Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Прынамсі пачалі чытаць нашыя справы», — актывісткі «Справядлівага прысуду» сустрэліся з новым кіраўніком адміністрацыі Лукашэнкі


Ігар Сергеенка, архіўнае фота
Ігар Сергеенка, архіўнае фота

Сваякі асуджаных па эканамічных артыкулах дзьве гадзіны размаўлялі з новым кіраўніком Адміністрацыі прэзыдэнта. Маці экс-намесьніка кіраўніка Менску Андрэя Дамарацкага, які асуджаны да 7 гадоў, расчараваная сустрэчай.

Кіраўнік адміністрацыі Лукашэнкі Ігар Сергеенка, які летась у канцы году зьмяніў на гэтай пасадзе Натальлю Качанаву, сустрэўся з актывісткамі ініцыятывы «Справядлівы прысуд». Жанчыны дамагаюцца перагляду спраў сваякоў, найчасьцей мужоў, якіх лічаць несправядліва асуджанымі. За дзьве гадзіны высокапастаўлены чыноўнік паразмаўляў з кожнай з 7 актывістак і паабяцаў «вывучыць заявы ды ўзяць на асаблівы кантроль пракуратуры і Вярхоўнага суду». Аднак ня ўсе з тых актывістак, якія трапілі на прыём да Ігара Сергеенкі, засталіся задаволеныя размовай.

«Людзі трапляюць у жорны сыстэмы»

Ганна Ільіна з Магілёва дамагаецца перагляду справы бацькі, Уладзімера Біткоўскага, які адбывае 3 гады паводле прысуду аб злоўжываньні ўладай, чаго не прызнае. Як сябра ініцыятывы «Справядлівы прысуд» Ганна Ільіна перадала Ігару Сергеенку заяву, пад якой ужо падпісаліся 3428 чалавек. У заяве актывісткі зьвяртаюць увагу на сытуацыю са справамі аб эканамічных злачынствах, колькасьць якіх расьце і ўжо дасягае, паводле іхніх дадзеных, 40% ад усіх крымінальных спраў.

Ганна Ільіна
Ганна Ільіна

Актывісты «Справядлівага прысуду» лічаць, што ў расьсьледаваньні падобных спраў бываюць выпадкі, калі сьледчыя штучна ствараюць «карупцыйны складнік», фальсыфікуюць доказы, а суды нярэдка разглядаюць справы фармальна, у тым ліку ігнаруюць думкі незалежных экспэртаў. Здараецца, што страты ў такіх справах застаюцца так і ня вызначаныя, але абвінаваўчыя прысуды выносяцца, і зь сем’яў «карупцыянэраў» спаганяюцца грошы, лічаць актывісткі.

Падобная практыка нагадвае ім тое, што адбываецца з 328-м «антынаркатычным» артыкулам.

«У жорны сыстэмы трапляюць людзі, якія не ўчынялі інкрымінаваных ім злачынстваў», — лічаць аўтары заявы і прапануюць чыноўнікам Адміністрацыі Лукашэнкі стварыць часовую камісію, якая б вывучыла сытуацыю з эканамічнымі злачынствамі і прапанавала карэкцыю заканадаўства ды практыкі расьсьледаваньня падобных спраў.

«Адбылася канструктыўная размова»

Ганна Ільіна задаволеная вынікамі размовы з кіраўніком Адміністрацыі і кажа, што яна была «канструктыўная».

«Уражаньне, што нас пачулі. Сергеенка паабяцаў, што ўсе пэрсанальныя справы, зь якімі мы прыйшлі, будуць узятыя на асаблівы кантроль у пракуратуры і Вярхоўным судзе. Адносна нашай прапановы пра часовую камісію ён сказаў, што яе трэба вывучыць. Тое ж і адносна заявы аб шырэйшым ужываньні альтэрнатыўных пакараньняў за эканамічныя злачынствы. Нам сказалі, што пра вынікі праінфармуюць. Будзем чакаць адказу», — сказала актывістка «Справядлівага прысуду» Ганна Ільіна.

Тамара Голубева з Талачына хадайнічае за мужа Дзьмітрыя Голубева, асуджанага на пажыцьцёвае зьняволеньне за забойства чыноўніка з паляўнічай стрэльбы. Жанчына верыць, што яе муж ня меў намеру забіваць незнаёмага яму чалавека, здарыўся трагічны выпадак. Але сьледчы, як яна мяркуе, з кар’ерных мэтаў прадставіў справу як наўмыснае забойства.

«Суд праігнараваў меркаваньні незалежных экспэртаў, што стрэл мог адбыцца выпадкова. Ігар Сергеенка мяне ўважліва выслухаў і паабяцаў, што справа будзе на кантролі. Гэта гучыць добра, але такое мы чулі не аднойчы», — сказала пра вынік сустрэчы Тамара Голубева.

Муж Сьвятланы Холад Дзьмітры — былы начальнік ЖКГ Маскоўскага раёну Менску. Ён не прызнае сябе вінаватым у атрыманьні хабару, за што быў асуджаны на 10 гадоў.

«Прынамсі нашы справы пачалі чытаць, а ня проста пераклалі з палічкі на палічку», — камэнтуе Сьвятлана Холад вынікі сустрэчы. Яна паказвае вытрымку з прысуду мужу, у якім запісана, што доказаў віны яе мужа ў хабарніцтве не здабыта. Чаму ж яго асудзілі па 430 артыкуле, у якім вядзецца пра хабар?

«Суд здолеў гэта абмінуць, пагадзіўся са сьледзтвам, якое лічыць, што доказаў няма, бо „абвінавачаны зрабіў захады, каб ня быць выкрытым у зьдзейсьненым злачынстве“. Вось такое ў нас правасудзьдзе», — адзначае Сьвятлана Холад.

Актывістка «Справядлівага прысуду» яшчэ спадзяецца, што справа яе мужа будзе перагледжана і па ёй прымуць справядлівае рашэньне.

«Гэта замова»

Пабывала на прыёме ў кіраўніка Адміністрацыі і Валянціна Дамарацкая. Яе сын, былы намесьнік кіраўніка Менгарвыканкаму Андрэй Дамарацкі, летась быў асуджаны на 12 гадоў калёніі за хабар, крадзеж праз злоўжываньне і злоўжываньне ўладай. У выніку апэляцыі прысуд Дамарацкаму перагледзелі і зьменшылі пакараньне да 7 гадоў зьняволеньня, але экс-чыноўнік дамагаецца апраўданьня па ўсіх артыкулах, бо віны цалкам не прызнае. Валянціна Дамарацкая выйшла ад Ігара Сергеенкі расчараваная.

«Гаварылі мы каля 10 хвілін, і я ўбачыла, што ён цалкам у курсе справы майго сына, але чамусьці не ўспрымае мае аргумэнты. У канцы размовы я папрасіла далажыць прэзыдэнту Аляксандру Лукашэнку пра справу майго сына, на што Ігар Сергеенка адказаў, каб я пакінула сваю заяву і ён яе паглядзіць», — сказала Валянціна Дамарацкая.

Маці асуджанага чыноўніка Менгарвыканкаму па-ранейшаму лічыць, што яе сын стаў ахвярай замовы, у якой чамусьці ня хочуць разьбірацца. Цяпер жанчына з адвакатам рыхтуюць скаргу ў Вярхоўны суд.

Ініцыятыва «Справядлівы прысуд» утварылася ў 2019 годзе. У яе ўваходзяць больш за 140 чалавек. Актывісткі кажуць, што пакуль не плянуюць мяняць статус сваёй нефармальнай арганізацыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG