Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Наступныя год-паўтара — зручны момант для Расеі, каб зьмяніць уладу ў Беларусі, — Царык


Кіраўнікі Расеі і Беларусі Ўладзімір Пуцін і Аляксандар Лукашэнка падчас саміту Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва ў Душанбэ, 14.06.2019
Кіраўнікі Расеі і Беларусі Ўладзімір Пуцін і Аляксандар Лукашэнка падчас саміту Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва ў Душанбэ, 14.06.2019

Намесьнік дырэктара Цэнтру стратэгічных і замежнапалітычных дасьледаваньняў Юры Царык адказвае на пытаньне, чаму Менск ня здолеў адразу адхіліць «ультыматум Мядзьведзева», тлумачыць, як Масква можа выклікаць дэстабілізацыю абставінаў унутры Беларусі эканамічным чынам, і разважае, ці можа Захад спыніць экспансію Расеі ў рэгіёне.

Сьцісла

  • Пасьля ўльтыматуму Мядзьведзева была «гульня з нулявой сумай» для Беларусі
  • Расеі патрэбны аднабаковы кантроль над тэрыторыяй Беларусі
  • Фактычна сёньня процістаяць Расеі ў рэгіёне мала хто можа
  • Ці здолеюць санкцыі спыніць Расею, калі тая пойдзе ва-банк — гэта вялікае пытаньне.

— Як бы вы ацанілі хаду беларуска-расейских перамоваў? Ці ня стала для вас пэўнай нечаканасьцію такая агрэсіўная перамоўная тактыка Масквы, выстаўленьне ўльтыматумаў? Якім можа быць адказ беларускага кіраўніцтва?

— Шчыра кажучы, хада перамоваў апошнія месяц-паўтара нічога новага для мяне не прынесла. Бо сытуацыя разьвіваецца ў тым рэчышчы, у якое ўвайшла раней. Сама прапанова Мядзьведзева ў канцы 2018 году наконт «паглыбленьня інтэграцыі» ўяўляла сабою фактычна ўльтыматум. Яна ўтрымлівала тыя складнікі, якія цяпер прагаворваюцца больш публічна.

Юры Царык
Юры Царык

Расея забірае ў Беларусі доступ да так званай «інтэграцыйнай рэнты» (таньнейшыя газ і нафта, магчымасьць зарабляць на рээкспарце расейскай нафты, а таксама часткова гарантаваны доступ беларускай прадукцыі на расейскі рынак) — а потым гатовая вяртаць гэтыя сродкі часткова ці цалкам толькі ў абмен на інтэграцыю, у тым ліку палітычную. Сытуацыя не зьмянілася, але стаўкі падвышаюцца, бо надыходзяць дэдлайны, дамоўленыя тэрміны.

— Чаму Менск увесь год ішоў у рэчышчы такога парадку дня? Няўжо спадзяваліся, што гэты ўльтыматум — пустыя словы? Ці думалі, што зноў удасца забалбатаць, зьмяніць на свае падыходы? Мо варта было адразу тады, год назад, адказаць — «прабачце, дарагія саюзьнікі, давайце сябраваць, але на такія прапановы мы ня пойдзем»?

— Можа, у пачатку і былі нейкія сумневы, што гэта ўсур’ёз. Але, хутчэй, сумневаў і не было — бо справа да гэтага ішла і ў папярэднія гады, перакрывалі доступ на расейскі рынак беларускім прадпрыемствам.

Менск паводзіў сабе так як паводзіў — каб наколькі мага выйграць час. Адразу адхіліць такі ўльтыматум азначала б пайсьці на рэзкае і хуткае абвастрэньне ў эканамічных адносінах з Расеяй, што выклікала б сур’ёзныя фінансавыя страты і пагрозу сацыяльна-палітычнай дэстабілізацыі. Уласна кажучы, пазыцыя Менску і цяпер такая — не адмаўляць ультыматум увогуле, а казаць, што аб 30 «картах» мы дамовіліся (31-я «карта» нам не патрэбная), а ў абмен на гэта мы пагаджаемся на страту кампэнсацыі падатковага манэўру.

Трэба разумець, што ад пачатку для Беларусі гэта была «гульня з адмоўнай сумай». То бок Беларусь пры ўсякім выніку нешта губляла. Пытаньне ў тым, якія варыянт быў горшым. На мой погляд, быў абраны ня самы горшы, ён нясе менш стратаў і дазваляе захаваць кантроль над сытуацыяй.

— Але нават тыя 30 узгодненых «картаў» хіба не абмяжоўваюць значна эканамічны сувэрэнітэт? І ламаюць тую самую эканамічную і сацыяльную беларускую мадэль, якую ўлады так доўга і ўпарта выбудоўвалі і якая радыкальна адрозьніваецца ад расейскай мадэлі?

— Добрае пытаньне. Бо мы ня ведаем, што там напісана, у гэтых «картах», — таму цяжка на гэта адказаць кваліфікавана. Зразумела, што частка гэтых «картаў» ніякае пагрозы не ўяўляе для сувэрэнітэту і беларускай эканамічнай мадэлі (якую, дарэчы, усё роўна трэба мяняць), а ў некаторых нешта ёсьць. Аб тых пытаньнях, дзе ёсьць канкрэтная пагроза сувэрэнітэту, у прыватнасьці аб падатках, бакі так і не дамовіліся 20 сьнежня, што яны адкрыта і прызналі.

Таму тут усё можа прыйсьці да кампрамісу, калі Беларусь падпісвае толькі тыя дакумэнты, якія не ўяўляюць пагрозу сувэрэнітэту, — у абмен на тое, што Менск скасоўвае патрабаваньні кампэнсаваць падатковы манэўр. Гэта найбольш імаверны варыянт. Іншы — канфліктны, калі Беларусь працягвае настойваць на кампенсацыі, а Масква працягвае настойваць на агульным падатковым кодэксе. Шчыра кажучы, я лічу, што Менск на такі сцэнар ня пойдзе.

— У тэлеграм-канале вашага Цэнтру нават адбылася невялікая дыскусія з аналітыкам Арцёмам Шрайбманам наконт таго, ці мае Расея сілы і магчымасьці зрынуць цяперашнюю ўладу ў Беларусі.

— На мой погляд, Расея магчымасьці мае, яны даволі шырокія, і мае матывацыю гэта зрабіць. Беларусь цяпер для Расеі — гэткая валізка бяз ручак. З гледзішча мэтаў і прыярытэтаў расейскай замежнай палітыкі і стратэгіі Расеі патрэбны аднабаковы кантроль над Беларусьсю без магчымасьці для беларускага боку блякаваць тыя ці іншыя дзеяньні Расеі. Плюс для Расеі зараз вельмі выгадны гістарычны момант, калі ў ЗША імпічмэнт, у Эўропе Брэксыт. У сутнасьці процістаяць Расеі ў рэгіёне мала хто можа, фактычна ніхто ня можа.

Таму наступныя год-паўтара— зручны момант для Расеі, каб вырашыць «беларускае пытаньне» шляхам зьмены ўлады. Прытым гэта ня можа быць адкрытая агрэсія, увод войскаў ды іншае. Гэта можа быць нейкі гібрыдны сцэнар, які пачынаецца з унутранай дэстабілізацыі.

Беларускія ўлады гэта цудоўна разумеюць, і мы гэта пачулі падчас прыняцьця новага абароннага кодэксу, дзе пытаньням унутранай дэстабілізацыі нададзена падвышаная ўвага.

Расея па заканчэньні гэтых перамоваў знаходзіцца ў выгаднейшым становішчы. Бо пакуль угода не падпісаная, Расея мае магчымасьць, спасылаючыся на непадпісаньне, далей абмяжоўваць доступ на расейскі рынак для беларускіх вытворцаў і рабіць іншыя крокі, якія будуць павялічваць фінансавыя страты для Беларусі. І ўзьнікае пытаньне, ці не прывядуць гэтыя страты да дэстабілізацыі абставінаў унутры Беларусі з эканамічных прычынаў. Я думаю, разьлік Крамля на гэта і робіцца. Каб працэс пачаўся нібыта знутры, а потым Расея ў яго можа «творча» ўмяшацца.

— Вы таксама вылучылі вэрсію, што зьнікненьне палітыкаў у Беларусі можа быць справай рук Расеі, нейкіх яе агентаў у сілавых структурах. Вэрсія даволі нечаканая, яна раней нідзе не гучала — ні ў афіцыйных расьледаваньнях, ні ў публікацыях незалежнай прэсы. Няма ніякіх фактаў, што асобы, якіх абвінавачваюць у датычнасьці да гэтых зьнікненьняў, могуць быць нейкімі расейскімі агентамі.

— Шчыра кажучы, гэтую вэрсію мы апублікавалі ў парадку дыскусіі, з улікам спасылкі на малдаўскае выданьне, у якім абмяркоўвалася роля расейскіх спэцслужбаў у функцыянаваньні «эскадронаў сьмерці» ў некаторых постсавецкіх краінах. Нам тут меркаваць складана, ніякіх канкрэтных доказаў у нас няма.

Але ў палітычным пляне зьнішчэньне палітычных апанэнтаў магло адпавядаць інтарэсам Расеі. Пагатоў іхнае зьнішчэньне ў такім выглядзе, які кідаў цень на кіраўніцтва Беларусі.

— Вы сказалі, што процістаяць Расеі ў рэгіёне мала хто можа, фактычна ніхто ня можа. Апошняя інфармацыя — у Менск у студзені прыяжджае Майк Пампэо, дзяржаўны сакратар ЗША. Гэта самая высокапастаўленая амэрыканская службовая асоба, якая наведае Беларусь пасьля візыту прэзыдэнта ЗША Біла Клінтана ў 1994 годзе. Што можа Захад, з улікам складаных адносінаў ЗША і Эўразьвязу зь Менскам, проціпаставіць націску Расеі?

— Зацікаўленасьць ЗША ў захаваньні сувэрэнітэту Беларусі ёсьць фактам. Усе сур’ёзныя адмыслоўцы ў пытаньнях нашага рэгіёну разумеюць, што незалежная Беларусь выступае чыньнікам стрымліваньня ў адносінах да расейскай экспансіі ў рэгіёне.

Іншая рэч, што канкрэтна ЗША могуць зрабіць. Адна частка пытаньня зьвязаная з разьвіцьцём эканомікі, стварэньнем альтэрнатывы ў пастаўках нафты для Беларусі, зьмякчэньнем пазыцыі Літвы наконт Беларускай АЭС.

Другі момант — што ЗША ды іхныя саюзьнікі могуць зрабіць у выпадку жорсткіх дзеяньняў Расеі. Мы чулі, як Лукашэнка ў размове зь Венядзіктавым сказаў, што калі Расея нешта тут паспрабуе зрабіць, то Захад і ЗША гэтага не стрываюць і дадуць адказ. Гэта правільна, але магчымасьці такога адказу будуць вельмі абмежаваныя і будуць зьвязаныя з пашырэньнем санкцыяў. Дагэтуль санкцыі да Расеі ня выявілі сваёй асаблівай эфэктыўнасьці, страты Расеі склалі ня больш за адзін працэнт ВУП і сур’ёзна паўплываць на замежную палітыку Расеі ня здолелі. У выпадку нейкіх дзеяньняў Расеі стасоўна Беларусі санкцыі могуць быць больш сур’ёзныя. Але ці здолеюць яны спыніць Расею, калі тая пойдзе ва-банк — вялікае пытаньне.

Таму, безумоўна, нашыя адносіны з ЗША і Кітаем — гэта чыньнік стрыманьня, які падвышае рызыкі якіх-хаця рэзкіх дзеяньняў для расейскага кіраўніцтва. Але першаснай застаецца ўнутраная сытуацыя, здольнасьць захаваць унутраную стабільнасьць, каб ня даць нагодаў Расеі для агрэсіўных і хуткіх дзеяньняў. Вядома, потым могуць увесьці санкцыі, але калі ўсё ўжо адбылося, то беларусам ня будзе ад гэтага лягчэй.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG