За студзень-кастрычнік 2019 году Беларусь экспартавала 8,79 млн тон нафтапрадуктаў, што на 14,5% менш у параўнаньні з аналягічным пэрыядам мінулага году, спасылаецца на афіцыйныя дадзеныя БелаПАН. Такім чынам, экспарт нафтапрадуктаў скараціўся амаль на 1,5 млн тон.
У грашовым выражэньні экспарт нафтапрадуктаў склаў 4,44 млрд даляраў, і гэта амаль на 20% менш у параўнаньні з такім жа пэрыядам летась.
Віцэ-прэм’ер Беларусі Ігар Ляшэнка раней прагназаваў, што ў 2019 годзе экспарт беларускіх нафтапрадуктаў зьнізіцца. Гэта зьвязана з тым, што ад 1 лістапада 2018 году Расея абмежавала пастаўкі нафтапрадуктаў у Беларусь. Такі крок Масква матывавала стратамі расейскага бюджэту ў сувязі з магчымым рээкспартам нафтапрадуктаў з тэрыторыі Беларусі.
Увосень 2018 году віцэ-прэм’еры Беларусі і Расеі падпісалі пратакол аб унясеньні зьменаў у міжурадавае пагадненьне аб мерах па ўрэгуляваньні гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва ў галіне экспарту нафты і нафтапрадуктаў. Пратакол прадугледжвае, што Беларусь можа імпартаваць з Расеі толькі тыя нафтапрадукты, якія не вырабляюцца ў краіне.