Аўтамабіль, у багажніку якога ён вывез дзяўчыну за горад, канфіскавалі. Самога хлопца асудзілі на 11 гадоў калёніі.
Злачынства адбылося 30 верасьня 2019 году. 29-гадовы Яўген К. скраў сваю былую дзяўчыну раніцай каля будынка тэхналягічнага ўнівэрсытэту. Ён запхнуў дзяўчыну ў багажнік аўтамабіля і зьвёз у невядомым кірунку. Пра здарэньне ў сацыяльных сетках напісалі відавочцы, міліцыя пачала пошукі згодна з плянам «Перахоп». У выніку злачынцу з дапамогай выпадковых сьведак затрымалі ў вёсцы Бусьні́ ў Жабінкаўскім раёне.
Суд у гэтай справе пачаўся ў Берасьці 4 студзеня. Мужчыну судзілі адразу паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу:
- наўмыснае прычыненьне цяжкога цялеснага пашкоджаньня (абвінавачаны ўдарыў пацярпелую бітай па галаве);
- выкраданьне з прымяненьнем гвалту;
- прымяненьне гвалту ў дачыненьні да асобы, якая выконвае грамадзянскі абавязак (падчас затрыманьня відавочцамі абвінавачаны спрабаваў пераехаць іх аўтамабілем).
Згодна з матэрыяламі справы, абвінавачаны ў момант злачынства быў цьвярозы. Пацярпелая ў першы дзень суду расказала, што доўгі час сустракалася з абвінавачаным і ягоны ўчынак можа патлумачыць тым, што такім чынам Яўген «хацеў яе вярнуць». Віну абвінавачаны прызнаў, аднак паказаньні на судзе ў першы дзень працэсу даваць адмовіўся.
У выніку судзьдзя прызнала віну абвінавачанага цалкам даказанай і прысудзіла яму 11 гадоў пазбаўленьня волі з адбываньнем пакараньня ў калёніі ўзмоцненага рэжыму. Акрамя гэтага, асуджаны абавязаны выплаціць штраф памерам 4050 рублёў. Ягоны аўтамабіль канфіскаваны як сродак злачынства.
«Прабачце, што пайшоў ня той дарогай», — сказаў пасьля вынясеньня прысуду Яўген К. Ён таксама папрасіў прабачэньня ў пацярпелай.