У Жабінкаўскім раёне затрымалі мужчыну, якога падазраюць у выкраданьні дзяўчыны.
Як паведамляе прэс-сакратар МУС Беларусі, хлопец зьвёз былую сяброўку ў багажніку аўтамабіля.
30 верасьня малады чалавек у двары жылога дома на вуліцы Маскоўскай Берасьця запіхнуў дзяўчыну ў багажнік аўтамабіля «Фольксваген Джэта» цёмна-сіняга колеру і зьехаў у невядомым кірунку.
На тэрыторыі Жабінкаўскага, Кобрынскага і Бярозаўскага раёнаў быў уведзены спэцыяльны плян «Перахоп».
Пазьней у міліцыю патэлефанавала дзяўчына, якая паведаміла, што знаходзіцца ў багажніку аўтамабіля, якім кіруе яе былы хлопец. Куды рухаецца аўтамабіль, яна ня ведае, але паведаміла зьвесткі пра кіроўцу.
У вёсцы Бусьні́ Жабінкаўскага раёну міліцыянты знайшлі аўтамабіль, а пазьней 29-гадовага хлопца, жыхара Кобрынскага раёну, і 21-гадовую дзяўчыну зь Берасьця, работніцу адной з банкаўскіх устаноў.
Дзяўчына расказала, як малады чалавек выцягнуў яе з багажніка за прыпыначны пункт аўтатранспарту і некалькі разоў выцяў бітай па галаве.
Цяпер хлопца затрымалі, сьледчымі будзе дадзена прававая ацэнка ягоным дзеяньням, паведамляе прэс-служба МУС.
Дзяўчыну шпіталізавалі з траўмай галавы.
Паводле відавочцаў, аўтамабіль некалькі разоў спыняўся: у пачатку вёскі мужчына выкінуў мабільныя тэлефоны, потым яшчэ раз спыніўся, паведамляе virtualbrest.by. Дзяўчына вырвалася і пачала ўцякаць, кіроўца дагнаў яе і некалькі разоў ударыў бітай па галаве. Але тут падбеглі мясцовыя жыхары, якія абаранілі пацярпелую і выклікалі міліцыю. У аўтамабілі было багата пустых пляшак ад алькагольных напояў.