Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экспарт пазытыўнага настрою. Як украінцы вучыліся беларускім танцам


На першы ўкраінска-беларускі танцавальны маратон у Кіеве прыйшлі некалькі дзясяткаў чалавек. Сярод іншага выконвалі беларускія танцы: траян, джыгун, суботу, гапак кобрынскі, па-зэфір.

Арганізатары, украінскі фальклёрны калектыў «Божичі» і два беларускія — капэла «На таку» і клюб традыцыйнага танцу «Сіта», зладзілі больш як трохгадзінную танцавальна-музычную вечарыну, у часе якой гледачы вучыліся беларускім і ўкраінскім народным танцам.

«Такія сустрэчы спрыяюць, па-першае, выхаду з унутранага закрытага кокана і адчуваньня, што мы нікому нецікавыя і займаемся нікому не патрэбнымі рэчамі. Калі ўкраінцы бачаць, што беларусам гэта цікава, і наадварот, — гэта такая тэрапія, можна сказаць. А па-другое, можна шмат чаго падгледзець — у арганізацыі, у рэпэртуары, у выкарыстаньні інструмэнтаў», — кажа кіраўнік капэлы «На таку» Аляксей Крукоўскі.

Беларускія музыкі і танцмайстры паказалі ўкраінцам зь дзясатак беларускіх танцаў, якія і дагэтуль жывуць на беларускім Палесьсі, у цэнтральнай і паўночна-заходняй частках Беларусі:

  • базар (Віцебская вобласьць),
  • траян, джыгун (Вілейскі раён),
  • субота (Любанскі раён),
  • гапак у парах і тройках (Гомельскі і Мсьціслаўскі раёны, а такама Міншчына).

Усе яны былі запісаныя падчас экспэдыцый.

Паводле беларускага танцмайстра Юліі Літвінавай (клюб «Сіта»), найпрасьцейшымі для ўкраінцаў сталі танцы з рэгіёнаў, блізкіх да Ўкраіны, і з цэнтральнай Беларусі:

«Напэўна, рухі і мэлёдыі гэтых рэгіёнаў ім больш знаёмыя. Напрыклад, траян заўсёды ўсім падабаецца. А тое, што танцавалася ў паўночна-заходняй частцы Беларусі... у прыватнасьці па-зэфір больш такі складаны танец. Ва ўсіх танцах было для ўкраінцаў і штосьці знаёмае, і штосьці новае».

Танец па-зэфір (Pas Zéphyr) прыдуманы ў ХІХ стагодзьдзі, па-француску яго назва абазначае «крок цёплага ветру».

Для многіх удзельнікаў імпрэзы магчымасьць авалодаць танцамі суседзяў стала нечаканай.

«Я думала, што іду на канцэрт паслухаць беларускую народную музыку. І ніяк не чакала, што мы, гледачы, будзем удзельнічаць. Мне было лёгка, бо вельмі добра ўсё тлумачылі. І для мяне гэтыя рухі былі прыродныя — такое адчуваньне, што я заўсёды іх ведала, проста трэба было іх прыгадаць», — падзялілася са Свабодай сваімі ўражаньнямі кіеўлянка Марычка.

Кіяўлянін Васіль, які займаецца народнымі танцамі, кажа, што яму часам было цяжкавата, але таксама ўсё спадабалася:

«Я раней танцаваў польку. Нешта агульнае, напэўна, ёсьць. Мне вельмі спадабалася».

Танцмайстар Юлія Літвінава
Танцмайстар Юлія Літвінава

Цікавасьць да традыцыйнага танца з кожным годам павялічваецца, кажа Юлія Літвінава:

«Апошнім часам мацнее танцавальны рух, які абʼядноўвае краіны Балтыі, Польшчу, Украіну, Беларусь і Расею. Ён зачароўвае і зацягвае ў свой вір, бо зьявіліся новыя формы — ночы танцаў, майстар-клясы, летнікі, на якія можна прыехаць і павучыцца танцам, сьпевам, ігры на інструмэнтах, і пры гэтым яшчэ добра адпачыць. Такія новыя формы спараджаюць цікавасьць да танцаў і сьпеваў, а таксама дазваляюць даведацца пра іншыя культуры. Гэта і прываблівае».

На думку кіраўніка капэлы «На таку» Аляксея Крукоўскага, і ў Беларусі, і ва Ўкраіне традыцыйная культура не атрымлівае сурʼёзнай падтрымкі на дзяржаўным узроўні — часьцей інтарэс улады мае фармальны або прапагандысцкі характар:

«І грамадзянская супольнасьць таксама даволі спакойна рэагуе на спробы імплянтаваць, ужывіць у гарадзкое цела і гарадзкую культуру элемэнты традыцыйнай культуры. Мне здаецца, што і ва Ўкраіне, і ў Беларусі гэтыя працэсы адбываюцца млява, асабліва калі параўноўваць з балтыйскімі краінамі, дзе народная культура зьяўляецца часткай канону мастацкай культуры, што можна пабачыць і ў дызайне, і ў афармленьні, і ў тым, як дзяржава падтрымлівае фэсты. Мы ж нарошчваем сілы вельмі павольна. Мы ня можам зьбіраць стадыёны, але мы зьбіраем вуліцу».

Як паабяцаў Аляксей Крукоўскі, наступныя танцавальныя забавы па-беларуску і па-ўкраінску адбудуцца ўжо ў Беларусі:

«Будзем думаць, як гэта зрабіць. Бо праўда ў тым, што і музыкі, і танцоры, як усе творчыя людзі, увесь час штосьці пераймаюць, таму паспрабаваць замарозіць традыцыйную культуру не ўдавалася ні 100 гадоў таму, ня ўдасца і сёньня».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG