Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былога дырэктара прадпрыемства «Мілкавіта» асудзілі за хабар на 5 гадоў калёніі


Сяргей Мельнікаў (зьлева) і Сяргей Бабарыка
Сяргей Мельнікаў (зьлева) і Сяргей Бабарыка

13 студзеня суд Чыгуначнага раёну Гомля вынес рашэньне ў крымінальнай справе былога генэральнага дырэктара ААТ «Мілкавіта». За хабар у 7500 даляраў Сяргея Бабарыку пакаралі пазбаўленьнем волі на 5 гадоў.

Былы кіраўнік прадпрыемства малочнай вытворчасьці ад пачатку сьледзтва і на працягу суду цалкам прызнаваў сваю віну.

«Прашу прызначыць для мяне пакараньне, не зьвязанае з пазбаўленьнем волі. Гэта пляма на маёй біяграфіі, якую я буду змываць усё жыцьцё», — казаў у апошнім слове былы кіраўнік.

Прадстаўніка камэрцыйнай структуры Сяргея Мельнікава, які даваў хабар, асудзілі на тры з паловай гады калёніі ўзмоцненага рэжыму.

Сяргей Бабарыка (справа) і Сяргей Мельнікаў
Сяргей Бабарыка (справа) і Сяргей Мельнікаў
Сяргея Бабарыку канваір выводзіць з суду
Сяргея Бабарыку канваір выводзіць з суду

Хабар былы кіраўнік «Мілкавіты» браў ад прадстаўнікоў камэрцыйных структур — СТАА «КормЖывСэрвіс» і «СтандартАгра». Яны пастаўлялі сельскім гаспадаркам вэтэрынарныя прэпараты. Гаспадаркі праз сваю беднасьць не маглі своечасова заплаціць. Тады прадпрымальнікі зьвярталіся па «дапамогу» да кіраўнікоў буйных прадпрыемстваў. Сяргей Бабарыка пагадзіўся дапамагчы прадпрымальнікам, за што і атрымаў хабар.

Камэрсанты зь фірмаў «КормЖывСэрвіс» і «СтандартАгра» не ўпершыню зьяўляюцца фігурантамі карупцыйных крымінальных спраў. За «плённае супрацоўніцтва» зь імі ўжо трапіў за краты дырэктар агракамбінату «Паўднёвы». Ён атрымаў 1200 даляраў ад камэрсантаў «за спрыяньне ў закупцы вэтэрынарных прэпаратаў, а таксама своечасовы разьлік». Былога кіраўніка сельскагаспадарчага прадпрыемства пазбавілі волі на 4 гады.

Публікацыя падрыхтавана пры выкарыстаньні інфармацыі БелаПАН.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG