставілі дакумэнты са зьвесткамі пра распрацоўку яго апэратыўнікамі. Паводле Тамары Сяргей, у 2010 годзе ў такіх матэрыялах адвакат знайшоў фальшаваньні, якія далі Вярхоўнаму суду падставы вызваліць Каваленку.

Судзьдзя ж заяўляе, што такіх матэрыялаў у Глускім судзе няма, бо яны не легалізаваныя.

Паводле Тамары Сяргей, матэрыялы апэратыўнага ўліку захоўваюцца ў структурах Міністэрства ўнутраных спраў, якое вызначае, ці варта суду такія матэрыялы прадстаўляць.

Праваабаронца таксама адзначае, што Каваленка два месяцы ня мае адваката, бо жонка ня можа аплаціць ягоныя паслугі. Самой жа Валянціне Каваленцы суд не задаволіў хадайніцтва, каб яна бараніла мужа. Жанчына кажа, што пракурор выступіў супраць, бо, маўляў, у яе няма юрыдычнай адукацыі і яна будзе перашкаджаць разгляду справы.

Валянціна Каваленка: «Прысуд мужу будзе максымальны»

Валянціна Каваленка
Валянціна Каваленка

Валянціна Каваленка падтрымлівае мужаву адмову ўдзельнічаць у працэсе і лічыць, што ягоныя правы як абвінавачанага парушаныя. На яе думку, ня ведаючы падрабязнасьцяў апэратыўнага ўліку, у якіх сабраныя асноўныя доказы віны мужа, той ня зможа сябе абараніць.

«Калі там усё зафіксавана, то чаго апэратыўнікам баяцца, — разважае яна. — Такая ж сытуацыя была ў 2007 годзе, калі мужа садзілі першы раз. А потым высьветлілася, што доказаў віны не было».

Валянціна Каваленка кажа, што здагадваецца хто такі Бараненка. Паводле жанчыны, прозьвішча яму зьмянілі. Яна дапускае, што гэта сусед, і ён наркаман. Пра гэта даведалася, калі муж быў у зьняволеньні.

Валянціна Каваленка лічыць, што прысуд мужу быў прадвызначаны яшчэ да затрыманьня.

«Яму дадуць па максымуме, бо гэта дэманстрацыя ўладай сілы. Ён можа ня выйсьці на волю», — кажа жонка падсуднага.

Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG