Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Выжыць у калёніі». Гісторыя юнай магіляўчанкі, асуджанай за наркотыкі


Юлія Бельская
Юлія Бельская

Юлія Бельская была наймалодшай з асуджаных у Магілёве за незаконнае абарачэньне наркатычных рэчываў. У 2017 годзе 17-гадовай дзяўчыне прысудзілі 8 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму. У канцы мінулага году пакараньне зьмянілі на «хатнюю хімію» (абмежаваньне волі без накіраваньня ў папраўчую ўстанову). Пра перажытае Юлія расказала Свабодзе.

Пра Юлію Бельскую сьцісла

  • Ёй 19 гадоў. Са шматдзетнай сям’і. Скончыла музычную школу. Займалася боксам і марыла пра спартовую кар’еру.
  • Затрымалі ў 16 год. Спачатку абвінавацілі ў незаконным набыцьці наркатычнага рэчыва бяз мэты збыту, а падчас сьледзтва перакваліфікавалі на больш строгае: набыцьцё, захоўваньне ды збыт наркатычных рэчываў.
  • Кастрычніцкі суд Магілёва асудзіў непаўналетнюю на 8 гадоў калёніі. Доказы яе віны трымаліся на паказаньнях сяброўкі, якую ў суд ня выклікалі.
  • Адбывала пакараньне ў Гомельскай выхаваўчай калёніі № 4, дзе адзначыла паўналецьце. Зьмены антынаркатычнага заканадаўства і амністыя скарацілі пакараньне на 4 гады. Рэшту тэрміну — 1 год і 2 месяцы — адбудзе на «хатняй хіміі».
  • Зьбіраецца паступаць ва ўнівэрсытэт, каб вывучыцца на спэцыяліста ў транспартнай лягістыцы і адновіць заняткі боксам. Цяпер працуе пакавальніцай на адным з магілёўскіх прадпрыемстваў.
Верш пра Волю непаўналетняй асуджанай Юліі Бельскай, 2017 год
Верш пра Волю непаўналетняй асуджанай Юліі Бельскай, 2017 год

«Я ўжо не такая даверлівая, якой была раней»

Юлію Бельскую вызвалілі з калёніі 31 сьнежня. Яна кажа, што яшчэ прывыкае жыць на волі. Цягам году яшчэ давядзецца падпарадкоўвацца патрабаваньням «хатняй хіміі». Штопанядзелак адзначацца ў міліцыі, а ў выхадныя і сьвяты не выходзіць з дому. У будні ёй дазволена бываць на вуліцы толькі дзьве гадзіны. Амаль увесь першы месяц на волі Юля прысьвяціла пошуку працы. Працаўладкаваньне — абавязковае патрабаваньне.

Што такое «хімія» і «хатняя хімія»

«Хімія» — адбыцьцё пакараньня абмежаваньнем волі ў папраўчай установе адкрытага тыпу. Выраз зьявіўся ў СССР у пасьляваенныя часы, калі працу асуджаных пачалі актыўна выкарыстоўваць на будоўлях і шкодных вытворчасьцях (у тым ліку на хімічных прадпрыемствах). У Беларусі 29 папраўчых установаў адкрытага тыпу, або «хіміяў».

Праз пакараньне «хіміяй» прайшоў шмат хто зь беларускіх апазыцыянэраў.

«Да мяне маглі прыяжджаць наведнікі, мы сустракаліся і размаўлялі ў дворыку спэцкамэндатуры. Карыстаўся мабільным тэлефонам, даходзілі лісты, я пісаў з „хіміі“ нататкі... Некалькі разоў дазвалялі зьезьдзіць да бацькоў», — згадваў Павал Севярынец пра сваю «хімію» ў Пружанскім раёне, дзе працаваў на складзе мясцовай гаспадаркі.

«Хіміяй» часта заканчваюцца адседкі вязьняў, якія былі асуджаныя на вялікія тэрміны зьняволеньня, але праз добрыя паводзіны заслужылі палёгку.

Пакараньне «абмежаваньнем волі» магчыма адбыць і на так званай «хатняй хіміі» — калі ў прысудзе выкарыстоўваецца фармулёўка «без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу». Фактычна гэта сумесь «хіміі», якая прадугледжвае абавязковую прымусовую працу, і адбыцьця пакараньня з адтэрміноўкай, калі асуджаны знаходзіцца дома, але пад рэгулярным пільным кантролем міліцыі.

10 відаў няволі: гід па беларускіх турмах

Тры гады ў няволі Юля характарызуе як «жорсткія і паскораныя ўводзіны ў дарослае жыцьцё».

Лісты з калёніі, дзе працягвае адбываць пакараньне сяброўка Юліі Бельскай
Лісты з калёніі, дзе працягвае адбываць пакараньне сяброўка Юліі Бельскай

«Я ўжо не такая даверлівая, як раней. Цяпер іначай гляджу на людзей. Прыслухоўваюся да таго, што і як яны гавораць».

З ранейшымі сябрамі Юля не падтрымлівае стасункаў. Перапісваецца толькі зь дзьвюма дзяўчатамі, зь якімі пасябравала ў калёніі. Адна зь іх вызвалілася разам зь ёю, другая адбывае 10-гадовае пакараньне.

«Я ведаю, як ёй цяжка там бяз нас, — кажа суразмоўца. — Як лічыць дні да вызваленьня. Без падтрымкі ў калёніі ня выжыць».

«Калі б сяброўка сказала праўду...»

Пра дзень, які зьмяніў яе жыцьцё, Юля апавядае са сьлязьмі. Неахвотна ўспамінае, як сяброўка Марыя (імя зьмененае) папрасіла патрымаць невялікі пакунак, бо ёй трэба было адлучыцца «на пяць хвілін». Калі Юля засталася адна, апэратыўнікі затрымалі яе. Пазьней высьветлілася, што сяброўка супрацоўнічала зь міліцыяй. На сьледзтве дала паказаньні, што Юля збыла ёй наркотык.

«Калі б Марыя сказала праўду, то са мною ўсяго гэтага не было б, — кажа яна. — Вядома, яе запалохалі і вымусілі дапамагчы апэратыўніку выявіць „наркакур’ера“. У судзе я не адмаўляла, што наркотык быў у мяне, але збыту не прызнала».

Юля Бельская кажа, што пасьля 9 месяцаў ізалятару паправілася, бо мала рухалася, а ў калёніі схуднела ад перажываньняў
Юля Бельская кажа, што пасьля 9 месяцаў ізалятару паправілася, бо мала рухалася, а ў калёніі схуднела ад перажываньняў

У афіцыйных паведамленьнях пра справу Бельскай гаварылася, што дзяўчына замовіла для сябе і сяброўкі ў інтэрнэце асабліва небясьпечнае псыхатропнае рэчыва. Заказ аплаціла, паклаўшы грошы на электронны кашалёк.

Юля кажа, што Марыю затрымалі праз два месяцы пасьля яе. Калі разглядалася справа Бельскай, у судзе прагучала, што Марыя знаходзіцца ў Расеі і даць паказаньні ня зможа. Юля ж ведала, што сяброўка сядзіць у тым жа ізалятары, што і яна, бо раз памылкова завялі ў ейную камэру. Сябровак «распрацоўваў» адзін і той жа апэратыўнік. Па словах Юлі, той наведваўся ў пасялковы клюб, куды хадзілі яна і Марыя.

Марыю пакаралі 8 гадамі. Сустрэліся сяброўкі ў санчастцы Гомельскай папраўчай калёніі № 4.

«Яна прасіла дараваць, казала, што злога намеру ня мела і не хацела такога выніку. Мяне ж паўтара года калаціла ад адной згадкі пра яе», — згадвае Юля.

«Сьледчы палохаў: выйду векавухай, нікому не патрэбнай»

Першыя суткі ў няволі Юля правяла ў адзіночнай камэры ізалятара часовага ўтрыманьня. На наступны дзень яе этапавалі ў сьледчы ізалятар. У ім прабыла 9 месяцаў.

«Мне было страшна, — згадвае яна. — З сэрыялаў пра крымінальны сьвет я ведала, што ў турме могуць пабіць, але супрацоўніца турмы нібы адчула мае думкі і супакоіла, што гэта ня так. Яна паказала ў камэры, дзе мой ложак. Я плакала. Мне не хапала бацькоў».

Дзявочыя лісты зь няволі
Дзявочыя лісты зь няволі

У ізалятары Юля была наймалодшай. Кажа, што да яе ставіліся, «як да дзіцяці», нават дапускалі паблажкі. На 17-годзьдзе ў камэру прыйшоў ахоўнік і павіншаваў яе словамі: «На табе, дзіцятка, малака».

Спачатку дзяўчына сядзела з жанчынамі, якіх вінавацілі ў эканамічных злачынствах. Тыя казалі, што ейная справа «шытая белымі ніткамі» і суд ва ўсім разьбярэцца. Падказвалі, як паводзіць сябе са сьледчым.

«Ён страшыў, што мне дадуць 10 гадоў, — апавядае Юля. — Выйду старой дзеўкай, нікому не патрэбнай, за судзімасьць ня возьмуць на працу. Так дабіваўся прызнальных паказаньняў. Я трымалася, але як прыходзіла ў камэру, то плакала».

Дзяўчына спадзявалася, што суд пакіне яе на свабодзе. Калі ж абвінавачаньне перакваліфікавалі і стала пагражаць да 15 гадоў, то зразумела марнасьць сваіх чаканьняў.

«Пасьля суду я паволі разумела, што кропка ў жыцьці не пастаўленая і трэба выжыць у калёніі».

За два гады і тры месяцы вязаньня вяхотак зарабіла 302 рублі

2 гады і 10 месяцаў Юля адбывала пакараньне ў Гомельскай выхаваўчай калёніі № 4, у якой сядзяць асуджаныя ад 14 да 21 году. У яе атрадзе было ад 7 да 10 чалавек, і большасьць, як і яна, сядзелі за наркотыкі. Сярод іх была дзяўчына, якую затрымалі 14-гадовай.

«Такія тэрміны несправядліва завялікія для непаўналетніх, — разважае суразмоўца. — Большасьць асуджаных усьведамляюць свае памылкі і раскайваюцца праз два гады — як мая сяброўка, якая засталася там. А ёй яшчэ сядзець восем гадоў. Тыя ж, хто робіць з моладзі наркакур’ераў, застаюцца на свабодзе».

Юлін атрад вязаў вяхоткі. За дзень асуджаная мелася зрабіць 7 штук. Адзін выраб ацэньваўся ў 26 капеек. У краме яе прадаюць за 5-6 рублёў. У даведцы аб даходах дзяўчыны пазначана: за 2 гады і 3 месяцы яна зарабіла 302 рублі 08 капеек. Найвялікшы месячны заробак — 21 рубель 97 капеек, найменшы — 69 капеек.

Даведка аб даходах Бельскай у калёніі
Даведка аб даходах Бельскай у калёніі

Юля кажа: выканаць плян было немагчыма, бо асуджаных пастаянна займалі лекцыямі, спортам, а начальніца атраду праводзіла гутаркі. Яшчэ дзяўчаты рыхтавалі тэатральныя пастаноўкі для дзяцей, якіх нарадзілі асуджаныя ў «дарослай» папраўчай калёніі № 4.

«Я і сама старалася сябе заняць, каб ня думаць, калі надыдзе вызваленьне. Удзельнічала ўва ўсіх імпрэзах. Атрымала 4 заахвочваньні. Іх улічвалі, калі разглядалася пытаньне аб амністыі».

Маленькія радасьці ў калёніі: сабрацца разам за сталом

Юля расказвае, што непаўналетнім дазвалялася траціць у турэмнай краме 74 рублі на месяц. Калі няма парушэньняў, то 120. Дзяўчаты «балавалі сябе ласункамі». Куплялі слодычы ды харчы, якія нагадвалі ім пра дом і бацькоў: «каўбасу і нават закаткі».

Яна зазначае, што навагоднія сьвяты — адзіная нагода, калі асуджаным можна было сабрацца за адным сталом.

Яшчэ адзін ліст з калёніі
Яшчэ адзін ліст з калёніі

«Там нельга дапамагаць адна адной. Як нешта некаму даеш, то гэта незаконнае адчужэньне маёмасьці, а той, хто бярэ, незаконна прысвойвае маёмасьць. За гэта накладаюцца спагнаньні», — тлумачыць Юля Бельская.

Дзяўчына кажа, што маральна рыхтавалася да пераводу ў «дарослую» калёнію з больш жорсткімі ўмовамі. Зьмена абстаноўкі яе страшыла.

«Там у атрадах ня 7 чалавек, а 180, і ў кожнага свае праблемы».

«Апэратыўнікі бяруць у распрацоўку непаўналетніх, бо іх лягчэй запалохаць»

Юля лічыць, што бяз руху «Маці 328», які дамогся зьменаў антынаркатычнага заканадаўства, яна б ня выйшла на свабоду датэрмінова. Пра сам рух дзяўчына даведалася зь ліста магілёўскай актывісткі Сары Славінай, якая першай зь незнаёмцаў напісала ёй у калёнію.

Юля прызнаецца, што была ўражаная падтрымкай і дапамогай чужых людзей. Яны клапоцяцца пра яе і цяпер, на свабодзе.

Сара Славіна
Сара Славіна

Актывістка «Маці 328» Сара Славіна кажа: прысуд Юліі Бельскай актывізаваў магілёўскіх прыхільніц руху, бо ўсіх «шакавала, як можна 17-гадовую дзяўчыну адправіць у зону адразу на 8 гадоў». Не мінула году, як такое ж пакараньне прысудзілі 18-гадовай Ульляне Галубцовай. Ёй пасьля таксама зьменшылі тэрмін на 4 гады.

«Апэратыўнікі бяруць у распрацоўку непаўналетніх, бо іх лягчэй запалохаць і дамагчыся прызнаньня ў тым, чаго гэтыя дзеці не рабілі. Доказная база ў такіх справах сумнеўная. Найчасьцей сьведкі абвінавачаньня — падстаўныя асобы, якія ў не зьяўляюцца ў судзе, ды самі апэратыўнікі», — тлумачыць Сара Славіна.

Юлія Бельская і Сара Славіна
Юлія Бельская і Сара Славіна

Па словах суразмоўцы, пасьля зьменаў «антынаркатычнага заканадаўства» раённыя суды па-ранейшаму разглядаюць справы, але «абвінавачаным даюць меншыя тэрміны». Яна кажа, што ня так, як раней, вядзецца і сьледзтва.

«Абласныя ж суды, калі разглядаюць апэляцыю на прысуды раённых, „перабіваюць“ часткі 328-га артыкулу і зьмяншаюць тэрмін пакараньня».

Сара Славіна кажа, што, паводле зьвестак магілёўскіх актывістак руху «Маці 328», пад крымінальны перасьлед за наркотыкі за апошнія 5 гадоў на Магілёўшчыне трапілі сотні чалавек. За лёсам многіх зь іх яны сочаць.

Пакараньне за наркатычныя злачынствы ў Беларусі. Што важна ведаць

  • У красавіку-траўні 2018 года актывісткі «Маці 328» правялі 15-дзённую галадоўку ў Калінкавічах на Гомельшчыне і ў Пухавіцкім раёне на Меншчыне, а таксама 10-дзённую галадоўку ў Лідзе.
  • Удзельнікі галадоўкі патрабавалі перагляду жорсткіх прысудаў, якія выносіліся ад 2013 году паводле 328 артыкула (ад 5 да 25 гадоў пазбаўленьня волі), а таксама зьменаў у заканадаўства.
  • «Маці 328» лічаць, што ў некаторых выпадках тэрміны зьняволеньня несувымерныя злачынству, а закон недастаткова ўлічвае асобы злачынцаў, іх узрост ды іншыя акалічнасьці.
  • 13 чэрвеня 2019 года Палата Прадстаўнікоў у другім чытаньні прыняла папраўкі ў артыкул 328. Мінімальны тэрмін пазбаўленьня волі за незаконнае абарачэньне наркотыкаў зьменшылі на 2 гады. У ліпені Лукашэнка падпісаў закон аб зьмене КК.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG