Гомельскі гарвыканкам забараніў акцыю пратэсту, бо арганізатар не пазначыў у заяўцы свой нумар тэлефона, расказвае «Гомельская вясна».
Акцыя пратэсту супраць забароны мірных сходаў мела прайсьці 9 лютага ў цэнтры Гомлі, ля ўнівэрмагу «Гомель». Як растлумачыў першы намесьнік старшыні гарвыканкаму Віталій Атаманчук, арганізатар акцыі мусіў узяць на сябе захады ў «забесьпячэньні грамадзкага парадку», але не пакінуў кантактны тэлефон у заяўцы.
Сам арганізатар Мікалай Пяшко расказаў, што цяпер зьбіраецца адстойваць права на мірны сход і мірнае волевыяўленьне ў судзе.
Ён адзначае, што ў паўмільённым горадзе вызначылі толькі тры месцы для масавых мерапрыемстваў, і два зь іх — у лесапалосах на ўскраінах гораду.
«Мы вырашылі пратэставаць там, дзе нас маглі б пачуць гараджане, аднак нават на пратэст супраць забароны сходаў мы атрымалі забарону, — кажа Пяшко. — На свабоду мірных сходаў і выказваньня меркаваньняў у горадзе ўведзенае фактычнае табу».