Крамы бязмытнага гандлю duty free на ўезьдзе ў Беларусь адкрыюць у пунктах пропуску «Катлоўка» (на мяжы з Літвой), «Новая Рудня» і «Макраны» (з Украінай), «Казловічы» (з Польшчай).
Яны будуць разьмешчаныя да зоны мытнага кантролю, паведамляе Дзяржаўны мытны камітэт. Такім чынам, на тавары, набытыя ў такіх крамах, таксама будуць распаўсюджвацца нормы ўвозу тавараў фізычнымі асобамі для асабістага карыстаньня.
На тыдні Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ № 476, якім уносяцца зьмены ў функцыянаваньне крамаў бязмытнага гандлю. Паводле яго, у адным аўтадарожным пункце пропуску на ўезьдзе ў Беларусь можа быць толькі адна крама duty free.
Указ № 476 прадугледжвае камплекатаваньне крамаў duty free касавым абсталяваннем, якое будзе блякаваць продаж алькагольнай і тытунёвай прадукцыі звыш устаноўленых нормаў іх бязмытнага ўвозу фізычнымі асобамі. Іншымі словамі, у краме бязмытнага гандлю нельга набыць звыш 3 літраў алкаголю і 200 штук цыгарэт, растлумачылі ў Дзяржаўным мытным камітэце.
У Беларусі ўжо працуюць крамы duty free на ўезьдзе. Яны знаходзяцца ў нацыянальным аэрапорце Менск і ў пункце пропуску «Бераставіца» на мяжы з Польшчай. Такім чынам агульная колькасьць крамаў duty free дасягне пяці.
Праект указа аб крамах бязмытнага гандлю абмяркоўваўся 24 верасьня на нарадзе ў кіраўніка дзяржавы.
«Мы заканадаўча вызначылі асноўныя патрабаваньні да гэтых крамаў і разьвіваем гэты від дзейнасьці», — сказаў Лукашэнка.
З 2014 года колькасьць такіх крамаў у краіне павялічылася ў тры разы. Каля 70 аб’ектаў працуе ў Беларусі на гэты момант. Тры зь іх адкрытыя ня толькі для тых, хто выяжджае, але і хто прыяжджае. Падпісаны ўказ аб бязмытным гандлі на бартах «Белавія».