Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тры дзесяцігодзьдзі «Аль-Кудс». Гісторыя іранскіх спэцпадразьдзяленьняў і тэрору


Касэм Сулеймані 16 верасьня 2015 году на сустрэчы спэцпадрязьдзяленьня «Аль-Кудс» зь вярхоўным лідэрам Алі Хамэнэі
Касэм Сулеймані 16 верасьня 2015 году на сустрэчы спэцпадрязьдзяленьня «Аль-Кудс» зь вярхоўным лідэрам Алі Хамэнэі

«Місія падразьдзяленьня застанецца такой самай, што і пры жыцьці пакутніка Сулеймані», — сказаў вярхоўны лідэр Ірану аятала Алі Хамэнэі і распарадзіўся прызначыць кіраўніком элітнага падразьдзяленьня Корпусу вартавых ісламскай рэвалюцыі «Аль-Кудс» выведніка Эсмаіла Гаані замест забітага Касэма Сулеймані.

Журналіст іранскай рэдакцыі Радыё Свабода Мурад Вэйсі расказвае гісторыю сіл «Аль-Кудс», тлумачыць, як яны арганізаваныя і чым яны займаліся на Блізкім Усходзе і ў Афрыцы.

Становішча «Аль-Кудс» у арміі

Назва «Аль-Кудс» перакладаецца з фарсі як «Ерусалім». Гэта адно з васьмі падразьдзяленьняў Корпусу вартавых ісламскай рэвалюцыі (КВІР), якое наўпрост падпарадкоўваецца вярхоўнаму лідэру Ірану. Акрамя сіл «Аль-Кудс» у склад КВІР уваходзяць:

Сухапутныя войскі — узначальвае Мухамад Пакпур;
Ваенна-паветраныя сілы — узначальвае Амір Алі Хаджызадэ;
Ваенна-марскі флёт — узначальвае Алірэза Тангсіры;
Добраахвотніцкая міліцыя «Басідж» — узначальвае Гулямрэза Сулеймані;
Выведка — узначальвае Хасэйн Таіб;
Контрвыведка — узначальвае Сардар Мухамад Казэмі;
Бясьпека — узначальвае Алі Насіры.

Усімі васьмі падразьдзяленьнямі кіруе вярхоўны галоўнакамандуючы генэрал-маёр Хасэйн Саламі і яго намесьнік Алі Фадаві. Адначасова ў гэтай структуры сілы «Аль-Кудс» маюць асаблівы статус і часьцяком працуюць як паралельнае падразьдзяленьне, якое падпарадкоўваецца вярхоўнаму лідэру наўпрост.

Канкурэнцыя спэцслужбаў

У Іране сілы «Аль-Кудс» называюць «афшорным» падразьдзяленьнем КВІР. Яны былі створаныя ў 1983 годзе — неўзабаве пасьля Ісламскай рэвалюцыі, у разгар ірана-ірацкай вайны 1980-х гадоў. Афіцыйна існаваньне гэтага падразьдзяленьня не прызнавалася да пачатку грамадзянскай вайны ў Сырыі ў 2011 годзе. Менавіта актыўная падтрымка рэжыму прэзыдэнта Сырыі Башара Асада вывела зь ценю сілы «Аль-Кудс» і іх камандзіра — Касэма Сулеймані.

Функцыі, якія сёньня выконваюць сілы «Аль-Кудс», да ісламскай рэвалюцыі 1979 году былі разьмеркаваныя паміж некалькімі ведамствамі. Адным зь першых крокаў новага ісламскага ўраду было рашэньне засяродзіць усе гэтыя паўнамоцтвы ў адным ведамстве — КВІР. Яго ўзначаліў Мухамад Мантазэры, які ў 1970-х гадах, будучы ў выгнаньні, кіраваў іранскімі паўстанцамі і меў цесныя сувязі з палестынскімі ваенізаванымі групоўкамі і кіраўніком Лібіі Муамарам Кадафі.

Пасьля сьмерці Мантазэры ў 1981 годзе вайсковымі апэрацыямі за мяжой нядоўгі час кіраваў будучы вярхоўны лідэр Ірана Алі Хамэнэі, у той час ён займаў пасаду прэзыдэнта краіны.

Ужо падчас ірана-ірацкай вайны (1982–1989) новы кіраўнік КВІР Махсэн Рэзаі падкрэсьліваў важнасьць сувязяў Ірану з групоўкамі за мяжой і асабліва вылучаў аддзел па замежных апэрацыях КВІР. Падразьдзяленьне ўзмацняла свае апэрацыі за мяжой у барацьбе за палітычны ўплыў ўнутры сыстэмы — у 1983 годзе ўлады стварылі Міністэрства інфармацыі і нацыянальнай бясьпекі.

Вышэйшае кіраўніцтва прыняло рашэньне аддаць міністэрству паўнамоцтвы на вядзеньне апэрацый супраць апанэнтаў рэжыму за мяжой, у тым ліку і іх забойства. За КВІР замацаваўся абавязак вядзеньня вайсковых кампаній за мяжой, у тым ліку падтрымка неіранскіх вайсковых фармаваньняў. Пазьней некалькі падгруп КВІР аб’ядналі ў сілы «Аль-Кудс» і перадалі гэтыя паўнамоцтвы ім, хоць афіцыйна стварэньне спэцыяльнага ведамства ў той час не пацьвярджалася.

Лагеры для Іраку

У той час Хамэнэі разам з будучым кіраўніком судовай улады Ірану, іракійцам па паходжаньні Махмудам Хашэмі Шахрудзі, адкрывалі трэніровачныя лягеры для апазыцыйных груповак з Іраку. У рамках гэтай праграмы падчас ірана-ірацкай вайны ў Іране яны стварылі палітычную партыю ў выгнаньні — Вышэйшую ісламскую раду Іраку (ВІРІ), яе кіраўніком стаў сам Шахрудзі. Партыя па сутнасьці была палітычным парасонам для двух шыіцкіх ваенізаваных груповак, якія ваявалі супраць ураду Садама Хусэйна.

Тагачасны кіраўнік КВІР Махсэн Рэзаі прыняў рашэньне заснаваць так званыя «Брыгады Бадра» — шыіцкае апалчэньне на базе ВІРІ, пераважна складаецца з іранцаў. Рэзаі амаль адразу паспрабаваў вывесьці «Брыгады Бадра» з-пад уплыву ВІРІ, што выклікала незадаволенасьць сярод ірацкіх лідэраў ўнутры арганізацыі. У шэрагах «Брыгад» ваяваў і будучы кіраўнік іншага праіранскага паўвайсковага фармаваньня Абу Махдзі аль-Мухандзіс, які загінуў у час абстрэлу разам з Касэмам Сулеймані ў студзені 2020-га.

Абу Махдзі аль-Мухандзіс (у цэнтры), 2016 год
Абу Махдзі аль-Мухандзіс (у цэнтры), 2016 год

У пачатку 1980-х Мухандзіс зьбег з Іраку ў Кувэйт, дзе разам з Імадам Мугніем (заснавальнікам лібанскай «Арганізацыі ісламскага джыхаду» і кіраўніком выведкі ў «Хэзбале»; амэрыканскія спэцслужбы называлі яго адным з 25 галоўных тэрарыстаў у сьвеце, а ў Іране — «легендай сучаснасьці») ладзіў тэракты супраць амэрыканскіх і эўрапейскіх аб’ектаў у краіне. Пазьней Мухандзіс трапіў у Іран і ўрэшце ўзначаліў «Брыгады Бадра», а пасьля вяртаньня ў Ірак у 2000-х — іншую праіранскую групоўку, Сілы народнай мабілізацыі.

Сярод галоўных асобаў «Брыгад» быў і Хадзі аль-Амэр. Пасьля скіданьня Садама Хусэйна ў 2003 годзе апалчэньне рэфармавалася ў палітычную партыю і часткова ўвайшло ў склад Міністэрства ўнутраных спраў Іраку. Сёньня Хадзі аль-Амэр узначальвае палітычнае крыло «Брыгад» — Арганізацыю Бадра. Іншы былы камандзір «Брыгад» Баян Ябр Салаг у пэрыяд з 2005 па 2016 год знаходзіўся на пасадах міністра транспарту, фінансаў і ўнутраных справаў Іраку. Арганізацыя ўваходзіць у склад Сіл народнай мабілізацыі.

На Лібан

У 1980-я істотная частка апэрацый КВІР, а потым і «Аль-Кудс» праводзілася і ў Лібане, паблізу ізраільскай мяжы. Апэрацыямі кіраваў Хусэйн Дэхгхан — будучы міністар абароны Ірану. Менавіта пад яго кіраўніцтвам у спэцыяльных лягерах трэніраваліся Хасан Насрала (цяперашні лідэр ліванскай «Хэзбалы») і вышэйзгаданы Імад Мугнія.

Цесныя сувязі зь лібанскай «Хэзбалой» падтрымлівалі Фэрэйдун Вэрдзі Нэджад (у 2000-х ён стаў амбасадарам Ірану ў Кітаі, а пазьней узначаліў дзяржаўнае агенцтва IRNA) і Ахмад Вахідзі (афіцэр КВІР і першы кіраўнік сіл «Кудс» пасьля іх стварэньня).

Вахідзі і Нэджад узначальвалі перамовы з ЗША падчас спэцаперацыі «Іран-Контрас» у канцы 1980-х. Тады амэрыканскія спэцслужбы ў абыход эмбарга пастаўлялі Ірану зброю, а атрыманыя ад продажу грошы адпраўлялі на падтрымку паўстанцаў «Контрас» у Нікарагуі ў абыход забароны на фінансаваньне гэтай групоўкі.

На мяжы XXI стагодзьдзя

З пачаткам 2010-х сілы «Аль-Кудс» актыўна працавалі над выбудоўваньнем сеткі дружалюбных паўстанцкіх груповак на Блізкім Усходзе:

  • Лічыцца, што «Хэзбала» ў Лібане змагла дамагчыся ўплыву ва ўрадзе краіны і ў органах бясьпекі дзякуючы Ірану.
  • У Сырыі пад кіраўніцтвам «Аль-Кудс» ствараліся паўстанцкія атрады, якія ўдзельнічалі ў баях на баку асадаўскіх і расейскіх войскаў.
  • У Іраку зь сіламі «Аль-Кудс» зьвязваюць шыіцкую групоўку Сілы народнай мабілізацыі (таксама вядомыя як «Хашд аш-Шаабі»), разам з ірацкім урадам яны змагаліся супраць «Ісламскай дзяржавы», прасоўваюць інтарэсы Ірана на дзяржаўным узроўні і спрабуюць выбудаваць дружалюбныя адносіны з іракскімі курдамі.
  • У Емэне сілы «Аль-Кудс» актыўна падтрымліваюць паўстанцаў-хусітаў, якія змагаюцца супраць кааліцыі Саудаўскай Арабіі і ЗША.
  • У Аўганістане «Аль-Кудс» таксама падтрымлівалі розныя напаўвайсковыя групоўкі, якія спрабавалі паўплываць на палітыку краіны. Іран таксама дзякуючы афіцыйным пагадненьня з урадам Аўганістану накіроўваў туды сваіх вайсковых дарадцаў.
  • У палестынскім сэктары Газы Іран падтрымлівае ўрад ХАМАС.

Большая частка гэтых груповак, уключаючы сам КВІР, знаходзіцца ў сьпісе міжнародных тэрарыстычных арганізацый ЗША, ААН і краінаў Захаду.

Станаўленьне Сулеймані

Адзін з улюбёнцаў Хамэнэі, як яго доўгі час называлі ў вайсковых колах, Касэм Сулеймані зьмяніў Вахідзі на пасадзе кіраўніка сіл «Аль-Кудс» у 1997 годзе.

Дэманстрацыя ў Емэне ў памяць пра забітага генерала Сулеймані
Дэманстрацыя ў Емэне ў памяць пра забітага генерала Сулеймані

Зь яго прыходам ведамства стала адным з самых уплывовых у Іране і за яго межамі, а сам Сулеймані ператварыўся ў важную палітычную фігуру. Пад яго кіраўніцтвам сілы «Аль-Кудс» падзяліліся на падведамствы, кожнае зь якіх адказвала за апэрацыі ў асобных краінах. Кожным аддзелам кіраваў адмысловы чалавек, ён жа даваў справаздачу толькі перад Сулеймані.

Акрамя рэгіянальных падразьдзяленьняў, у «Аль-Кудс» існуюць яшчэ пяць аддзелаў, якія адказваюць за выведку, фінансы, палітыку, сабатаж і спэцапэрацыі. Уся ўнутраная камунікацыя кантралявалася Радай правадыроў, якім таксама кіраваў Сулеймані.

І ён сам, і іншыя афіцэры сіл «Аль-Кудс» пераважна заставаліся ў цені — да пачатку грамадзянскай вайны ў Сірыі ў 2011 годзе. Сярод іранскіх экспэртаў па бясьпецы лічыцца, што менавіта Сулеймані пераканаў вярхоўнага лідэра Алі Хамэнэі ўступіць у канфлікт на баку прэзыдэнта Башара Асада. Сулеймані быў упэўнены, што вайна дасьць Ірану стратэгічную перавагу ў рэгіёне.

Неўзабаве тысячы вайскоўцаў «Аль-Кудс» і добра натрэніраваных гадамі канфлікту баевікоў з Іраку адправіліся ў Сырыю ваяваць з апанэнтамі Асада. Адначасова пад непасрэдным кіраўніцтвам Сулеймані спэцыялісты сіл «Аль-Кудс»» пачалі падрыхтоўку прадстаўнікоў шыіцкай меншасьці з Аўганістану і Пакістану — таксама для адпраўкі ў Сырыю.

Пераемнік

На месца забітага Сулеймані быў прызначаны яго 62-гадовы намесьнік Эсмаіл Гаані. Вярхоўны лідэр Ірану Алі Хамэнэі назваў яго «адным з самых выбітных камандзіраў Корпусу вартавых ісламскай рэвалюцыі».

Эсмаіл Гаані
Эсмаіл Гаані

Гаані нарадзіўся на паўночным захадзе Ірану, у другім найбуйнейшым горадзе ў краіне — Мэшхэдзе. Лічыцца, што гэта адзін з самых кансэрватыўных рэгіёнаў Ірану.

Падчас ірана-ірацкай вайны Гаані камандаваў дзьвюма брыгадамі, адну зь якіх пазьней пашырылі да дывізіёну. Ён таксама служыў у сілах «Аль-Кудс» з моманту іх заснаваньня. У апошнія 20 гадоў працаваў у аддзеле выведкі і быў намесьнікам Сулеймані.

З 2012 году Гаан знаходзіцца ў чорным сьпісе спэцслужбаў ЗША. ЗША абвінавачваюць яго ў фінансаваньні і пастаўках зброі для лібанскай «Хэзбалы» і некалькіх груповак на Блізкім Усходзе і ў Афрыцы.

Паводле справаздачы экспэртнай групы ААН пры Радзе Бясьпекі, Гаані курыраваў пастаўкі зброі ў Гамбію ў 2010 годзе ў абыход эмбарга. Тады ўлады Нігерыі перахапілі партыю зброі, якая была замаскаваная пад будаўнічыя матэрыялы. У выніку ціску з боку міжнароднай супольнасьці Гамбія разарвала афіцыйныя адносіны з Іранам і выслала ўсіх дыпляматаў з краіны.

Арыгінал артыкулу быў апублікаваны тут.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG