Мэдыянны заробак у Беларусі склаў на лістапад 2019 году 848,5 рубля, паведамляе Нацыянальны статыстычны камітэт. Гэта 412,75 даляра паводле сярэднямесячнага курсу Нацбанку за той месяц.
У траўні таго ж году гэты паказьнік складаў 802,7 рубля, у лістападзе 2018-га — 751,1 рубля.
Сярэдні налічаны заробак у лістападзе 2019-га складаў 1113,1 рубля. Гэты заробак — сума ўсіх заробкаў (да адлічэньня падаткаў і збораў), падзеленая на колькасьць працаўнікоў.
Мэдыянны ж заробак — тое, колькі атрымлівае (да адлічэньня падаткаў і збораў) сярэднестатыстычны працаўнік, умоўны чалавек «зь сярэдзіны рэйтынгу», калі палова людзей зарабіла больш за яго, а палова менш за яго. То бок, калі б у краіне працаваў 101 чалавек і быў бы рэйтынг іхных заробкаў, то мэдыянным быў бы заробак 51-га ў рэйтынгу. Зьвесткі пра мэдыянны заробак публікуюцца раз на паўгода.
Найвышэйшы мэдыянны заробак — у IT: 3245,8 рубля. Сьледам ідуць заробкі ў нафтаперапрацоўцы і вытворчасьці коксу: 1640,1 рубля. На трэцім месцы — паветраны транспарт: 1387,9 рубля.
Найменшы мэдыянны заробак — у галіне творчасьці, спорту і адпачынку (лічыцца за адну сфэру): 588,6 рубля. Таксама нізкі мэдыянны заробак у расьлінаводзтве, жывёлагадоўлі і паляваньні (усе яны лічацца за адну сфэру): 636,5 рубля.
2,1% атрымліваюць менш за 300 рублёў, 2% — звыш 3000
Па стане на лістапад 2019 году налічаныя заробкі ў Беларусі, калі верыць Белстату, разьмяркоўваліся так:
- да 300 рублёў — 2,1% працаўнікоў;
- 300–400 — 7,0%
- 400–500 — 8,6%;
- 500–600 — 9,4%;
- 600–800 — 18,6%;
- 800–1000 — 16,8%;
- 1000–1500 — 23,7%;
- 1500–2000 — 7,9%;
- 2000–3000 — 3,9%;
- 3000–5000 — 1,3%;
- 5000–7000 — 0,4%;
- 7000–10000 — 0,2%;
- звыш 10000 — 0,1%.
Рэальныя даходы вырасьлі на 6,3% за год, — Белстат
Паводле афіцыйнай статыстыкі, за студзень-лістапад 2019 году рэальныя наяўныя грашовыя даходы вырасьлі на 6,3% да даходаў за той жа пэрыяд 2018 году. Гэтыя даходы — скарэктаваныя на інфляцыю і ўжо за выняткам падаткаў і збораў. У іх заробкі з працы складаюць толькі 64,1%, пэнсіі, стыпэндыі і іншыя выплаты насельніцтву — 23,4%.