Гэтыя людзі трымаюць рэкордны для Беларусі пратэст. Ужо другі год яны штотыдзень выходзяць у цэнтар Берасьця з патрабаваньнем закрыць завод акумулятараў. Узімку яны сабралі 40 тысяч подпісаў у сваю падтрымку, потым за іх заступіўся сам Лукашэнка. Цяпер яны ідуць у парлямэнт.
За два гады пратэсту супраць акумулятарнага заводу пад Берасьцем ніводзін з чатырох мясцовых дэпутатаў не прапанаваў сваёй дапамогі грамадзкасьці. А таму чатыры прадстаўнікі «антыакумулятарнага» руху хочуць стаць дэпутатамі парлямэнту. Каб павярнуць уладу тварам да людзей, як яны кажуць.
«Калі нас падмануць, мы пойдзем на прэзыдэнцкія выбары»
26 верасьня, 5 кілямэтраў на паўночны ўсход ад Берасьця каля трасы М1, навюткі завод па вытворчасьці акумулятараў. Яшчэ месяц таму міліцыянты рэагавалі на любы рух каля прадпрыемства. За прамоўленыя на відэазапісе словы «„Не“ — заводу АКБ» на Канстанціна Астапука склалі адміністрацыйны пратакол. Узімку аштрафавалі Юлію Нічыпарук за сьнегавікоў, якіх зьляпілі яе дзеці каля заводу. На сьнегавіку напісалі «Прэч атруту, „не“ заводу», што міліцыя расцаніла за несанкцыянаваны пікет.
«Сёньня ў нас першы легальны пікет каля заводу», — кажа Раман Кісьляк, праваабаронца, які вылучаецца ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў.
Легальна правесьці пікет без дазволу ўладаў у Беларусі можна толькі падчас выбарчых кампаній
Раман раскладае драўляны стол каля самай прахадной заводу разам зь Дзьмітрыем Андрасюком. Мужчыны ў яркіх жоўтых кепках уздымаюць сьцягі са словам «Жыць» — лёзунгам «антыакумулятарнага» руху.
Пікетаваць без дазволу ўладаў і без аплаты паслуг міліцыі ў Беларусі можна толькі ў трох выпадках: падчас выбарчых кампаній у мясцовыя саветы дэпутатаў, а таксама ў парлямэнт і на прэзыдэнта.
«Я спадзяюся, да прэзыдэнцкіх выбараў завод закрыюць. А калі нас падмануць, я думаю, мы пойдзем і на прэзыдэнцкія выбары», — кажа Раман.
Подпісы ў сваю падтрымку праціўнікі акумулятарнага заводу зьбіраюць па ўсім Берасьці і ваколіцах. Кожнаму трэба сабраць ня менш за тысячу для вылучэньня ў кандыдаты ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў.
«Мы супакоімся, калі завод закрыюць і на браме будзе вісець замок»
Разам з Раманам Кісьляком ад праціўнікаў акумулятарнага заводу ў дэпутаты вылучаюцца блогер Аляксандар Кабанаў, дырэктарка будаўнічай кампаніі Алена Макарэвіч і хатні майстар Уладзімер Мароз. Яны ня ўтойваюць, што ў выбарчую кампанію ўсе ўступілі, каб прыцягнуць увагу да заводу. Бо, хоць улады заяўляюць, што завод не працуе, а на ўласьніка заведзеная крымінальная справа, штодня на прадпрыемства прыяжджае да 40 чалавек.
«Пытаньне яшчэ ня вырашана. Мы супакоімся, калі завод зачыняць і на браме будзе вісець замок», — кажа Раман Кісьляк.
У чэрвені 2019 году пачаліся пуска-наладачныя работы. Аднак Рэспубліканскі цэнтар аналітычнага кантролю ў галіне аховы навакольнага асяродзьдзя зафіксаваў перавышэньне колькасьці забруджвальных выкідаў у паветра. І будаўніцтва заводу прыпынілі «да ліквідацыі выяўленых парушэньняў».
Многія берасьцейцы выступалі супраць заводу яшчэ да пачатку ягонага будаўніцтва каля самага гораду. Бо такая вытворчасьць небясьпечная з пункту гледжаньня экалёгіі.
«Толькі барацьба за чысьціню асяродзьдзя мяне падштурхнула пайсьці ў палітыку, — кажа яшчэ прадстаўніца ад „антыакумулятарнага“ руху Алена Макарэвіч. — Я была апалітычным чалавекам. Але калі гаворка ідзе пра жыцьцё нашых дзяцей і ўнукаў... Калі ня мы, дык хто?»
Пратэсты і грамадзкі рух у Берасьці справакавалі ўлады
Будаўніцтва заводу акумулятараў у Берасьці прывяло да самага масавага пратэставага руху ў горадзе за апошнія гады. Раман Кісьляк ўпэўнены, што самі ўлады і справакавалі пратэсты.
«Ігнараваньнем нашых патрабаваньняў яны спрыялі мабілізацыі людзі. У нас пачала фармавацца грамадзкая супольнасьць, самакіраваньне», — кажа ён.
Варта вакол заводу, пратэсты і «кармленьне галубоў» сталі «грамадзкай школай» для жыхароў Берасьця.
«Нашыя актывісты шмат чаму навучыліся. Гэта такая школа самакіраваньня, пратэстаў, самаарганізацыі грамадзтва. Цяпер у нас пачынаецца палітычная школа. Мы тут навічкі», — кажа Кісьляк.
«Мы цяпер супернікі апазыцыі»
На кожнай з акругаў, акрамя кандыдатаў ад улады, у парлямэнт вылучаюцца прадстаўнікі апазыцыі. Аднак праціўнікі заводу ня бачаць сярод іх людзей, якія маглі б прадставіць у парлямэнце іхныя інтарэсы.
«Фактычна мы цяпер супернікі апазыцыі. Ведаю, што па акругах ёсьць дамоўленасьць разьмеркаваньня апазыцыйных кандыдатаў. Але з намі ніхто не размаўляў. Асноўным канкурэнтам для сябе мы бачым прадстаўнікоў улады».
Асноўным канкурэнтам для сябе мы бачым прадстаўнікоў улады
Па словах Кісьляка, экалягічны рух стаў самастойнай апазыцыйнай сілай. Прычым самай моцнай у горадзе. Хоць на пачатку людзі пабойваліся блогераў і палітыкаў, не хацелі асацыявацца з апазыцыяй.
«Мы не па сваёй волі сталі апазыцыйнай сілай, — кажа Раман. — Цяпер гэта экалягічны пратэст супраць беззаконьня, усеўладзьдзя дзяржавы і бізнэсу. Мы апазыцыя, але іншая — экалягічная».
Збор подпісаў заканчваецца 7 кастрычніка. Сёньня па абедзе вылучэнцы ад акумулятарнага заводу здаюць подпісы ў сваю падтрымку. Кожны зь іх сабраў больш за неабходную тысячу подпісаў. Ці зарэгіструюць берасьцейскіх праціўнікаў акумулятарнага заводу ў дэпутаты, будзе вядома бліжэйшымі днямі.
«Улады рана ці позна здаюцца. А мы гатовыя ісьці далей», — кажа Раман.