Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Горш за кепскі прагноз. Беларуская эканоміка вырасла за 2019 год усяго на 1,2%


Валавы ўнутраны прадукт Беларусі вырас за 2019 год на 1,2%, вынікае зь першай ацэнкі Нацыянальнага статыстычнага камітэту. Гэта ніжэй і за патрабаваньні Аляксандра Лукашэнкі, і за пляны ўраду, і за прагноз МВФ, але крыху лепей за прагноз Сусьветнага банку.

Паводле першай ацэнкі, аб’ём валавага ўнутранага прадукту за 2019 год склаў у бягучых цэнах 132 млрд беларускіх рублёў.

Валавы ўнутраны прадукт (ВУП) — макраэканамічны паказьнік, які характарызуе выніковы кошт усіх аказаных паслуг і вырабленай прадукцыі ў краіне за год. Узровень ВУП зьяўляецца вызначальнай эканамічнай велічынёй для кожнай краіны.

У першай палове году ВУП вырас усяго на 1,4%, пасьля тэмпы росту зьнізіліся яшчэ больш.

Міністэрства фінансаў Беларусі ў пачатку лістапада прагназавала, што па выніках 2019 году чакае росту аб’ёмаў рэальнага валавага ўнутранага прадукту на 2,9% да мінулага году. Гэта істотна менш, чым задача, якую ставіў на 2019 год Аляксандар Лукашэнка — плянаваўся рост ВУП на «ня менш за 4%» у суадносных цэнах. Бюджэт краіны на 2019 год фармавалі зыходзячы з кансэрватыўнага сцэнару росту эканомікі на ўзроўні 2,1%.

У 2018 годзе ВУП Беларусі вырас на 3%, у 2017–м — на 2,4%. У 2015 і 2016 годзе ВУП падаў на 3,8% і 2,5% адпаведна.

Міжнародны валютны фонд прагназаваў рост ВУП Беларусі ў 2019 годзе спачатку на 2,4%, пасьля на 1,8% і ўрэшце на 1,5%. Сусьветны банк апусьціў прагноз яшчэ ніжэй, да 1%.

Пагаршэньне прагнозаў зьвязвалі з адсутнасьцю кампэнсацыі расейскага падатковага манэўру. Сусьветны банк таксама адзначаў у беларускай эканоміцы:

  • абмежаваныя магчымасьці стымуляваньня ўнутранага попыту;
  • захаваньне структурных праблемаў;
  • аслабленьне зьнешняга попыту;
  • пагаршэньне ўмоваў гандлю пры захаваньні цяпершаняга ўзроўню дзярждоўгу.

Для параўнаньня. ВУП Расеі за 2019 год вырас, паводле Сусьветнага банку, прыблізна на 1,2% (афіцыйных лічбаў расейскія ўлады пакуль не публікавалі), Украіне на 2019 год у Сусьветным банку прагназуюць рост на 3,5%, ад Польшчы чакаюць росту ВУП на 4,2%, ад Літвы — на 3,7%, ад Латвіі — 3,2%.

Што кажуць пра 2020

На 2020 год беларускія ўлады спачатку заплянавалі рост ВУП на 2,5%, але пасьля крытыкі Лукашэнкі павялічылі гэтую лічбу да 2,8%. Бюджэт на 2020 год разьлічылі на рост ВУП усяго на 1,9% — гэта «базавы» сцэнар эканамічнага разьвіцьця.

Паводле прагнозу Ўсясьветнага банку, беларускі ВУП за 2020 год вырасьце на 0,9%, за 2021 і 2022 — на 0,5% за год. МВФ прагназуе рост у 2020 годзе на ўсяго 0,3%.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG