Нелегальны прыток мігрантаў у краіны Эўразьвязу зьнізіўся да ўзроўню 2013 году. Пра гэта са спасылкай на агенцтва ЭЗ па бясьпецы зьнешніх межаў піша The Guardian.
За 2019 год у Эўразьвяз незаконна трапілі каля 140 тысяч мігрантаў. Гэта на 6 адсоткаў менш, чым годам раней, і амаль удвая менш, чым у 2015 годзе, на які прыпала вяршыня эўрапейскага міграцыйнага крызысу.
Памяншэньне патоку мігрантаў адбылося на двух з трох маршрутаў у Міжземным моры. Пры гэтым на трэцім маршруце — у Грэцыю — колькасьць уцекачоў, наадварот, узрасла. За апошні год у краіну прыбылі больш за 80 тысяч мігрантаў, што ўдвая больш, чым годам раней.
Больш за чвэрць усіх мігрантаў, якія прыбываюць у Эўропу без неабходных дакумэнтаў — грамадзяне Аўганістану.
Паток бежанцаў істотна зьнізіўся з 2016 году, калі краіны ЭЗ заключылі пагадненьне з Турэччынай аб прыёме мігрантаў.
Краіны Эўразьвязу дамовіліся, што ў 2020 годзе прымуць больш за 30 тысяч уцекачоў.