Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Палітычнага прыстанішча не даюць за забойства». Праваабаронца пра заяву былога СОБРаўца Гараўскага


Юры Гараўскі, былы баец СОБР
Юры Гараўскі, былы баец СОБР

Былы баец спэцыяльнага атраду хуткага рэагаваньня (СОБР) унутраных войскаў МУС Беларусі Юры Гараўскі папрасіў палітычнага прыстанішча ў Швайцарыі.

Праваабаронца Алег Вочўак у інтэрвію карэспандэнту Свабоды сказаў, што Юры Гараўскі не палітычны ўцякач, ён трапляе пад статус чалавека, які ўчыніў цяжкае злачынства ў Беларусі.

«Цяпер праваахоўныя органы краіны, дзе Гараўскі зрабіў такую заяву, павінны правесьці сваё расьсьледаваньне. Яны дадуць кваліфікацыю яго дзеяньням. Тады яны маюць права яму адмовіць у выдачы палітычнага прыстанішча», — сказаў Алег Воўчак.

Паводле Воўчака, улады Швайцарыі разьбяруцца, будзе пракурорская праверка і суд. Але пакуль Гараўскі зьяўляецца галоўным сьведкам і абвінавачаньне яму ў справе зьніклых апазыцыянэраў не прадʼявілі.

«Палітычнага прыстанішча не даюць за забойства ці за саўдзел у забойстве. Прычым гэта ж ня простае забойства, а пазасудовыя пакараньні, і за гэта ёсьць міжнародная адказнасьць. Таму сытуацыя ў яго будзе складанай», — сказаў Алег Воўчак.

Паводле Воўчака, паўстае пытаньне, чаму Гараўскі раней не зрабіў такой заявы, бо даўно вядома, што ён знаходзіцца на тэрыторыі Швайцарыі.

«Атрымліваецца, што гэта рабілася не дзеля супакаеньня сумленьня, а каб жыць шчасьлівым, эўрапейскім жыцьцём у адной з найлепшых эўрапейскіх краін. Але тое, што ён заявіў, гэта яшчэ ня факт, што яму дадуць палітычнае прыстанішча. Але і дэпартаваць яго таксама будзе праблемай, бо ўсе разумеюць, чым скончыцца яго жыцьцё ў Беларусі».

Воўчак мяркуе, што ў Беларусі са Швайцарыяй няма дамоўленасьці аб прававой дапамозе, таму наўрад ці Гараўскага выдадуць беларускім уладам. Але Генпракуратура краіны можа зьвярнуцца з пытаньнем аб выдачы Гараўскага, калі яна прадʼявіць дакумэнты аб тым, што ён учыніў цяжкае злачынства ў Беларусі. Але пытаньне аб выдачы зноў жа будзе вырашаць суд.

«Але ў гэтай сытуацыі дзяржаве ня выгадна гэта прызнаваць, бо ў такім выпадку яны пацьвярджаюць паказаньні Гараўскага», — сказаў Алег Воўчак.

У Генпракуратуры Беларусі і ў Сьледчым камітэце Свабодзе пакуль не пракамэнтавалі сытуацыю. У амбасадзе Швайцарыі ў Менску сказалі, што «не выказваюць ніякай пазыцыі» да заявы Гараўскага.

Раней Сьледчы камітэт працягнуў да 18 лютага, тэрмін папярэдняга расьсьледаваньня зьнікненьня былога міністра ўнутраных спраў Юрыя Захаранкі.

Таксама адноўлена крымінальная справа аб зьнікненьні ў 1999 годзе палітыка Віктара Ганчара і бізнэсоўца Анатоля Красоўскага.

Ці ёсьць нешта новае ў расьсьледаваньні спраў аб зьнікненьні апанэнтаў Аляксандра Лукашэнкі Юрʼя Захаранкі, Віктара Ганчара і Анатоля Красоўкага? Алег Воўчак сказаў, што «ўсё ціха, гладка, мы чакаем».

«Пакуль нічога невядома. Але ж яны і 20 гадоў таму нам нічога не паведамлялі. Усё робіцца сакрэтна, тайна, — сказаў праваабаронца. — Сваякі нічога ня ведаюць».

Што важна ведаць пра зьнікненьне беларускіх палітыкаў

Партрэты Юрыя Захаранкі і Віктара Ганчара
Партрэты Юрыя Захаранкі і Віктара Ганчара
  • 7 траўня 1999 году быў выкрадзены і імаверна забіты былы міністар унутраных справаў Беларусі, дзяяч апазыцыі генэрал Юры Захаранка.
  • 16 верасьня 1999 году зьніклі бязь зьвестак былы старшыня Цэнтравыбаркаму і віцэ-сьпікер Вярхоўнага Савету Беларусі Віктар Ганчар, які рыхтаваў імпічмэнт Аляксандру Лукашэнку, і ягоны сябра, бізнэсоўца Анатоль Красоўскі. Пазьней на менскай вуліцы Фабрычнай, дзе меркавана адбылося выкраданьне, былі знойдзеныя аскепкі аўтамабільнага шкла і сьляды крыві.

  • Прадстаўнікі беларускай апазыцыі, родныя зьніклых і міжнародная супольнасьць лічаць, што яны былі выкрадзеныя па палітычных матывах. У датычнасьці да іх зьнікненьняў падазраюцца Віктар Шэйман (былы кіраўнік Адміністрацыі прэзыдэнта), Уладзімер Навумаў (былы міністар унутраных спраў), Юры Сівакоў (займаў пасаду кіраўніка МУС) і Дзьмітры Паўлічэнка (на той момант камандзір брыгады спэцназу ўнутраных войскаў МУС), адносна якіх з 2004 году дзейнічаюць санкцыі Эўразьвязу і ЗША.
  • У верасьні 2004 году Аляксандар Лукашэнка ахарактарызаваў Шэймана, Навумава, Сівакова і Паўлічэнку – як «самых сумленных, надзейных, адданых народу й дзяржаве людзей».
  • На пачатку 2019 году Сьледчы камітэт паведаміў аб прыпыненьні расьсьледаваньня спраў аб зьнікненьні Захаранкі, Ганчара і Красоўскага. У сьнежні 2019 году справу аб зьнікненьні Захаранкі аднавілі.
  • 16 сьнежня 2019 году нямецкае выданьне Deutsche Welle апублікавала інтэрвію, у якім Юры Гараўскі, які назваў сябе байцом беларускага «эскадрону сьмерці», расказаў, як удзельнічаў у выкраданьні і забойстве праціўнікаў Аляксандра Лукашэнкі 20 гадоў таму пад камандаваньнем Дзьмітрыя Паўлічэнкі.

  • 24 сьнежня 2019 году ў інтэрвію «Эхо Москвы» Лукашэнка заявіў, што ніхто акрамя яго ня мог даць каманду аб выкраданьні і забойстве палітыкаў, а ён «ніколі ў жыцьці не аддаваў такую каманду» і ня дасьць цяпер. Ён запытаў, навошта яму было б такое патрэбна і «што зьмянілася, калі ў Беларусі ня стала двух ці трох чалавек», і дадаў, што «Дзіма Завадзкі з-за Чачні Шарамета загінуў». Лукашэнка зьвязаў заявы Гараўскага з тым, што «заўтра прэзыдэнцкія выбары».
  • 19 верасьня 2023 году ў Швайцарыі ў крымінальным судзе у Санкт-Галене пачаўся працэс Юрыя Гараўскага па справе аб зьнікненьнях апанэнтаў Лукашэнкі. Суд стаў прэцэдэнтам.
  • Акруговы суд горада Роршах (кантон Санкт-Гален, Швайцарыя) апраўдаў Юрыя Гараўскага па абвінавачваньні ў гвалтоўных зьнікненьнях, нягледзячы на тое, што ён публічна і некалькі разоў прызнаваўся ў выкраданьні і забойствах Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага — трох выдатных дзеячаў апазыцыі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі — у Беларусі ў 1999 годзе.

Публікацыі па тэме:

Што былы спэцназавец расказаў пра забойствы апанэнтаў Лукашэнкі. Сьцісла

Ад Алкаева да Шэймана. Сьпіс ключавых асобаў у справе зьніклых

Як выглядае месца магчымага забойства Ганчара і Красоўскага пад Бегамляй. ФОТА

«Небясьпечна. Вельмі». Што менчукі кажуць пра зьніклых Ганчара, Захаранку і Красоўскага. ВІДЭА

Ад «яму можна верыць» да «расейскага ўкіду». Рэакцыі на сэнсацыйнае прызнаньне ў забойстве апазыцыянэраў

«Машына была на глыбіні аднаго мэтра». Як у 2001 годзе раскапалі джып Красоўскага

Гараўскі адказаў Паўлічэнку, — удзельнік падрыхтоўкі фільму пра забойствы апанэнтаў Лукашэнкі

Каму выгадны фільм пра ўдзельніка «эскадрону сьмерці» і ці ёсьць у ім «расейскі сьлед»?

Сьледчы, які расказаў пра «эскадроны сьмерці», ня верыць сэнсацыйным прызнаньням былога спэцназаўца

Спэцназаўца, які расказаў пра забойствы апазыцыянэраў, паказвалі на БТ 20 гадоў таму. Архіўнае відэа

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG