Менскі гарадзкі суд 13 студзеня асудзіў на 23 гады зьняволеньня 45-гадовага Сяргея Дзёўкша, прызнаўшы яго вінаватым у замаху на забойства міліцыянта Ўладзімера Баслыка ў 2001 годзе.
Па сукупнасьці ранейшых злачынстваў Дзёўкш, які ўжо адбывае пакараньне, асуджаны да пажыцьцёвага зьняволеньня ў калёніі ва ўмовах асобага рэжыму.
Усё адбылося ў 2001 годзе, калі на вуліцы нарад міліцыі паспрабаваў праверыць дакумэнты ў падазронага мінака, а той пачаў страляць з дробнакалібэрнага пісталета ды параніў міліцыянта, а сам уцёк.
Праз столькі гадоў знайшліся сьведкі, якія сьцьвярджалі ў судзе, што страляў менавіта Сяргей Дзёўкш. Сам ён віны не прызнаў. Пацярпелы Ўладзімер Баслык ня змог упэўнена апазнаць нападніка.
Суд пастанавіў, што замах на жыцьцё міліцыянта ўчыніў Сяргей Дзёўкш, і прысудзіў 23 гады. Пры гэтым Дзёўкш ужо адбывае пажыцьцёвае зьняволеньне.
У 2001-м Дзёўкш забіў міліцыянта
Для Сяргея Дзёўкша гэта ня першы суд. У 1990-х менчука судзілі за крадзяжы, а ў 2004 годзе ён атрымаў пажыцьцёвае зьняволеньне за забойства міліцыянта Ігара Кашкана, якое адбылося ў 2001 годзе. Зброю супраць міліцыянта забойца ўжыў на кватэры знаёмай, у якой хаваўся ад вышуку. Пасьля забойства злачынец здолеў уцячы за мяжу. У 2003 годзе Дзёўкша затрымалі ў Варшаве і ўрэшце выдалі ў Беларусь з умовай, што да яго ня будзе ўжыта сьмяротнае пакараньне.
Сяргей Дзёўкш дагэтуль не прызнае сябе вінаватым і ў забойстве міліцыянта Ігара Кашкана ды працягвае аспрэчваць той прысуд. У тым ліку асуджаны беларус абскардзіў у ААН ягонае затрыманьне ў Варшаве, але пакуль безвынікова.
Прысуд пакуль не набыў моц і можа быць абскарджаны ў Вярхоўным судзе. На абскарджаньне прысуду Менскага гарадзкога суду Сяргей Дзёўкш мае 10 дзён. Пасьля набыцьця сілы прысуд будзе азначаць немагчымасьць выйсьці на волю.